Віцебскі ГУБАЗіК супольна з АМАПам правёў аблаву ў Лепелі


У Лепелі ў Віцебскай вобласці ГУБАЗіК і АМАП правялі ператрусы і арышты, паведамляюць праваабаронцы. Сілавікі прыйшлі мінімум да 6 чалавек, у некаторых правялі ператрусы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  
Фота: Белсат

Пасля рэйду сілавікоў частку людзей даставілі ў мясцовы РАУС, дзе з імі правялі прафілактычныя гутаркі. Аднак некаторыя затрыманыя засталіся ў Лепельскім ІЧУ, на іх завялі адміністратыўныя справы.

Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых быў малады чалавек з інваліднасцю. Спачатку ён быў «на соднях», а пасля яго прыцягнулі да адказнасці – Лепельскі суд аштрафаваў яго на Br 720 быццам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Маці хлопца на суд не пусцілі, сказалі, што суд будзе на наступны дзень, але разгляд справы адбыўся ў той жа дзень.

Паводле родных аштрафаванага, малады чалавек ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў, не публікаваў і не лайкаў навінаў з так званых экстрэмісцкіх каналаў. А проста ў сваім сяброўскім асяродку выказваўся супраць вайны, якую Расея развязала ва Украіне і якую падтрымліваюць улады Беларусі.

Раней праваабаронцы паведамлялі аб аблаве ў Фаніпалі, падчас якой былі затрыманыя каля 20 чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў