Ірына Слаўнікава надалей за кратамі не губляе аптымізму


Журналістка Ірына Слаўнікава даслала ліст з-за кратаў, у якім распавядае пра побыт з суседкамі ў камеры. Журналістка піша, што мае планы на будучыню, а зняволенне ўспрымае як часовую неспадзяванку.

Журналістка Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Ірына Слаўнікава, якую затрымалі разам з мужам Аляксандрам Лойкам у Нацыянальным аэрапорце 30 кастрычніка летась, з’яўляецца падазраванай паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі журналістку палітзняволенай і патрабуюць адпусціць яе.

Ірына за кратамі не губляе аптымізму і ў лістах падтрымлівае сваіх знаёмых.

«Маю ў суседках па нумару вельмі разнастайных асобаў і па характару і па тэмпераменту. Але мы знайшлі свой баланс у зносінах, калі няма падставаў для канфліктаў. Пры тым што мы ў кантакце 24 на 7.

Нарэшце маю магчымасць шмат чытаць, калі мы сазнаемся сам насам з кнігаю. Раней пры чытанні думкі лёталі нібы спалоханыя птушкі і вочы бегалі па радках без асэнсавання напісанага.

Пастанавіла: адолець нейкі ўмоўны спіс і пайсці ўжо адсюль.

Спіс не вельмі працяглы.

Намагаюся ставіцца да ўсяго як да нейкай прыгоды. І пакуль няблага атрымліваецца.

Вы напісалі, што былі блізу кінатэатра «Мір». Эх, як я даўно не была ў кіно і ў кавярні. Але ўсё наперадзе.

Маю шмат планаў. А гэта неспадзяванка, якую трэба спакойна пражыць і толькі.

Перадавайце ўсім добрым людзям абдымкі і прывітанне! Не сумуйце там моцна і беражыце сябе! Усё будзе добра!

Абдымаю вас! З павагаю, Ірына»

Даслаць ліст журналістцы можна на адрас:

СІЗА №1, 220030, Менск, вул. Валадарскага, 2 Слаўнікава Ірына Аляксандраўна

Артыкулы
«Свята адзначылі ў файнай кампаніі»: Ірына Слаўнікава даслала ліст з-за кратаў
2022.01.14 21:21

МЛ belsat.eu

Стужка навінаў