419 мігрантаў паляцелі з Менску ў Эрбіль, але тысячы застаюцца на мяжы Беларусі і Еўразвязу


З Нацыянальнага аэрапорту «Менск» вылецеў чарговы эвакуацыйны рэйс.

419 мігрантаў вярнуліся назад у Ірак. Палёт выконвала кампанія «Іракскія авіялініі». З улікам гэтага рэйсу з Менску ў Ірак вярнуліся ўжо каля дзвюх тысячаў сямісот асобаў. Але бальшыня мігрантаў, якія дасюль застаюцца на тэрыторыі Беларусі, адмаўляюцца вяртацца на радзіму і настойліва просяць прапусціць іх у Еўразвяз.

«Дайце нашым дзецям сустрэць Каляды ў Еўропе! Калі ласка, паглядзіце на нашыя твары!», – просяць мігранты ў транспартава-лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы. Чалавек, які назваўся Абу Амарам, паведаміў «Новой газете», што ў лагеры застаюцца каля 1400 мігрантаў, большасць – з курдскіх раёнаў Іраку ды Сірыі, аднак ёсць і 150 арабаў, і 53 сірыйцы з Ідлібу.

«У лагер прыйшлі два чалавекі, адзін у вайсковай форме, другі – у цывільным, якія паведамілі, што цягам трох дзён мігранты мусяць прарвацца на польскі бок. Чалавек у цывільным запэўніў, што беларускія памежнікі забяспечаць мігрантам вольны выхад. У адваротным выпадку мігрантаў абяцалі вывезці ў Менск і дэпартаваць на радзіму», – заявіў мігрант журналістам «Новой газеты».

За апошнія содні польская памежная служба зарэгістравала 62 спробы незаконна перайсці мяжу з беларускага боку. За дапамогу мігрантам у незаконным мінанні затрымалі 4 асобаў, сярод іх – грамадзяне Польшчы, Украіны і Афганістану. Дзесяці асобам вынеслі пастановы аб дэпартацыі з тэрыторыі Польшчы.

«Учора, 3-га сакавіка, беларускія службы некалькі разоў пашкодзілі калючы дрот на ўчастках мяжы, што ахоўваюцца памежнымі пастамі ў Міхалове і Чаромсе. Падчас рамонту польскія службы былі аслепленыя лазерамі. Каля васямнаццатай нуль-нуль працаўнікі Памежнай аховы ў Чаромсе затрымалі на мяжы сорак мігрантаў», – паведаміла Памежная служба Польшчы ў сваім Twittar-акаўнце.

Гэтых мігрантаў Памежная ахова знайшла ўначы проста ў лесе побач з мяжой. Іх тут жа забралі і павезлі да памежнага пункту, дзе абяцалі найперш накарміць і абагрэць. Вось, што сказалі журналістам знойдзеныя мігранты:

«Яны – улады Беларусі – адправілі нас на польскі бок, паліцыя пагражала нам пісталетамі, забірала нашыя рэчы. Пяць дзён мы блукалі тут, у лесе, без ежы, без вады, без абутку, проста ў шкарпэтках».

Мігранты падчас пасадкі ў менскім аэрапорце. 2 снежня 2021 года.
Фота: iraqi.airways.official / Facebook

Хоць цяпер колькасць спробаў нелегальна трапіць з Беларусі ў Еўразвяз змяншаецца, польскі бок рыхтуецца да чарговай хвалі масавага штурму беларуска-польскай мяжы мігрантамі неўзабаве.

«Дзеянні, зробленыя да гэтага часу, эфектыўна абаранялі нашую мяжу, але цяпер мы таксама гатовыя да таго, што бліжэйшымі месяцамі будуць з’яўляцца арганізаваныя міграцыйныя плыні з Афганістану. Нядаўна дыктатар Лукашэнка сам сказаў, што такія рухі могуць зʼявіцца. Гэтая рызыка можа настаць бліжэйшымі тыднямі ці месяцамі ў вялікіх маштабах», – заявіў прэс-сакратар Ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Каб супрацьстаяць наплыву нелегальных мігрантаў, увосень Польшча і Літва ўвялі ў памежных з Беларуссю раёнах надзвычайнае становішча. З 1-га снежня да 1-га сакавіка Польшча ўвяла забарону на перабыванне старонніх асобаў у такой зоне. А Літва збіраецца працягнуць такі рэжым на мяжы з Беларуссю да сярэдзіны студзеня ды разам з тым пашырыць яго і на мяжу з Польшчаю.

Ірына Карніенка «Белсат»

Стужка навінаў