Выстава «Беларусь на целе». Навошта беларусы б’юць сабе пратэставыя тату


Падзеі апошніх двух гадоў пакідаюць незагойныя шнары ў сэрцах беларусаў. Не маючы магчымасці адкрыта выказвацца ў Беларусі або імкнучыся пераадолець унутраны боль і пераасэнсаваць значныя падзеі, беларусы наносяць шнары ў выглядзе татуіровак на ўласныя целы. Такія татуіроўкі збірае праект «Беларусь на целе», які вядзе журналістка Жэня Доўгая. Частка герояў з’явіцца на выставе ў фотаздымках Ірыны Арахоўскай.

Фотавыстава «Беларусь на целе».
Фота: Ірына Арахоўская

«Ідэя праекту пра татуіроўкі з’явілася пасля таго, як Паўла Белавуса арыштавалі за «пікетаванне татуіроўкай», у яго на руцэ бчб-сцяжок і імя сына набітыя. Тады стала цікава: колькі людзей праз татуіроўкі паспрабавалі адрэфлексаваць падзеі 2020 года».

Татуіроўка Паўла Белавуса.
Фота: viasnanazirae/t.me

«Я напісала ў сваім instagram, што шукаю герояў, якія набілі сабе татуіроўку, звязаную з падзеямі 2020 года. Даша Лосік зрабіла рэпост майго посту ў сябе ў сторыз ва instagram, і да мяне прыйшло вельмі шмат чалавек. Так і стварыла instagram. Шмат татуіроўшчыкаў выйшлі на мяне і сталі пісаць, расказваць пра свае працы. Я заўважыла, што самі татуіроўкі ў людзей мяняліся з падзеямі ў краіне: спачатку набівалі сімвалы пераменаў, Пагоню, потым лічбы артыкулаў, слова «Жыве», потым нешта, звязанае з вымушанай міграцыяй: ката свайго, дом, паланез Агінскага «Развітанне з радзімай», словы Барадуліна «Трэба дома бываць часцей», а потым і штосьці, звязанае з вайной», – распавядае Жэня Доўгая.

«Усе героі вельмі розныя – я спецыяльна падбірала так. Вядома, тэма палітвязняў таксама ёсць – напрыклад, мы з Ірынай Арахоўскай фатаграфавалі былога палітвязня Лявона Халатрана праз онлайн-здымку. Лявон быў у Менску. Рэч у тым, што Лявон на «хіміі» працаваў жывёлагадоўцам і парэзаў сабе мезенец нажом, выпадкова. Але парэзаў палец настолькі моцна, што ён цяпер не згінаецца. Гэта значыць, чалавек адседзеў у ШІЗА паўгода ні за што, працаваў на «хіміі» ў калгасе ні за што, яшчэ і палец скалечыў. І Лявон набіў на пальцы «342» – лічбы артыкулу, за які адседзеў. Будзе яму дакладна, што ўнукам расказаць у старасці.

Яшчэ адна ў нас гераіня ў Беларусі – ёй 18 гадоў, у яе набітыя татуіроўкі пра расейскі ваенны карабель і вожык са сцягам бчб (як адсылка да Сцяпана Латыпава). Яна яшчэ сказала, што ў яе набітая фраза «Жыве Беларусь», але нам яе не паказала, бо сказала, што татуіроўшчык зрабіў у фразе памылку. Дзяўчына падчас здымак распавядала, што вельмі баіцца хадзіць цяпер па Менску з адкрытымі рукамі, асцерагаецца, што татуіроўку заўважаць. Яшчэ мы фатаграфавалі дыстанцыйна байца палка Каліноўскага. Ягоная сяброўка дапамагала нам сфатаграфаваць яго – адбывалася гэта проста на Хрэшчатыку. Ён і яшчэ сямёра байцоў роты цяжкага ўзбраення, дзе камандзірам быў Брэст, набілі сабе памятныя татуіроўкі з выявай іхнага шаўрону. Адзін з байцоў загінуў – Васіль Грудавік, і загінуў ён разам з Брэстам. Беларусы становяцца носьбітамі гісторыі сваёй краіны і сваёй ідэнтычнасці на ўласным жа целе», – расказвае Яўгенія.

Аляксей

Фотавыстава «Беларусь на целе».
Фота: Ірына Арахоўская

«Гэта малюнак шасцігадовага хлопчыка Льва з заводу «Азоўсталь». Ракеты не глядзяць: дзіця ў зоне іх дзеяння ці дарослы, цывільны ці вайсковец. Мне здаецца, калі б у 2020 годзе ўсё атрымалася, то цяпер вайна ішла б і на нашай тэрыторыі, у Беларусі. Татуіроўку я зрабіў сабе сам. «Кветкі для сілавікоў» былі зробленыя спантанна – прыйшла ў галаву ідэя зрабіць такія кветачкі на пальцах, адразу і зрабіў. На кожным пальцы колькасць колераў адпавядае пэўнаму ліку: 1, 3, 1, 2 [гэта лікавая абрэвіятура ACAB], кропкі ўнізе гэта паўтараюць. Пэўна, гэта нешта завуаляванае. Пасля 16 жніўня, калі сілавікам дарылі кветкі з надзеяй, што яны адумаюцца. Цяпер ужо дакладна яны заслужылі толькі такія кветкі, у выглядзе ACAB. Татуіроўка – гэта памяць, знак на скуры, які захаваў стан чалавека ў моманце і пакінуў пра гэта напамінак назаўжды. Гэта дапамагае не забываць – хто мы насамрэч, і не губляць пільнасці».

Крысціна

Крысціна Рыхтэр. Фотавыстава «Беларусь на целе».
Фота: Ірына Арахоўская

«Я беларуска, і гэта мая ідэнтычнасць, дзе б я ні была. Цяпер я не магу вярнуцца дадому. Тое, што адбываецца ў маёй краіне, не проста хвалюе і турбуе навінамі ў медыях, – гэта закранула мяне, маіх блізкіх, сяброў, калег і тысячы людзей, з якімі я нават не знаёмая. Часам я думаю пра тое, які цяпер месяц і год, і разумею, што свядомасць забуксавала ў жніўні 2020-га. Сотні тысячаў людзей на вуліцах, затрыманні, катаванні, кветкі, кроў, жаночыя маршы, боль, слёзы, страх, роспач і шмат, вельмі шмат надзеі, што вось-вось усё зменіцца. Пра гэта ўсё мне хацелася пакінуць успамін у выглядзе татуіроўкі. А калючы дрот працягнуў іншую татуіроўку (радкі з «Пагоні» на іншым баку рукі). Я знайшла падобную выяву ў Pinterest, і мне вельмі запала. Калючы дрот – гэта для мяне і пра палітвязняў, і пра краіну ў цэлым, дзе ўсе людзі нібыта ў турме. Дзе дрот разрываецца, і вылятаюць птушкі, – гэта і пра тых, хто вырваўся з Беларусі і здолеў з’ехаць,і пра палітвязняў, якія, хоць і сядзяць, унутры застаюцца вольнымі духам птушкамі. Калі ўсё скончыцца, я перабʼю дрот васількамі. Пакуль планую так, але пабачым…»

Ракета, ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага

Ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным Ракета. Фотавыстава «Беларусь на целе».
Фота: Ірына Арахоўская

«Сем ваяроў нашага батальёну «Волат» зрабілі сабе такія татуяванкі. Брэст [Іван Марчук – камандзір батальёну «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага] яшчэ жывы быў, калі мы з іншымі ваярамі зрабілі татухі. Сказаў нам: «Прыдуркі вы мае». Сярод тых, хто зрабіў, быў яшчэ і Атам (Васіль Грудавік), яны з Брэстам былі пад Лісічанскам, разам і загінулі». «Забараниться» – азначае «памерці».

Серафіма 

«Мне 18 гадоў, тату з вожыкам я зрабіла ў 2021 годзе ў сакавіку. Гэта вожык, які змагаецца за справядлівасць. Татуяванка пра карабель выглядае як дзіцячы малюнак. Майстар спрабаваў перадаць, што нават дзеці праз сваю прызму разумеюць, што адбываецца. Мая малодшая сястра ў той дзень падышла і сказала, што не хоча вайны, а ёй усяго 10 гадоў. Вожык – асацыюецца з палітвязнем Сцяпанам Латыпавым. У сваім апошнім слове Сцяпан расказаў пра катаванні: «Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне казаць сабе: «Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча». І гэта ў нейкае імгненне дапамагала мне». Сцяпана Латыпава засудзілі на 8,5 гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму».

Татуіроўкі Серафімы. Фотавыстава «Беларусь на целе».
Фота: Ірына Арахоўская

11 гісторыяў паклаліся ў аснову фотавыставы Яўгеніі Доўгай і фатографкі Ірыны Арахоўскай. Выстава адкрываецца 5 жніўня а 18:00 у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве па адрасе Oleandrów, 6.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў