Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе займеў хваробу, якую забаронена называць


Зборнай Беларусі 8 кастрычніка гуляць з Эстоніяй на выездзе адборачны матч да чэмпіянату свету. Здаецца, на гэтую гульню камандзе прыйдзецца ехаць без галоўнага трэнера. Сёння стала вядома, што Георгій Кандрацьеў заразіўся каронавірусам.

У беларускім футболе ўжо паўтара года робяць выгляд, што гэтай хваробы не існуе. Напрыклад, увесну мінулага года беларускі футбольны чэмпіянат быў адзіны ў Еўропы, які не спыніўся праз COVID-19. У выніку заўзятары і футбалісты сталі хварэць. Першыя выпадкі з’явіліся ў сталічных камандах «Менск», «Энергетык-БДУ» ды «Іслач». Пры гэтым пра выпадкі ў апошняй паведаміў у сваіх сацыяльных афрыканскі легіянер Мамо Янсанэ. Футбаліст адмовіўся прыязджаць на трэнінгі і гульні клубу з Менскага раёну і пазней пакінуў Беларусь. На той момант Янсанэ быў найлепшым бамбардзірам «Іслачы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары на стадыёне «Дынама». Менск, Беларусь. 27 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

Цяпер Мамо гуляе ў «Шэрыфе» з Малдовы. Каманда ў верасні стала адным з адкрыццяў Лігі чэмпіёнаў. Яна сенсацыйна перамагла данецкі «Шахцёр» і на выездзе мадрыдскі «Рэал» ды ўзначальвае сваю групу.

Час, праведзены ў Беларусі, Янсанэ згадвае так:

«У Беларусі я заспеў пандэмію, і яна нагнала на мяне страху. Там зусім не клапаціліся пра бяспеку і здароўе гульцоў, я не адчуваў сябе абароненым. Клуб падвяргаў нас небяспецы і нічога не рабіў для футбалістаў. Мне нават не хацелася прыязджаць на трэніроўкі, я заставаўся ўдома і прапусціў некалькі заняткаў. Бо не быў упэўнены, што не захварэю».

Са словаў Мамо, нешта сталі рабіць толькі тады, калі гульцы сталі хварэць.

«Ад каронавіруса паміраюць людзі, мы бачым гэта кожны дзень – а ў Беларусі ўсім было ўсё роўна. Толькі калі тры-чатыры гульцы «Іслачы» заразіліся, пра нас сталі клапаціцца, хоць бы рэгулярна праводзіць тэсты», – кажа ў размове з парталам sport24.ru Мамо Янсанэ.

І калі гульні ФК «Менск» Федэрацыя футболу яшчэ пераносіла, то калі інфікаванне набыло масавы характар, клубам у пераносе адмаўлялі. Добры прыклад – берасцейскае «Дынама», якое тады належала гаманцу Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву.

У канцы траўня 2020 года ў камандзе пачалася эпідэмія, захварэлі спачатку 11 гульцоў, а брамнік Сяргей Ігнатовіч, абаронца Раман Юзапчук і Аляксандр Наёк аказаліся ў лякарні. Асабліва цяжка хвароба ўдарыла па Наёку, украінец з беларускім відам на жыхарства доўга не мог узнавіцца і толькі цяпер выходзіць на папярэдні ўзровень.

Тым не менш, Федэрацыя футболу адмовілася перанесці гульню 16-га туру чэмпіянату Беларусі супраць «Смалявічаў». «Дынама» прывезла на яе другі склад і згубіла пункты ў матчы з аўтсайдарам – 3:3. Але гульцы працягвалі хварэць, у выніку некалькі матчаў берасцейцаў усё ж перанеслі.

Тым менш, захварэць паспелі не толькі футбалісты, але і журналісты. Напрыклад, Алесь Ляўчук.

«У той час я браў інтэрвʼю ў гульца «Дынама» Паўла Савіцкага, праз тры дні пасля гэтага даведаўся, што ў Паўла каронавірус, і хоць я стараўся трымаць дыстанцыю і быў у масцы, праз тыдзень захварэў і сам. А праз пару дзён і ўся мая сямʼя», – кажа журналіст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 27 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

Пры гэтым, хоць журналіст некалькі разоў хадзіў да дактароў, нікому з сямʼі не паставілі дыягназу COVID-19.

«Толькі на 12 дзень хваробы я змог дамагчыся, каб мне зрабілі КТ. Лекар мне сказаў, што ў мяне каронавірусная інфекцыя, паражоныя 25 % лёгкіх. Тым не менш, афіцыйнага дыягназу ні мне, ні маёй сямʼі ніхто не паставіў, і добра, што ўсё гэта мы перанеслі», – кажа журналіст.

Больш на футбол у Беларусі ён не хадзіў, але чэмпіянат не спыняўся, і колькі людзей у Беларусі з гэтай прычыны захварэлі, сказаць немагчыма.

