Пад ціскам пратэстаў Іран скасоўвае паліцыю маральнасці і пераглядае правілы нашэння хіджабаў


Іран скасаваў падраздзяленні паліцыі маральнасці пасля больш як двух месяцаў пратэстаў, выкліканых арыштам Магсы Аміні за нібыта парушэнне строгага жаночага дрэс-коду краіны, паведамляе «Al-Arabiya» са спасылкаю на агенцтва ISNA.

Пратэсты ў Іране.
Фота: Darafsh / Wikipedia

«Паліцыя маральнасці не мае нічога агульнага з судоваю сістэмай» і мае быць скасаваная, заявіў генеральны пракурор Ірану Магамад Джафар Мантазэры ўвечары 3 снежня.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Між тым «The Guardian» піша таксама, што ўлады Ірану пастанавілі перагледзець закон, які патрабуе ад жанчын пакрываць галовы:

«І парламент, і судовыя органы працуюць [над пытаннем], ці патрэбныя змены ў законе», – заявіў ужо згаданы Мантазэры.

Пры гэтым невядома, што канкрэтна плануецца змяніць. Вынікі могуць быць «праз тыдзень – два».

Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі заявіў 3 снежня, што рэспубліканскія ды ісламскія асновы Ірану замацаваныя ў Канстытуцыі:

«Але ёсць метады выканання Канстытуцыі, якія могуць быць гнуткімі».

Падчас пратэстаў, якія пачаліся 16 верасня, у Іране забітыя прынамсі 448 пратэстоўцаў. Паведамляюць пра дзясяткі забітых і сярод сілавікоў. Арыштаваныя прынамсі 14 тысяч пратэстоўцаў, у тым ліку дзеці. Арышты трываюць.

Аналітыка
«Нічога не стрымлівае, каб прыхавана весці справы». Як санкцыі і зброя збліжаюць Беларусь і Іран
2022.11.23 08:35

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў