У школе раптоўна памёр сын гомельскай валанцёркі. Да яе паслалі наркакантроль


Ілюстратыўнае фота.
Фота: ТК / Белсат

У Гомлі вучань 8-га класа адной са школ памёр на перапынку. Сілавікі правяраюць сваякоў і знаёмых дзіцяці на наркотыкі.

Як паведамляе БелТА, 3 верасня на перапынку паміж урокамі хлопчык гуляў у тэлефоне, раптам яму стала дрэнна.

«Неадкладна паклікалі медсястру, яна адразу выклікала хуткую дапамогу. Рэанімацыйныя дзеянні доўжыліся 45 хвілін», – распавялі выданню ў Гомельскім аблвыканкаме, дадаўшы, што выратаваць дзіця не ўдалося.

«Пацякла сліна і ён упаў»

Zerkalo.io дадае, што інцыдэнт адбыўся ў СШ № 38 на вуліцы Валгаградскай. Паводле вучняў школы, Мікіта знаходзіўся з іншымі дзецьмі ў спартыўнай распранальні. Хлопцы перагаворваліся, сядзелі ў тэлефонах.

«У Мікіты пацякла сліна і ён упаў. Паклікалі медсястру, тая выклікала хуткую. Лекары, якія прыехалі адпампоўвалі яго «электрашокерам», але нічога не атрымалася», – кажуць відавочцы.

Паводле знаёмых вучня, праблем са здароўем у яго не было. Раней ён займаўся грэка-рымскай барацьбой, на спаборніцтвах займаў першыя месцы. Потым перайшоў у пажарна-выратавальны спорт, быў моцным, кожны год праходзіў медкамісію. Нядаўна на спаборніцтвах таксама заняў першае месца.

Ладзіцца правяранне

Па факце смерці Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэту ладзіцца правяранне, паведаміла «Правда. Гомель». Следчыя апытваюць аднакласнікаў 14-гадовага хлопчыка і адміністрацыю школы. Яны забралі асабістую справу навучэнца, запатрабавалі дакументацыю з паліклінікі. Прызначаная судова-медычная экспертыза.

Таксама, як паведамляе радыё «Свабода», да сям’і памерлага вучня прыйшоў наркакантроль. Паводле словаў маці, гэта быў не ператрус, а агляд. Міліцыя нічога не знайшла.

У сям’і – пяць дзяцей. Старэйшаму – 19 гадоў, малодшым – два гады. 19 чэрвеня 2020 маці, Таццяна Максімава, была ўзнагароджаная Ордэнам маці. Яна дапамагала затрыманым падчас пратэстаў і сваякам палітвязняў. У выніку 9 лютага 2021 года ў яе ўдома прайшоў ператрус, забралі «нават паштоўкі і дыск з вынікамі МРТ».

Hавiны
У менскай гімназіі патруціліся вучні. У дзяцей ваніты і тэмпература
2021.09.03 12:35

МГ belsat.eu

Стужка навінаў