Звернем увагу, што з красавіка 2020 года трэнеры і футбалісты адмаўляліся размаўляць з журналістамі на тэму каронавіруса, як і каментатары дзяржаўных тэлеканалаў, якія сталі называць COVID-19 «адзін вірус». У траўні мінулага года на просьбу пракаментаваць сітуацыю ў камандзе наконт захворвання футбаліст аднаго з беларускіх клубаў паведаміў журналісту «Белсату»:

«Нам у камандзе кіраўніцтва сказала нічога не казаць пра гэта, тэма каронавіруса закрытая, у мяне добры кантракт, таму нічога казаць не буду. Хаця ўся гэта сітуацыя не прыемная, але мы вымушаныя выходзіць на поле».

Хваля каронавіруса пайшла на спад, і людзі вярнуліся на трыбуны. Але цяпер маем надзвычай моцную эпідэмічную хвалю. У верасні каронавірус прыйшоў у БАТЭ, захварэлі некалькі працаўнікоў, гульцоў і галоўны трэнер Віталь Жукоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 27 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

На вераснёўскія гульні адборачнага турніру чэмпіянату свету галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў не выклікаў ніводнага гульца БАТЭ, аднаго з галоўных клубаў краіны. Гэта выклікала пытанні, а ў эфіры БТ-5 трэнер так патлумачыў прычыну:

«Там, на жаль, цяпер мала кандыдатаў. Нам вельмі патрэбны быў Жэня Яблонскі, аднак ён, на жаль, перахварэў, і мы вырашылі не выклікаць яго», – сказаў Кандрацьеў.

Як аказалася пазней, падпісант праўладнага ліста Яблонскі перахварэў на COVID-19. Цяпер жа Яблонскі – у складзе зборнай, як і яшчэ два гульцы БАТЭ, Бардачоў і Нячаеў.

Галоўны трэнер БАТЭ, які апынуўся ў шпіталі, спачатку адмаўляў, што ў яго каронавірус, а потым у інтэрвʼю «Прессболу» прызнаўся: шмат хто ў клубе перахварэў, але ў гэтым няма нічога страшнага.

«Боязі ніякай не было. Каронавірус… Я ў гэтым наогул нічога дрэннага не бачу, але было непрыемна, калі ляжаў у больніцы не ў вельмі добрым стане, а людзі, якіх я ведаў вельмі добра і да якіх нармальна ставіўся, тыя ж журналісты, скажалі рэчаіснасць і казалі не зусім правільныя рэчы. Але гэта жыццё, я ўсё разумею. Сучасныя лайкі, падпіскі важнейшыя за чалавечыя адносіны. Гэта, вядома, непрыемна. Але як ёсць, так ёсць. Я кажу, што так, я перахварэў на COVID, і ўсе хлопцы ў нас перахварэлі на COVID. Але зрабілі зноў тэставанне, і, дзякуй Богу, на дадзеным этапе ў нас ва ўсіх адмоўныя тэсты на каронавірус», – сказаў Жукоўскі.

У Беларусі працягваецца чацвёртая хваля захворвання, толькі за апошнія содні паводле афіцыйнай статыстыкі захварэлі 1872 чалавекі, але спыняць чэмпіянату Беларусі ніхто і не думае. Гэтак, у выходныя адбыўся чарговы тур чэмпіянату Беларусі: на гульні ў Гомлі паміж «Гомлем» і «Славіяй» было 4707 заўзятараў, у Менску на матчы паміж сталічным «Дынама» і «Шахцёрам» – 3909, у Берасці на гульні мясцовага «Дынама» і ФК «Менск» – 2024.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стадыён «Дынама». Менск, Беларусь. 14 кастрычніка 2020 года.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

Матч супраць Эстоніі можа канчаткова закрыць зборнай Беларусі шлях на чэмпіянат свету. Сёння гэтыя каманды – аўтсайдары турніру. У сакавіку гэтага года яны сустрэліся ў Менску, гэты матч стаў адзіным, які беларусы правялі ў Менску, і адзіным, у якім атрымалі перамогу. Але трэба ўзгадаць, як тое было. Перад гульнёй у зборнай Эстоніі каронавірусам заразіўся галоўны трэнер Томас Гэбэрлі (Thomas Häberli) і пятнаццаць гульцоў асновы, што для краіны, насельніцтва якой крыху больш за мільён, сапраўды ўдар. У Менск Эстонія прыехала трэцім складам, перад гэтым саступіўшы 2:6 Чэхіі. Але доўгі час беларусы не маглі даць рады і з такой зборнай Эстоніі. Пераможныя мячы Савіцкі і Лісаковіч забілі, калі эстонцы засталіся ў меншасці пасля выдалення Айгуса. Беларусы перамаглі 4:2, і больш пунктаў у гэтым адборы не набіралі. Потым былі ганебныя 0:8 ад Бельгіі, звальненне галоўнага трэнера Міхаіла Мархеля. Прызначэнне яго памочніка Кандрацьева, пры якім зборная прайграла ўсе пяць гульняў з лікам 3:15. Цяпер на гульні супраць Эстоніі і хатні матч у Казані зборную Беларусі выведуць асістэнты Кандрацьева – Зміцер Раўнейка, Алег Радушка і Аляксандр Суліма. Ці паўплывае гэта на вынік, пабачым.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў