Актывіст Алесь Лапко назваў хлуснёю звесткі пра ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы


Музыка Алесь Таболіч напісаў у Facebook, што супраць Алеся Лапка, які да нядаўняга скандалу кіраваў Беларускім моладзевым хабам, завялі крымінальную справу. Лапко ў каментары «Белсату» зняпраўдзіў гэтую інфармацыю і выказаў меркаванне, што Таболіч проста не зразумеў сэнсу ліста з паліцыі, бо не ведае польскай мовы.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко выступае падчас акцыі памяці Вітольда Ашурка ў Варшаве. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Допіс пра тое, што польская паліцыя завяла крымінальную справу супраць Алеся Лапка з Беларускага моладзевага хабу, лідар гурта «Зніч» Алесь Таболіч пакінуў у Facebook. У суполцы «Беларусы ў Варшаве» музыка прапанаваў грамадзе выказацца наконт ідэі зладзіць канцэрт у хабе 8 верасня, у адказ ізноў пачаліся спрэчкі пра «захоп пляцоўкі ды яе таксічнасць». У адным з каментароў Таболіч напісаў, што супраць Алеся Лапка завялі крымінальную справу ўлады Польшчы.

Музыка Алесь Таболіч сцвярджае, што супраць Алеся Лапка з Беларускага моладзевага хабу завялі крымінальную справу. Крыніца: «Беларусы ў Варшаве» / Facebook

У каментары «Белсату» Алесь Лапко назваў гэтую інфармацыю хлуснёю:

«Мяне б праінфармавалі. Я ў кантакце з паліцыяй ды іншымі службамі».

Алесь мяркуе, што недарэчнасць адбылася праз няведанне польскай мовы: «Ані Сяргей Бульба, ані Алесь Таболіч хіба не ведаюць польскай мовы і польскіх законаў. Я бачыў паперу, якую з паліцыі атрымаў Бульба ў адказ на заяву. У паперы гаворыцца, што заява прынятая і разглядаецца – і ўсё. Яны гэта інтэрпрэтавалі, што заведзеная крымінальная справа».

Лапко прызнаўся, што асабліва не сочыць за пляцоўкаю пад кіраўніцтвам новых асобаў, бо сваіх праблемаў дастаткова:

«Мы актыўна шукаем новае памяшканне для новага хабу, каб, пакуль ідуць разборкі, у нас не было перапынку. І 9 верасня будзе канцэрт, які ладзіць полк Каліноўскага, «Рух», шмат іншых арганізацыяў, партнёрам выступае і Беларускі моладзевы хаб – нашая арганізацыя, не датычная да Бульбы і Таболіча».

Hавiны
У Варшаве адбудзецца дабрачынны канцэрт да гадавіны бітвы пад Воршай
2023.08.31 17:18

2 жніўня Алесь Лапко заявіў пра рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу ў цэнтры Варшавы. Арганізацыю ўзначаліў заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба, які сцвярджаў, што стаўся кіраўніком законна, і абвінавачваў старую каманду ў злоўжываннях.

Бульба скардзіўся, што Лапко не аддае нейкіх дакументаў, што датычаць дзейнасці хабу, і з гэтай нагоды напісаў заяву ў паліцыю. Лапко ў адказ сцвярджае, што гэтых дакументаў не мае, бо яны захоўваюцца ў юрыдычнай фірме, якая абслугоўвае пляцоўку і належыць сябрам назіральнай рады Андрэю Ракевічу і Настассі Баравіковай.

1 верасня памяшканне, дзе быў хаб, зноў адкрылася – пад новаю назваю «Робім разам».

Разбор
«Зноў нейкая клаўнада». Скандал з Моладзевым хабам як вялікі мінус беларускай справе
2023.08.04 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў