БАЖ атрымае ад Украіны Нацыянальную прэмію за свабоду слова


БАЖ атрымае ад Украіны Нацыянальную прэмію за свабоду слова. Выява: Сяргей Таміленка / Facebook

Рашэнне аб прысуджэнні Нацыянальнай прэміі ў абарону свабоды слова беларускім калегам, якія зазналі рэпрэсіі на радзіме, – гэта праявай салідарнасці і падтрымкі, паведаміў старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

«За апошні год незалежныя беларускія журналісты падвяргаліся жорсткаму ціску з боку ўладаў, сотні былі збітыя і рэпрэсаваныя, дзясяткі адпраўленыя ў турмы. Рэжым Лукашэнкі пераследуе кіраўніцтва БАЖ і пазбавіў арганізацыю легальнага статусу. Нашы калегі з’яўляюцца прыкладам для ўсіх украінскіх журналістаў, як змагацца за свае правы, быць вернымі каштоўнасцям свабоды слова і сваёй прафесіі», – напісаў Сяргей Таміленка.

Ён падкрэсліў, што Нацыянальны саюз журналістаў Украіны актыўна ўдзельнічае ў зносінах з дзяржструктурамі Украіны для вырашэння пытання легалізацыі беларускіх журналістаў, арганізуе акцыі салідарнасці з калегамі сумесна з БАЖ і БЕЛСАТ ТВ.

«Для нас вельмі прыемна, што ўкраінская журналісцкая супольнасць разумее беларускую сітуацыю. Бо часам можа складацца ўражанне, што гэта недзе там, далёка, і беларускія пытанні ўкраінцаў не датычацца. Але насамрэч Украіна можа насамрэч вельмі сур’ёзна дапамагаць беларусам і беларускім журналістам у прыватнасці. Мы ведаем, што ва Украіне больш за сто беларускіх журналістаў, якія на дадзены момант жывуць і працуюць і яны часам сутыкаюцца з цяжкасцямі, з легалізацыяй, з немагчымасцю ўладкавацца на працу ў мясцовыя медыя. І гэта не проста абстрактныя словы падтрымкі, гэта яшчэ адзін зварот да ўкраінскай улады, да ўкраінскага грамадства, што ў Беларусі сапраўды ёсць вельмі сурʼёзная праблема са свабодай слова, з журналістамі, якія сядзяць за кратамі, з медыя, якія былі вымушаныя зʼехаць, але працягваюць працаваць у такіх умовах.

Таму атрыманне гэтай узнагароды – гэта вельмі важна для таго, каб беларускае пытанне, пытанне беларускіх журналістаў гучала ў Кіеве і наогул у свеце», – пракаментаваў «Белсату» навіну пра прэмію намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Нагадаем, 4 лістапада Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ беларускіх карыстальнікаў да сайту арганізацыі, а да таго ў жніўні Вярхоўны суд адмяніў рэгістрацыю.

Загад аб блакіроўцы сайта БАЖ і іншых грамадскіх арганізацый падпісаў асабіста міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў, паведамляе БАЖ.

МГМ, Belsat.

Стужка навінаў