Перад вызваленнем Паліну Шарэнда-Панасюк зноў перавялі ў СІЗА па новай справе


Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю 6 жніўня, аднак супраць яе распачалі новую крымінальную справу і перавялі ў СІЗА №3 у Гомлі. Пра гэта паведамляе ейны муж Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Паліна не выйдзе на волю 6 жніўня па сканчэнню тэрміна. Сёння яе перавялі ў СІЗА-3 Гомля. Чарговы цяжкі этап, пачынае чарговы «год сурка». У СІЗА Паліна будзе да «суду» які выпіша для яе чарговы год катаванняў і здзекаў», – паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Супраць палітзняволенай ужо другі раз была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Цяпер жанчыне пагражае да двух гадоў зняволення.

Маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. 9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

У лютым 2022 года з ініцыятывы начальніка гомельскай ПК № 4 падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова суддзя Мікалай Крупадзёраў дадаў Паліне яшчэ год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У ліпені 2023 года муж Паліны паведамляў, што палітзняволеную моцна збілі ў калоніі: на твары было бачна шмат сінякоў і была перабітая пераносіца. Таксама яна адмовілася праходзіць псіхіятрычную экспертызу, на якую яе накіравалі з калоніі.

Нагадаем, што ў калоніі Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад грамадзянства Беларусі.

Разбор
Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
2023.06.01 14:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў