«Нават не на каленях – войска ляжыць на зямлі». Эксперт пракаментаваў інфармацыю аб перакідванні вайсковай тэхнікі на Берасцейшчыне


«Намагаюцца адказаць хоць чымсьці, бо не могуць не адказаць», – гэтак пракаментаваў «Белсату» інфармацыю пра перамяшчэнні вайсковай тэхнікі на Берасцейшчыне палітолаг і спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак. На ягоную думку, цалкам верагодна, што лукашэнкаўскі рэжым рэагуе такім чынам на вучэнні NATO і папярэджанне аб актыўнасці вайсковай авіяцыі на ўсходняй мяжы Польшчы, абвешчанае гэтай краінай.

Беларускія вайскоўцы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Беларусь не можа не адказаць на падобныя дзеянні. Але з-за таго, што адказваць няма чым, намагаецца адказваць хоць чымсьці, у тым ліку такім вось перакідваннем войскаў. Варта заўважыць, што гэтае перамяшчэнне не адбываецца менавіта да памежнай тэрыторыі, дзе адбываюцца вучэнні NATO. Гэта, хутчэй, бліжэй да мяжы з Украінай. І гэта, у пэўнай ступені, будзе больш нерваваць Украіну, чым NATO», – мяркуе Аляксандр Казак.

Эксперт заўважае, што любое пасоўванне ці перасоўванне войскаў ва ўмовах вайны выклікаюць пэўную нервовасць, страх і занепакоенасць.

«Гэта нервуе нават тады, калі гэта не сфармаваная адзінка і не сфармаваная ўдарная група, якая нічога не зможа зрабіць, апрача таго, як проста загінуць у гэтых лясах», – заўважыў Казак.

Ацэньваючы інфармацыю выведкі Вялікай Брытаніі пра тое, што на тэрыторыі Беларусі застаецца менш за тысячу наймітаў групы Вагнэра, Аляксандр Казак заўважае, што аналітыкі кажуць пра тое самае ўжо паўгода.

«Галоўнае пытанне: куды яны падзеліся? Я і раней казаў, што вагнэраўцы трэнуюць зараз вайскоўцаў 38 Берасцейскай ДШБ (былая брыгада Валерыя Сахашчыка). Даходзіць таксама інфармацыя, што вагнэраўцы трэнуюць і снайпераў, і сапёраў трэнавалі», – пералічвае Аляксандр Казак.

На пытанне, навошта гэта патрэбна лукашэнкаўскаму рэжыму, палітолаг адказвае: неразумна было б не скарыстацца.

«Да гэтага была сітуацыя, што ўсе навокал крычалі, у якім кепскім стане знаходзіцца беларускае войска і што яно на каленях. А насамрэч, як высветлілася, яно не на каленях – яно ляжыць на зямлі. Не кажучы ўжо пра ўнутраныя войскі і спецслужбы, якія накіраваныя перадусім на запалохванне і знішчэнне насельніцтва.

Таму скарыстацца наймітамі Вагнэра быў апраўданы для рэжыму падыход. Яны, напэўна, спадзяюцца, што гэта прынясе ім бонусы. Час пакажа», – гаворыць спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

«Галоўнае для іх, каб гэтая сістэма не схлопнулася сама па сабе», – дадае эксперт.

Каментуючы нядаўняе інтэрв’ю памочніка міністра абароны Леаніда Касінскага, у якім ён кажа пра выключны баявы патэнцыял беларускага войска, Аляксандр Казак заўважае, што пра тое самае кажуць і генералы Паўночнай Карэі.

«Калі шчыра, то ўзровень беларускага войска мы можам ацаніць толькі ва ўмовах нейкіх сапраўдных баявых дзеянняў. На ўзроўні тэорыяў і прагнозаў беларускае войска не ў самым нізе, лічу, а недзе ў сярэдзіне. Але, зноў жа, у параўнанні з суседнімі краінамі Беларусь сваім вайсковым патэнцыялам прайграе», – гаворыць эксперт.

І гэты пройгрыш завязаны на тым, што амаль усё ў беларускай арміі базуецца на паталагічнай лукашэнкаўскай ідэалогіі, якая яго і руйнуе, падсумаваў Аляксандр Казак.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў