Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 316-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія салдаты на бахмуцкім участку фронта.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Цягам апошніх содняў працягваліся баі ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што расейцы няўдала наступалі на купянскім і ліманскім кірунках, у прыватнасці, узгадваюцца іхныя атакі каля Стэльмахоўкі і Плашчанкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў згадвае атаку на Белагораўку. Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што ЗСУ выкарыстоўваюць тактыку начных нападаў на расейскія пазіцыі каля Куземаўкі, вымотваючы асабовы склад праціўніка. Адначасова з гэтым украінцы вядуць агонь з танкаў і артылерыі па апорных пунктах войскаў РФ.

На тэрыторыі Данецкай вобласці расейцы наступалі на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунку, а таксама трымалі актыўную абарону на навапаўлаўскім.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Салядар, Красная Гара, Выемка, Падгароднае, Бахмут, Курдзюмаўка, Маёрск, Паўночнае, Вадзяное, Краснагораўка, Мар’інка і Пабеда.

Аналіыткі праекту Deepstatemap фіксуюць поспехі войскаў РФ на паўднёвым захадзе ад Якаўлеўкі, у Бахмуцкім і ў ваколіцах Падгароднага. Таксама расейцы захапілі асобныя будынкі ў бахмуцкім лесе.

Цяпер войскі РФ працягваюць штурмаваць ваколіцы Кляшчееўкі з поўначы, ўсходу і поўдню, а таксама шукаюць слабыя месцы ў абароне Аўдзееўкі.

Сямён Пегаў паведамляе, што расейцы таксама атакавалі каля Новаміхайлаўскага і Дружбы, акрамя гэтага працягваюцца гарадскія баі ў Мар’інцы.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці расейцы вядуць актыўную абарону, а таксама наносяць удары з танкаў, мінамётаў і артылерыі па пазіцыях ЗСУ.

«Рыбарь» піша, што ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях украінскія войскі вядуць актыўную выведку пазіцыяў праціўніка ўздоўж левага берагу Дняпра. Таксама ЗСУ павялічылі актыўнасць ў ваколіцах Кірнбурнскай касы. Акрамя гэтага ўкраінскія войскі ўдарамі артылерыі і дронамі намагаюцца пазбавіць расейскую групоўку ў Херсонскай вобласці забеспячэння і баявога патэнцыялу. Аўтары тэлеграм-каналу мяркуюць, што неўдабаве ЗСУ высадзяць дэсант на Кінбурнскую касу, паколькі падобная тактыка выкарыстоўвалася перад наступамі на ізюмскім і крыварожскім кірунках.

Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулыя содні было знішчана каля 810 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 109 720 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў