У Беларусі змяніліся правілы для таварыстваў уласнікаў – усё пад кантролем выканкамаў


У Беларусі змяніліся правілы для таварыстваў уласнікаў. Цяпер выканкамы кантралююць, ці можа асоба займаць пасаду старшыні таварыства і як аб’яднанню выдаткоўваць бюджэт на капітальны рамонт. Новаўвядзенні зʼявіліся ў законе № 330-3 ад 29 снежня «Аб змяненні законаў у пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі».

Дамы № 11 і № 13 на вуліцы Алоўнікава ў жылым раёне Лошыца. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Таварыства ўласнікаў – гэта прыватная замена ЖЭСам. Аднак цяпер дзяржава бярэ пад большы кантроль абслугоўванне таварыстваў.

Паводле зменаў, адная асоба можа страшыняваць толькі ў адным таварыстве. Яшчэ старшыня мусіць атрымаць атэстацыю. А мясцовыя чыноўнікі могуць ануляваць яе, калі кіраўнік таварыства двойчы на год не выканаў патрабаванняў Жыллёвага кодэксу або саміх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Грошы за капітальны рамонт цяпер мусяць захоўвацца на спецыяльных рахунках мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Раней таварыствы маглі самі трымаць іх на рахунках у банках. Цяпер выкарыстоўваць грошы на капрамонт можна толькі са згоды мясцовых уладаў.

Працоўныя дамовы, падпісаныя са старшынямі да новаўвядзенняў, застаюцца дзейнымі цягам іх тэрміну. Калі дамова была бестэрміновая, то толькі паўгода.

Таксама законам прапісаны шэраг іншых зменаў. Частка з іх уваходзіць у сілу з моманту публікацыі, частка – паступова да канца 2024 года.

Аб’ектыў
«Дэпутаты» узяліся за таварыствы ўласнікаў жылля
2023.10.10 22:35

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў