У Менску прадаецца кватэра заснавальніка «Песняроў» Уладзіміра Мулявіна


Абвестка аб продажы кватэры, у якой жыў спявак, кампазітар, заснавальнік вакальна-інструментальнага ансамблю «Песняры» Уладзімір Мулявін, з’явілася на сайце Realt.by.

Мемарыяльная шыльда на доме, дзе жыў Уладзімір Мулявін.
Фота: realt.by

Кватэра месціцца на сёмым паверсе 12-павярховага дому па адрасе: вул. Леаніда Бяды, 13. На гэтым доме размешчаная мемарыяльная табліца аб тым, што менавіта тут жыў Мулявін.

«Гэта тая самая кватэра, у якой увесь час жылі народны артыст СССР і Беларусі, заснавальнік і мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамблю «Песняры», спявак і кампазітар Уладзімір Мулявін і ягоная сям’я», – сцвярджаецца ў абвестцы.

Абвестка пра продаж кватэры Мулявіна.
Фота: realt.by
План кватэры Мулявіна.
Фота: realt.by

Плошча кватэры – 61,6 м2, пры гэтым жылая – 40 м2, кухня – 8,4 м2. Вышыня столі – 2,61 м. Ёсць дзве лоджыі, плошча кожнай больш за 3 м2.

Санвузел паасобны. На падлозе – лінолеум. Вокны – драўляныя. Уваходныя дзверы металічныя. Кватэра патрабуе рамонту, гаворыцца ў абвестцы. Фотаздымкаў кватэры няма, толькі план.

Дом, у якім месціцца кватэра Мулявіна.
Фота: realt.by

Кошт – $ 72 500 у рублёвым эквіваленце ($ 1112 за м2).

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў