«У нас няма часу чакаць». Лукашэнка запатрабаваў паскорыць будаўніцтва партоў у Расеі


Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб экспарце беларускіх тавараў і заявіў пра неабходнасць паскорыць будаўніцтва партоў у Расеі. Ён сказаў, што «ў нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца інфраструктура ў нейкім порце», перадае агенцтва БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэхнічная соль на «Беларуськаліі».
Фота: ТПК Вендор

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што праз санкцыі была парушаная лагістыка экспартных паставак. Асаблівыя надзеі ўлады маюць на парты ў Расеі. Лукашэнка заявіў, што развязаў з Уладзімірам Пуціным усе праблемы, абумоўленыя гэтым: ужо выкарыстоўваецца расейская інфраструктура і будуюцца беларускія парты.

«Сёе-тое мы ўжо пачалі грузіць. Трэба хутчэй будаваць гэтыя парты, даводзіць да вызначанага ўзроўню і гандляваць ужо праз уласныя парты. У нас няма часу чакаць, пакуль пабудуецца тая ці іншая інфраструктура ў нейкім порце. Гаворка ідзе сёння перш за ўсё аб паўночна-заходнім рэгіёне Расейскай Федэрацыі», сказаў палітык.

Ён прапанаваў «мяхамі грузіць» экспартную прадукцыю, пакуль трывае будаўніцтва беларускіх партоў.

«Я так вобразна часта кажу, пакуль будзем будаваць, мяхамі будзем грузіць. Натуральна, 12 мільёнаў тонаў і больш мяшкамі не загрузіш, але, тым не менш, гэта сведчыць аб тым, што мы ўжо сёння мусім літаральна на кожным свабодным квадратным метры расейскіх партоў грузіць свае тавары», заявіў Лукашэнка.

Напачатку 2022 года Літва перастала прымаць цягнікі з беларускім ўгнаеннем для порту ў Клайпедзе праз гэты тэрмінал ішоў амаль увесь экспарт «Беларуськалію», каля 10–11 мільёнаў тонаў на год. Яшчэ раней прыпыніўся экспарт праз Клайпеду беларускіх нафтапрадуктаў. У Менску вырашылі наладзіць пастаўкі праз расейскія парты.

Аналітыка
«Галоўнае захаваць рынак, а не падлічыць страты». Што будзе з кантрактамі «Беларуськалію»
2022.02.22 10:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў