«50 гадзін без вады і святла». Як і навошта Расея знішчае энергетыку Украіны, і што з гэтым рабіць


Расейскія атакі па ўкраінскай інфраструктуры пашкодзілі ўсе буйныя электрастанцыі. Дэфіцыт у энергасістэме складае 30%, але праз тое, што частка энергіі выдаткоўваецца на падтрыманне працы сеткі і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, на патрэбы насельніцтва застаецца 50-60%.  Як функцыянуе ў такіх умовах энергетычная сістэма, як з адсутнасцю электрычнасці спраўляюцца людзі і якія ёсць варыянты адносна хуткага вырашэння праблемы, разбіраўся «Белсат». 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па падземным пераходзе падчас адключэння электраэнергіі на Майдане Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 10 лістапада 2022 года.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Прайграючы на фронце і трацячы захопленыя тэрыторыі, расейскія ўлады ў кастрычніку пачалі масавыя атакі на аб’екты ўкраінскай інфраструктуры, і не саромеючыся пра гэта кажуць. Так, сталы прадстаўнік РФ Васіль Нябензя на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН заявіў, што Расея і надалей будзе абстрэльваць Украіну, пакуль тая не зойме «рэалістычную пазіцыю» адносна перамоваў.

У РФ заяўляюць аб «мінімізацыі любых негатыўных наступстваў для цывільнага насельніцтва», але факты сведчаць пра адваротнае. У ААН патрабуюць ад Крамля неадкладна спыніць абстрэлы, нагадваючы аб адказнасці за парушэнне правілаў вайны і папярэджваючы аб магчымай катастрофе для мільёнаў украінцаў.

Hавiны
Расея ў ААН заявіла, што працягне абстрэльваць энергетычную інфраструктуру Украіны
2022.11.24 09:13

Што пацярпела

Кіраўнік «Укрэнерга» Уладзімір Кудрыцкі распавёў, што ракетнымі ўдарамі Расеі па энергетычных аб’ектах Украіны пашкоджаныя ўсе буйныя цепла- і гідраэлектрастанцыі. Часцей за ўсё іх цэллю станавіліся буйныя трансфарматарныя падстанцыі. Як сказаў кіраўнік найбуйнейшай энергетычнай кампаніі Украіны ДТЭК Максім Цімчанка яшчэ 19 кастрычніка, «б’юць па той інфраструктуры, якая дазваляе <…> выдаваць магутнасць».

«Сутнасць аб’яднанай энергасістэмы ў тым, што спажывец атрымлівае электраэнергію не толькі ад бліжэйшай электрастанцыі. Праблема, якую спрабуюць стварыць оркі –зрабіць немагчымай дастаўку электраэнергіі з адных рэгіёнаў у іншыя», – адзначыў Кудрыцкі, падкрэсліўшы, што «з кожнай новай атакай трымаць абмежаванне дэфіцыту ў планавых графіках становіцца больш складана».

Па стану на 11:00 30 лістапада ва Украіне вытворцы электраэнергіі забяспечвалі толькі 73% яе спажывання. У сувязі з гэтым у «Укрэнерга» вызначылі для ўсіх абласцей ліміты спажывання, перавышэнне якіх «прыводзіць да неабходнасці выкарыстання аварыйных адключэнняў, каб пазбегчы перагрузкі сетак і забеспечыць баланс у энергасістэме».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія салдаты стаяць ля ўваходу на Кахоўскую ГЭС, электрастанцыю на рацэ Днепр у Херсонскай вобласці, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Aptopix / AP Photo / East News

«Сітуацыя складаная, ёсць дэфіцыт электраэнергіі. Але нават пры дэфіцыце ў энергасістэме 30%, выдатках сеткі і першачарговым забеспячэнні крытычнай інфраструктуры ў кожнай вобласці застаецца 50-60% на пакрыццё патрэбаў насельніцтва. Гэтага дастаткова, каб раўнамерна размеркаваць нагрузку вымушаных адключэнняў паміж усімі спажыўцамі, каб людзі ўключалі святло, прынамсі, на 5-6 гадзін у дзень», – падкрэсліў 29 лістапада Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Пакутуюць ад расейскіх абстрэлаў Украіны і ў суседняй Малдове, якая звязаная з ёй сваёй інфраструктурай. Як сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі краіны Даніэл Водэ, кожны малдаванін «адчуў на сабе наступствы гэтай жорсткай вайны».

«Часам на мяжы нервовых зрываў»

Аб жыцці ва ўмовах пастаяннага адключэння электрычнасці «Белсату» распавялі жыхаркі Сумаў і Адэсы. Як адзначае Неаніла Міхайлаўна з Сумаў, для яе дзяцей адсутнасць электрычнасці крытычная, «паколькі ў доме ўсе бытавыя прыборы на электрычнасці, няма яе – няма ацяплення (не працуе кацёл), нельга прыгатаваць ежу (пліта электрычная), няма вады (не працуе помпа), праблемы з сувяззю, бо вышкі знаходзяцца ў зоне адключэння».

«У нявесткі праца на удалёнцы і не ведаеш, будуць урокі ці не, бо вучні ў розных раёнах Украіны і святло адключаюць па-рознаму. Усе гэтыя праблемы ўносяць у жыццё цяжкасці, часам на мяжы нервовых зрываў», – распавядае жанчына.

У той час, калі «праца цалкам залежыць ад наяўнасці інтэрнэту і мабільнай сувязі», на асабістае жыццё адключэння электрычнасці і сувязі ўплываюць менш, кажа Юлія, таксама з Сумаў. Паводле яе, паўнавартасна спраўляцца з адключэннямі электрычнасці і сувязі не атрымліваецца, паколькі з-за дарагоўлі няма неабходных электрагенератара і мадэма Starlink.

«Я спрабую прыстасоўвацца і планаваць жыццё ў перыяды наяўнасці электрычнасці, трымаць зараджанымі ноўтбук і мабільны тэлефон. Працяглых адключэнняў ацяплення пакуль не было, але калі будуць – магчыма, гэта будзе самы крытычны параметр», – адзначае яна.

Каб дапамагчы грамадзянам, ва Украіне адкрылі «пункты нязломнасці», дзе можна, напрыклад, зарадзіць тэлефон і выпіць гарачай гарбаты. Працуюць яны на вакзалах, у дзіцячых садках, школах, паліцэйскіх аддзелах, бібліятэках. Праўда, нашы суразмоўніцы імі пакуль не карыстаюцца –знаходзяцца далёка і няма ўпэўненасці ў якасці інтэрнэт-злучэння, неабходнага для працы.

«Пунктам абагравання пакуль не карысталіся, але ў далейшым, мабыць, прыйдзецца», – адзначае Неаніла Міхайлаўна.

Значна больш складаная сітуацыя ў Адэсе – адна з самых крытычных ва Украіне, кажа мясцовая жыхарка Ліза. Паводле яе слоў, адключэння электраэнергіі адбываюцца непрадказальна і часам на вельмі доўгі тэрмін:

«Мой асабісты рэкорд – гэта 50 гадзін запар без вады і святла».

«Самае непрыемнае ў адключэннях – гэта тое, што адключаюцца таксама вышкі, таму мабільнай сувязі і мабільнага інтэрнэту няма, святло адключаюць велізарнымі раёнамі, і варыянт схадзіць у кавярню папрацаваць не з’яўляецца выйсцем з сітуацыі», — кажа Ліза.

Паводле яе, пасля першага блэкаўта 23 лістапада «многія адэсіты бегалі ў паніцы па крамах, закупляліся вадой і снэкамі, зноў былі масавыя выезды з горада і чэргі на мяжы».  Ужо 24 лістапада пачаліся масавыя заказы генератараў, акумулятараў, паўэрбанкаў, газавых пліт, тэрмасаў і іншага. Многія працадаўцы таксама ўсталёўваюць генератары і старлінкі.

Нават пры адсутнасці святла, запэўнівае Ліза, ёсць «мільён і адзін спосаб» прабавіць час: «Дома ёсць зарадныя прылады, заняткі спортам, гатаванне на газавай турыстычнай плітцы (гэта выйсце са становішча, калі не працуе дастаўка, а ў вас электрычная пліта), настольныя гульні, чытанне і іншыя заняткі, якія не патрабуюць электрычнасці».

Хто і як дапамагае

Па словах кіраўніка «Укрэнерга» Кудрыцкага, яшчэ да поўнамаштабнай вайны ў краіне ўдалося зрабіць «самы вялікі ў свеце» запас трансфарматараў. Але ён не бясконцы. Зараз кампанія шукае звышмагутныя аўтатрансфарматары ў ЕС, Кітаі, Паўднёвай Карэі, Індыі, Японіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Следчыя аглядаюць варонку, якая ўтварылася ў выніку ўдару расейскай ракеты па трансфарматарнай падстанцыі ў Харкаве, Украіна. 28 верасня 2022 года.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Акрамя таго, у адказ на абстрэлы павялічылася дапамога заходніх партнёраў. Так, 25 лістапада амбасадар ЗША паведаміла, што агенцтва USAID перадало Украіне 80 генератараў. У Еўракамісіі паабяцалі, што найбліжэйшым часам ва Украіну прыбудуць больш за 200 трансфарматараў з Літвы і Латвіі і 40 генератараў з Румыніі. Таксама ўлады ЕЗ вядуць перамовы з прыватнымі кампаніямі пра дастаўку дадатковага абсталявання для рамонту ўкраінскай энергасеткі.

Акрамя таго, «Укрэнерга» прыцягнула 300 млн еўра крэдыту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама 72 млн еўра грантавых сродкаў ад Нідэрландаў для аднаўлення працы падстанцый і павышэння фінансавай стабільнасці кампаніі.

Якія ёсць варыянты?

Былы кіраўнік «Укрэнерга», а цяпер кіраўнік прыватнай кампаніі па вытворчасці электраэнергіі Юрый Касіч тлумачыць, што цяпер найбольшая патрэба ўзнікла ў вялікіх і магутных аўтатрансфарматарах. На магістральных падстанцыях іх патрэбныя сотні. Аднак гэтыя прылады даволі складаныя, масіўныя і цяжкія ў транспарціроўцы і зборцы.

Акрамя таго, ёсць праблема сумяшчальнасці абсталявання, і не ўсе трансфарматары, якія могуць прапанаваць Украіне ў ЕЗ, падыходзяць для яе энергасістэмы. Касіч прапануе будаваць падземныя модульныя трансфарматарныя падстанцыі. Паводле яго слоў, пабудаваць іх і заліць пластом бетону, які абароніць ад удараў, можна за 3-5 месяцаў.

Аднак эксперт па энергетыцы Генадзь Рабцаў лічыць, што такі варыянт падыходзіць толькі для не надта магутных трансфарматарных будак. А магутныя падстанцыі «не схаваеш пад зямлю». Па словах Рабцава, буйныя станцыі можна абараніць толькі з дапамогай СПА.

Ён лічыць патрэбным павялічыць колькасць электрастанцый. Чым бліжэй яны будуць да канчатковага спажыўца, тым менш трэба трансфарматарных станцый. Рабцаў упэўнены, што кожная вобласць павінна мець вялікую колькасць уласных крыніц энергіі, а не залежаць ад суседніх рэгіёнаў. На яго думку, гэтымі крыніцамі могуць стаць малыя модульныя ядзерныя рэактары, якія можна было б размясціць у цяжкадаступных месцах па ўсёй краіне. Але пакуль гэтая тэхналогія толькі на стадыі даследавання.

«Удар не паралізаваў нас»

Між тым суразмоўніцы «Белсату» лічаць, што акрамя паўэрбанкаў і акумулятараў, магутных генератараў і трансфарматараў Украіне неабходнае павелічэнне ваеннай дапамогі – у першую чаргу, эфектыўных сучасных сістэм СПА і ракет далёкага радыусу дзеяння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінцы распакоўваюць электрагенератар перад яго устаноўкай у аддзяленні банка ў Кіеве, Украіна. 1 снежня 2022 года.
Фота: AP Photo / Bernat Armangue / East News

«Самая неабходная дапамога ў цяперашняй сітуацыі – закрыць неба над Украінай, каб ракеты не знішчалі нашы энергетычныя аб’екты. Акрамя таго, неабходна больш танкаў і магутнай зброі для масіраванага наступу», – лічыць Неаніла Міхайлаўна.

Не хапае Украіне, па словах Юліі, і волі заходніх лідэраў «для прымусу РФ да спынення вайны ў цэлым і абстрэлаў крытычнай інфраструктуры Украіны ў прыватнасці, а таксама забароны саюзнікам РФ (Іран, Кітай) на пастаўку ёй ваенна-тэхнічнай дапамогі».

«Мы верым, што хутка выйграем гэтую вайну і зможам вярнуцца да ранейшага даваеннага жыцця, але ўжо больш моцнымі, стрэсаўстойлівымі, матываванымі, чым былі раней. Мы ўсе, хто застаўся дома, былі гатовыя да таго, што зіма будзе цяжкай, таму чарговы ўдар у спіну ад праціўніка не паралізаваў нас, як планавалася ім», – падкрэслівае Ліза з Адэсы.

Па яе словах, украінцы згуртаваліся і «такой узаемадапамогі, падтрымкі як цяпер, не было ніколі».

Аналітыка
Блэкаўты, паўэрбанкі і цёплыя шкарпэткі. Ці здолее Расея знішчыць энергетыку Украіны?
2022.11.25 07:30

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў