«Чувак, ты змяніў маё жыццё…» Сусветна вядомы скрыпач, які браў удзел у пратэстах


У дзяцінстве ён лічыўся вундэркіндам, а ў сталым веку зрабіўся лаўрэатам топавага сусветнага конкурсу скрыпачоў. Жыве ў Берліне, але ў жніўні 2020 года прыляцеў у Беларусь і выходзіў на маршы прыхільнікаў пераменаў. Хто гэты чалавек?

Калегі з цэху называюць Арцёма Шышкова геніяльным скрыпачом. Ён скончыў Беларускую акадэмію музыкі, а ў канцы 2000-х пераехаў у Заходнюю Еўропу.

Каб легалізавацца, паступіў у кансерваторыю Вены. А ў складаны фінансавы час на пачатку эміграцыі нават іграў на вуліцах Парыжу. І ён называе гэта важным прафесійным досведам, які дапамагае пазбавіцца комплексаў.

Рэч у тым, што ў дзяцінстве Шышкоў лічыўся вундэркіндам, ужо ва ўзросце 8 гадоў саліраваў на выступах разам з аркестрам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пастаянныя конкурсы, авансы на грандыёзную будучыню, псіхалагічны ціск паўплывалі на ягоную дзіцячую псіхіку. Таму скрыпач, як ні дзіўна, цягам усёй кар’еры змагаецца са… страхам сцэны.

Сусветна вядомы скрыпач, які ўдзельнічаў у пратэстах
У дзяцінстве Арцёма Шышкова называлі вундэркіндам.
Фота: artiom.shishkov / Facebook

«Досвед ігры на вуліцах аказаўся вельмі цікавым і складаным. Кожны раз для мяне гэта быў стрэс, я моцна хваляваўся, складана было пачаць, – прызнаецца Шышкоў. – Я граў чатыры гадзіны на дзень. І спачатку цягам кожнага выступу паўтараліся нейкія памылкі, бо не займаешся і не чысціш інтанацыі. І праз тыдзень-два я пачаў лепш сябе кантраляваць падчас выступу. Паменшала панікі і страху, што мне вельмі прыдалося пазней на сцэне. Былі і цудоўныя моманты, калі маленькія дзеці танчылі пад Баха і Ізаі. Прыходзілі панкі і слухалі гадзінамі, а потым падыходзілі ды казалі: «Чувак, ты змяніў маё жыццё…»

Чаму ж Арцёма Шышкова называюць адным з найлепшых скрыпачоў свету? Хаця б таму, што ў 2012 годзе ён стаў лаўрэатам Конкурсу імя Каралевы Элізабэт у Бельгіі. Гэта прэстыжнае музычнае спаборніцтва, якое ладзіцца раз на чатыры гады.

Цяпер у статусе сусветнай зоркі Шышкоў не меў праблемаў з канцэртамі і заробкамі. Больш за тое, беларускі скрыпач імкнецца да поўнай творчай незалежнасці і не падпісвае доўгатэрміновых кантрактаў са знанымі калектывамі – і так запрашаюць.

Шышкоў пасяліўся ў Берліне і меў насычаны канцэртны графік, выступаў у шмат якіх краінах. Але прыйшоў жнівень 2020 года…

Менск, пратэсты, рэпрэсіі… Што нам усім рабіць?

Арцём Шышкоў прыляцеў у Менск, каб прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. А пасля фальсіфікацыяў і гвалту пачаў выходзіць на маршы пратэсту.

«Аднойчы ледзь не трапіў у аўтазак, але жанчыны ўхапіліся за мой заплечнік і вырвалі мяне з рук амапаўца, – апавядае скрыпач. – Мая сястра Ульяна працягвала барацьбу нават пасля таго, як маршы перайшлі ў двары. Але яе вылічылі…»

На Ульяну Шышкову склалі тузін пратаколаў, на яе завялі крымінальную справу і пагражалі забраць дзяцей у прытулак. Але жанчына здолела ўцячы з Беларусі разам з дзецьмі і перабралася ў Нідэрланды.

Тэма Беларусі дасюль не адпускае Арцёма Шышкова: ён бярэ ўдзел у дабрачынных канцэртах «Music for Belarus» (усе зборы ідуць на дапамогу сем’ям палітычных вязняў). А што скрыпач думае пра мірны характары пратэстаў 2020 года з адлегласці часу?

Акцыя пратэсту ў Менску.
Фота: асабісты архіў Арцёма Шышкова

«Людзі пакутуюць, людзі сядзяць у турмах. Што рабіць? Мірныя пратэсты ні да чаго не прыводзяць… Трэба, каб асобы, якія ў гэтым разбіраюцца, нешта прапаноўвалі, – разважае Арцём Шышкоў. – Не магу сказаць, што я быў прыхільнікам ідэі ісці захопліваць нейкія будынкі. Я лічу, што гэта якраз наіўная пазіцыя, якая, напэўна, і пройгрышная. Мірны характар пратэстаў паказваў, што людзі выходзяць за мір і не хочуць крыві. Хоць я разумею крыўду, злосць і раз’юшанасць, калі ўсё гэта бачыш і чытаеш. Але падобную раз’юшанасць адчувалі і садысты, таму я з гэтым пачуццём буду змагацца. Я не гуру, каб нешта раіць людзям. Але магу пажадаць толькі сілаў, адчуваць Божую іскру ўнутры… Нейкі стрыжань, часцінку святла, якая ёсць у кожным. Развівайцеся, назірайце за сабою, дапамагайце адно аднаму. У гэтым ёсць нейкая надзея. Не ў супрацьстаянні, а ў дапамозе».

«Таму я трымаюся за музыку і творчасць»

Як правіла, фота і відэа з удзелам Арцёма Шышкова маюць глыбокае мастацкае аздабленне. І хоць скрыпач відавочна не гоніцца за грашыма ды славаю, колькасць праглядаў некаторых ролікаў з ягоным удзелам набліжаецца да мільёна.

Арцём Шышкоў жыве на ўскрайку Берліну каля лесу. У цэнтр гораду амаль не выбіраецца, шмат часу бавіць на ўлонні прыроды.
Фота: artiom.shishkov / Facebook

Музыка песімістычна глядзіць на агульную карціну таго, што робіцца ў свеце, і лічыць, што мастацтва – гэта спосаб утрымаць рэчаіснасць і паспрабаваць паўплываць на тое, каб чалавецтва канчаткова не дэградавала ды не самазабілася.

«Нікога не хачу асуджаць, але відавочна і натуральна, што ўсім сёння кіруюць рэйтынгі, – канстатуе Арцём Шышкоў. – Уся поп-культура звязаная з простымі эмоцыямі, якія можа адчуць кожны чалавек. А для таго, каб адчуць поўную палітру, якая ёсць, напрыклад, у сімфоніі Бэтховэна, трэба ўмець адчуваць. Пачуцці можна выхоўваць. Сумна нават не таму, што шмат якія людзі не ўмеюць адчуваць глыбока: мы нават не ведаем, што гэта ўмелі. І сумна, што свет рухаецца ў бок забыцця. Таму я і трымаюся за музыку ды творчасць».

Стужка навінаў