Як беларускія спецназаўцы ваююць супраць вагнераўцаў ва Украіне? Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом


Беларускія ваяры, якія ваююць ва ўкраінскім спецназе, бяруцца за самыя цяжкія і рызыкоўныя задачы. Як яны дзейнічаюць супраць ворага і як выглядае іх падрыхтоўка на фоне расейскіх і ўкраінскіх камандас? Колькі беларускіх вайскоўцаў можа рэальна пагадзіцца выканаць загад Лукашэнкі пайсці ваяваць супраць Украіны? Інтэрв’ю з Тарасам Беразоўцам, афіцэрам 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Багуна Узброеных сілаў Украіны. 

Cяргей Пеляса: Украіне дапамагае ўвесь свабодны свет Захаду. Расеі дапамагаюць толькі дзяржавы-ізгоі: Іран і Беларусь. Фактычна больш ніхто. Складана казаць пра падтрыманне Кітаю ці іншых краінаў. Лукашэнка ўжо перадаў 122 танкі Т-72, два дзясяткі БМП, некалькі дзясяткаў грузавікоў. Але Беларусь пакуль не ўступіла ў адкрытую вайну. Наколькі бачна, для ўкраінскай бяспекі з боку Беларусі сур’ёзнай пагрозы, прынамсі, пакуль няма.

Тарас Беразавец: Мы разумеем, што знойдуцца ў Беларусі падраздзяленні, якія пагодзяцца фізічна ўзяць удзел у вайне супраць Украіны. Паводле прыблізных звестак, якія даюць аналітыкі, каля 10 тысячаў беларусаў з тэрыторыі Беларусі могуць пайсці выконваць загад з расейскімі салдатамі.

У першую чаргу гэта дэсантнікі і падраздзяленні, якія ўдзельнічалі ў здушэнні пратэстаў, беларускі АМАП. Яны ў якасці групы зачысткі. Таму да 10 тысяч – гэта такая прыблізная разліковая колькасць тых вайскоўцаў Беларусі, якія, хутчэй за ўсё, пагодзяцца выканаць злачынны загад аб уварванні ва Украіну.

Але я вам скажу, што беларусы і так ваююць ва Украіне. Яны ваююць на баку Збройных сілаў Украіны. Іх больш за тысячу, і яны, у тым ліку, ваююць і ў маім падраздзяленні, у маёй брыгадзе. І я павінен сказаць, што больш матываваных ваяроў цяжка сабе ўявіць. Справа не толькі ў матываванасці, але і падрыхтаванасці. Беларускія ваяры, якія змагаюцца ў першай брыгадзе спецназу разам з нашымі ваярамі, адрозніваюцца супервысокаю прафесійнаю падрыхтаванасцю. Яны лёгка навучаюцца і бяруцца за выкананне самых цяжкіх і рызыкоўных задачаў.

Яны заўсёды дзейнічаюць вельмі дзёрзка супраць ворага. У тым ліку супраць падраздзяленняў Вагнэра. Яны паказалі сябе з выдатнага боку. Беларусы з матывацыяй – цудоўныя ваяры. Яны стаяць на роўні з нашымі ваярамі ЗСУ.

Што датычыць тых, хто пойдзе гэта рабіць за грошы або на загад, – якімі б крутымі яны ні былі на сваіх вучэннях, яны ніколі не зраўняюцца з падраздзяленнямі ЗСУ і з тымі беларускімі добраахвотнікамі, якія тут змагаюцца.

Чаму? Таму што ў іх няма матывацыі. Адна справа, калі ты змагаешся за ідэю, як гэта робяць байцы палка Каліноўскага або нашы брыгады спецназу. Іншая справа, калі робіш па прымусе, на загад ці за грошы. Розная матывацыя і зусім розны ўзровень гатовасці ваяваць. Нават калі яны гэты загад атрымаюць і будуць яго выконваць, якасць яго выканання будзе вельмі нізкая. Калі я паказваў нашым калегам паказальныя выступы дэсантнікаў, спецназу, яны смяяліся. Яны аб галаву ламалі цэглу, але выглядае гэта, як шоу Монці Пайтана. То бок гэта наколькі ўбога… Гэта вайна. Ідзе сур’ёзная вайна, дзе забіваюць, дзе страляюць. Яны займаюцца нейкай паказухай у стылі Савецкага Саюзу, арміі 1970 года. Гэта нікога тут пераканаць не можа. Усё гэта выклікае толькі гамерычны смех.

Хацеў спытаць пра беларусаў, якія служаць у вашай брыгадзе імя палкоўніка Багуна. Гэта беларусы з такога фармавання, якое называлася полк «Пагоня». З таго, што я ведаю, гэта ў асноўным былыя беларускія вайскоўцы, спецназаўцы ў тым ліку, якія перайшлі на бок народу, перасталі служыць Лукашэнку. Вы з імі асабіста пазнаёміліся? Што яшчэ можна пра іх сказаць? Вы кажаце, што яны вельмі высока матываваныя, дзейнічаюць дзёрзка. Яны насамрэч мелі баявыя кантакты з вагнэраўцамі? Можна яшчэ штось пра гэта сказаць?

 Я не магу паведамляць дэталяў. Паводле ўзроўню падрыхтаванасці яны пераўзыходзяць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння расейскіх войскаў. Гэта сапраўды людзі, якія атрымалі велізарны баявы досвед. Гэта матываваныя афіцэры. Пераважна гэта прафесійныя вайскоўцы або людзі, якія, зноў жа, вымушаныя былі стаць на покліч свайго сэрца вайскоўцамі. Я не магу распавядаць аб іхных задачах і аперацыях, але паўтару, што ўзровень іх матываванасці і падрыхтаванасці на найвышэйшым узроўні. Дарэчы, і падраздзяленняў грузінскіх добраахвотнікаў, якія ваююць у складзе нашай брыгады. Гэта адны з найлепшых ваяроў. Яны дзейнічаюць на многіх кірунках. У тым ліку такіх небяспечных, як глыбінная выведка. Гэта эліта сярод элітаў, у тым ліку сярод спецназу. Яны ў сілу таго, што іх не выдае ўкраінскі акцэнт, могуць вельмі дзёрзка і прафесійна дзейнічаць супраць праціўніка на ягонай тэрыторыі.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 03.11.2022

 

 

Стужка навінаў