G7 зноў заклікала ўлады Беларусі спыніць спрыянне расейскай агрэсіі ва Украіне


«Вялікая сямёрка» (G7) стварае каардынацыйны механізм, каб дапамагчы Украіне аднаўляць і абараняць жыццёва важную энергетычную і водную інфраструктуру. І заклікала ўлады Беларусі спыніць спрыянне расейскай агрэсіі. Аб гэтым паведамляе «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкаю на заяву міністраў замежных справаў G7 па выніках сустрэчы ў Мюнстэры. 

Сцягі G7. Фота выдання «Слово і діло» / slovoidilo.ua

У нямецкім Мюнстэры 4 лістапада завершылася сустрэча міністраў замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» G7. Па выніках сустрэчы кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў у супольнай заяве абвесцілі аб стварэнні каардынацыйнага механізму, каб дапамагчы Украіне рамантаваць і абараняць жыццёва важную энергетычную і водную інфраструктуру.

«Сёння мы ствараем каардынацыйны механізм G7, каб дапамагчы Украіне рамантаваць, аднаўляць і абараняць яе жыццёва важную энергетычную і водную інфраструктуру. Мы з нецярплівасцю чакаем міжнароднай канферэнцыі 13 снежня ў Парыжы, арганізаванай Францыяй і Украінай і скіраванай на падтрыманне грамадзянскай устойлівасці Украіны», – гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС краінаў G7 у пятніцу.

Міністры запэўнілі, што будуць цвёрда стаяць на баку Украіны столькі, колькі спатрэбіцца.

Яны пацвердзілі непахісную рашучасць працягваць аказваць фінансавую, гуманітарную, абаронную, палітычную, тэхнічную і юрыдычную падтрымку, якая неабходная Украіне для палягчэння пакутаў яе народу і абароны яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ў межах яе міжнародна прызнаных межаў. Міністры віталі мужнасць і стойкасць украінскага народу перад тварам несправакаванай агрэсіі Расеі, і запэўнілі, што поўныя рашучасці дапамагчы Украіне задаволіць яе патрэбы ў падрыхтоўцы да зімы.

«Нагадваючы аб заяве лідараў G7 ад 11 кастрычніка, мы вітаем гатоўнасць прэзідэнта Зяленскага да справядлівага свету, заснаванага на павазе тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту Украіны і яе законнага права на абарону ад агрэсіі. Заклікі Расеі да перамоваў не выклікаюць даверу, пакуль яна працягвае эскалацыю вайны і выпускае новыя пагрозы і дэзынфармацыю», – адзначаецца ў заяве.

Важныя пункты заявы ў дачыненні Расеі

Кіраўнікі МЗС G7 зноў заклікалі Расею неадкладна спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны і вывесці ўсе свае войскі і ваенную тэхніку.

Міністры асудзілі нядаўнюю эскалацыю з боку Расеі, напады на цывільнае насельніцтва, абʼекты энергетыкі, водазабеспячэння і іншую грамадзянскую інфраструктуру па ўсёй тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем ракетаў, іранскіх беспілотнікаў і інструктараў.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 лістапада
2022.11.04 18:39

Не выбарныя атакі па мірных грамадзянах і грамадзянскай інфраструктуры названыя спробамі тэрарызаваць мірнае насельніцтва і ваеннымі злачынствамі. «Мы пацвярджаем нашую рашучасць забяспечыць поўную адказнасць за іх і злачынствы супраць чалавечнасці», – адзначаецца ў заяве.

Міністры краінаў G7 папярэдзілі, што любое выкарыстанне Расеяй хімічнай, біялагічнай або ядравай зброі пацягне сурʼёзныя наступствы. І заявілі, што не прымаюць ілжывых заяваў Расеі аб тым, што Украіна рыхтуе радыеактыўную «брудную бомбу»: «Інспекцыі Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі (МАГАТЭ) пацвердзілі беспадстаўнасць гэтых абвінавачанняў, і мы дзякуем Украіне за яе празрыстасць».

Кіраўнікі МЗС асудзілі захоп і мілітарызацыю Расеяй Запарожскай атамнай электрастанцыі Украіны, выкраданне і жорсткае абыходжанне з украінскім персаналам, а таксама наўмысную дэстабілізацыю яе працы. Яны падтрымалі намаганні МАГАТЭ дзеля стварэння зоны бяспекі.

Санкцыі будуць працягнутыя. «Мы будзем працягваць ускладаць эканамічныя выдаткі на Расею і іншыя краіны, фізічных або юрыдычных асобаў, якія аказваюць ваенную падтрымку агрэсіўнай вайне Масквы, як гэта ўжо зрабілі некаторыя з нас у дачыненні прадстаўлення Іранам беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) Расеі», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Лідары G7 заклікалі беларускія ўлады спыніць спрыянне расейскай агрэсіі
2022.10.11 21:25

Важныя пункты заявы ў дачыненні Беларусі

Міністры краінаў «Вялікай сямёркі» паўтарылі заклік да ўладаў Беларусі спыніць прадстаўляць магчымасці для агрэсіўнай вайны Расеі, у тым ліку дазваляць расейскім узброеным сілам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для запуску ракетаў, скіраваных на Украіну.

«Калі ўлады Беларусі больш зацягнуць Беларусь у вайну Расеі, G7 ускладзе на рэжым непасільныя дадатковыя выдаткі», – падкрэслілі міністры.

Hавiны
«У мяне такіх планаў няма». Лукашэнка сцвярджае, што не хоча дасылаць беларускую армію ва Украіну
2022.11.04 15:51

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў