Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасць» яшчэ аднаго беларуса


Ва Украіне пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам «За мужнасць» III ступені беларуса Змітра Ганса Рубашэўскага. Ён загінуў 12 красавіка мінулага года падчас артылерыйскага абстрэлу расейскіх войскаў на луганскім кірунку фронту.

Зміцер Рубашэўскі з пазыўным Ганс. 
Фота: Cialežnikau Antos / Facebook

Фонд «Вольная Беларусь», зарэгістраваны ў Львове, падаў зварот аб узнагароджанні званнем Героя Украіны (пасмяротна) беларускага добраахвотніка Змітра Рубашэўскага (з пазыўным Ганс) і атрымаў адказ.

«Указам прэзідэнта Украіны ад 30 чэрвеня 2022 года жаўнер Зміцер Рубашэўскі адзначаны дзяржаўнай узнагародай Украіны – ордэнам «За мужнасць» трэцяй ступені», – адзначаецца ў паведамленні фонду.

Узнагарода ордэнам Змітра Рубашэўскага з пазыўным Ганс.
Фота: belaruscentrlviv / Telegram

Змітру Рубашэўскаму было 30 гадоў. Ён родам з Берасця, вучыўся там жа ў будаўнічай вучэльні. Вядома, што ў 2015-м годзе паехаў у Львоў на футбольны матч паміж зборнымі Беларусі і Украіны, там пазнаёміўся з хлопцамі з «Правага сектару» і далучыўся да іх. Так і застаўся ва Украіне, жыў разам з сям’ёй у Львоўскай вобласці.

На вайну Ганс прыехаў у 2015 годзе, ваяваў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага, што месціцца ў Явараве Львоўскай вобласці.

Рубашэўскі адзначыўся ў шмат якіх баях падчас першай фазы вайны на ўсходзе Украіны. Ваяваў каля Марыупалю, Аўдзееўкі. Быў узнагароджаны званнем «Народны герой Украіны» за абарону шахты Бутаўка. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, то ён адразу пайшоў ваяваць.

Беларускі вайсковец меў тры раненні. Спачатку аскепак трапіў у нагу, а потым ад гранаты пацярпелі рука і нага. У траўні 2019 года страціў вока ў баях. Пасля ранення ў шпіталі Дняпра яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка.

Зміцер Рубашэўскі казаў, што адзін з ягоных прапрадзедаў браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. А адною з прычынаў свайго ўдзелу ў вайне супраць Расеі Ганс называў нелюбоў да імперыяў і камунізму.

Артыкулы
Шэсць герояў: хто такія беларускія добраахвотнікі, якія гінуць на вайне за Украіну
2022.05.16 21:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў