Расейцы прасоўваюцца ў Аўдзееўцы. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 712-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг у падтрымку абаронцаў «Азоўсталі», якія знаходзяцца ў расейскім палоне, пакуль штодзённае жыццё працягваецца ў цені вайны ў Кіеве, Украіна. 4 лютага 2024 года.
Фота: Ignacio Marin / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адсутнасць наступальных дзеянняў з боку праціўніка на купянскім кірунку.

Між тым самыя ЗСУ, паводле Міністэрства абароны РФ, цягам содняў правялі шэраг атак у ваколіцах сяла Сынькоўка. Сцвярджаецца, што лінія сутыкнення засталася нязменнай.

У гэты ж час прарасейскі вайсковы эксперт Барыс Рожын мяркуе, што Збройныя сілы Украіны плануюць неўзабаве адысці за правы бераг ракі Аскіл, пакінуўшы за сабой невялікі плацдарм ва ўсходняй частцы гораду Купянск.

Адзначаецца, што цяпер ідзе перакіданне на кірунак рэзерваў, якія і будуць выбудоўваць новую лінію абароны.

На суседнім ліманскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці.

Мінабароны РФ заяўляе пра паляпшэнне становішча па пярэднім краі, а таксама пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка.

Вайскоўцы ЗСУ пішуць, што войскі РФ таксама атакавалі каля Цернаў, але поспеху не дасягнулі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру каля населеных пунктаў Багданаўка і Клішчыеўка.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў удакладняе, што каля першага сяла УС РФ імкнуцца вярнуць ініцыятыву ў баях за мясцовыя вышыні.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што на поўдні кірунку, а таксама каля Іванаўскага (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту) сілы абароны Украіны ўпэўнена трымаюць абарону.

Пры гэтым у Мінабароны РФ адзначаюць заняцце сваімі вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў і пазіцыяў, але без удакладнення канкрэтных месцаў зменаў у лініі фронту.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Разам з тым па-ранейшаму найбольшая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў і, адпаведна, іхная ініцыятыва фіксуюцца ў ваколіцах Данецку.

Паводле украінскага камандавання, толькі цягам апошніх содняў на аўдзееўскім кірунку сілы абароны краіны адбілі не менш за 44 атакі праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое, Аўдзееўка, Танэнькае, Севернае, Первамайскае і Невельскае.

Між тым шэраг іншых крыніцаў фіксуюць поспехі войскаў РФ на кірунку.

Так, прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ прасунуліся на адлегласць да аднаго кіламетра на паўночным усходзе ад Аўдзееўкі, а таксама зайшлі на тэрыторыю самога гораду.

У гэты ж час на поўдні перадавыя атрады расейцаў прасунуліся на некалькі сотняў метраў уздоўж Спартыўнай і Саборнай вуліцаў.

Барыс Рожын удакладняе, што на паўночным участку пад кантролем УС РФ аказаліся тэрыторыі вакол мясцовага кар’еру.

Канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што таксама падчас прарыву была перарэзаная траса Н-20 на ўсходзе ад гораду.

Поспехі Узброеных сілаў РФ у паўночнай частцы Аўдзееўкі пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate. Акрамя гэтага, фіксуюцца прасоўванні ў сяле Первамайскае.

На мар’інскім кірунку актыўнасць УС РФ лакалізуецца ў ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Украінскі Генштаб піша пра 14 няўдалых атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Ваенкар Пегаў удакладняе, што штурм Новаміхайлаўкі ідзе з паўночнага і паўднёвага ўсходу. Пры гэтым адзначаецца, што ЗСУ ўдала абараняюцца, нягледзячы на паўатачэнне.

Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць, што асноўны ўдар расейцаў прыходзіцца менавіта на Новаміхайлаўку, пры гэтым вышэй па фронце ажыццяўляецца ціск, разлічаны на скоўванне рэзерваў украінцаў.

Адначасова з гэтым расейцы наносяць агнявыя ўдары па маршрутах забеспячэння і ратацыі ЗСУ, імкнучыся пагоршыць лагістыку.

Між тым украінскія вайскоўцы адзначаюць, што агулам ім удалося стабілізаваць сітуацыю на мар’інскім кірунку.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Украіны цягам содняў ішлі баі на тэрыторыі Запарожскай вобласці.

У заходняй частцы рэгіёну абодва бакі атакавалі побач з сялом Прыютнае, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

У цэнтры вобласці УС РФ наступалі з поўдня ад гораду Арэхаў каля сяла Работына.

Сямён Пегаў піша, што яны крыху прасунуліся на паўднёвым усходзе ад сяла. Разам з тым гэты ўчастак уяўляе з сябе адкрытую мясцовасць, таму замацавацца на новых пазіцыях будзе даволі складана.

Праўкраінскія крыніцы адмаўляюць поспехі расейцаў каля Работына.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Агляд
Расейцы ў Аўдзееўцы і Зяленскі ў Работыне. Што адбываецца ва Украіне?
2024.02.04 19:34

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў