Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генштаб ЗСУ

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 162-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 41 500 чалавек забітымі.

Адзначаецца, што вялізныя страты дэмаралізуюць расейцаў, вымушаючы іх шукаць любую магчымасць атрымаць лёгкае раненне, каб вярнуцца на тэрыторыю РФ. Акрамя гэтага ў стане акупантаў фіксуюцца выпадкі самакалечання і сімуляцыяў кепскага стану здароўя.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Падраздзяленні Узброеных сілаў РБ ажыццяўляюць узмоцненую ахову беларуска-ўкраінскай мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. Таксама адзначаецца, што ў часцях сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі праводзіцца праверка баявой гатовасці.

За ліпень Расея захапіла ва Украіне каля 165 км² тэрыторыі, цяпер кантралюе каля 19,4 % тэрыторыі Украіны:

Разам з тым Упраўленне стратэгічных камунікацыяў ЗСУ паведаміла, што расейскія вайскоўцы плануюць да канца жніўня вывезці з тэрыторыі Беларусі 12 тысяч тонаў боепрыпасаў.

Спецыялісты робяць выснову, што імавернасць наступу расейцаў з тэрыторыі РБ можна лічыць нізкай, інакш боепрыпасы не вывозіліся б на іншыя кірункі.

На сіверскім кірунку расейцы абстралялі ваколіцы населеных пунктаў Мядзведаўка Чарнігаўскай вобласці, Краснаполле і Міраполле Сумскай вобласці.

На суседнім харкаўскім кірунку расейцы намагаюцца наступаць у бок лініі Байрак – Гусараўка, баявыя дзеянні працягваюцца.

Акрамя гэтага вораг абстраляў з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Лябяжае, Баршчова, Дзяменціеўка, Карабочкіна, Вялікія Прыходы, Рускія Цішкі, Стары Салтаў, Прудзянка, Пітомнік і Цупаўка.

На славянскім кірунку акупанты намагаліся прасунуцца ў бок лініі Даўгенькае – Багародзічнае, але атака была адбітая ЗСУ, вораг адступіў. Абстрэлы былі зафіксаваныя каля Багародзічнага, Дзіброўнага, Мазанаўкі, Карнавухаўкі, Чэпілю і Гусараўкі.

На краматорскім кірунку праціўнік праводзіў штурмавыя дзеянні ў бок лініі Ярэмаўка – Даліна, але поспеху не меў ды адступіў.

Таксама былі здзейсненыя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Сіверску, Мікалаеўкі, Старадубаўкі, Спірнага, Крывой Лукі, Верхнякаменскага, Грыгораўкі, Серабранкі, Райгарадку і Каленікаў.

Фота
Свет памерам са склеп. 92-гадовая харкаўчанка жыве ў падзямеллі з пачатку вайны
2022.08.04 16:29

На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок лініяў населеных пунктаў Страпаўка – Салядар, Даламітнае – Траўневае, Відраджэнне – Вяршына, Пакроўскае – Бахмут, Васільеўка – Якаўлеўка, Семігор’е – Вяршына поспеху не мелі, у выніку вораг адступіў на старыя пазіцыі. Цяпер расейцы праводзяць наступальныя дзеянні ў кірунку Новалуганскае – Кодзема, баявыя дзеянні працягваюцца.

Акрамя гэтага праціўнік абстраляў з артылерыі ваколіцы населеных пунктаў Якаўлеўка, Траўневае, Кодзема, Пакроўскае, Раздолаўка, Курдзюмаўка, Зайцава, Бахмут і Салядар. Авіяўдары расейцаў прыйшліся на тэрыторыі каля Якаўлеўкі, Салядару і Кодземы.

Таксама ранкам 4 жніўня расейцы нанеслі ўдары па Тарэцку Данецкай вобласці. «Прылёты» прыйшліся па прыпынку грамадскага транспарту, дзе ў той час знаходзіліся мясцовыя жыхары. У выніку 8 чалавек загінулі, яшчэ 4 атрымалі раненні, сярод які 3 – дзеці.

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок лініяў Лазавое – Піскі, Вясёлае – Піскі, поспеху не мелі ды адышлі назад. Таксама былі абстраляныя ваколіцы населеных пунктаў Піскі, Прачыстаўка, Шаўчэнка, Валадзіміраўка, Невельскае, Няйталава і Краснагораўка.

Тым часам абстраляным аказаўся і акупаваны Данецк. Адзначаецца, што снарады прыляцелі ў ваколіцы гатэлю «Donbass Palace» і вуліцы Арцёма. Паведамляецца, што ў выніку 5 чалавек загінулі, яшчэ 6 атрымалі раненні.

Пад абстрэл патрапіў будынак драматычнага тэатру, дзе мела адбыцца цырымонія развітання з Вольгай Качурай – палкоўніцай так званай ДНР, пра смерць якой стала вядома ўчора. Яна была сярод заснавальнікаў «Народнай міліцыі ДНР», ва Украіне жанчыну завочна асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі. Уладзімір Пуцін пасмяротна ўзнагародзіў Качуру званнем «Герой Расеі».

Hавiны
Па Данецку нанеслі загадкавы ўдар. «ДНР» вінаваціць Украіну, украінцы заўважаюць: «труп» рухаецца
2022.08.04 18:04

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках баявыя дзеянні працягваюцца ў бок лініі Аляксандраўка – Мар’інка. Расейскія абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Залізнічнае, Варвараўка, Мар’інка, Гуляйполе, Навасёлка, Гуляйпольскае і Цяміраўка.

На паўднёвабужскім кірунку акупанты абстралялі ваколіцы каля 30 населеных пунктаў, у тым ліку Мікалаева, па якім ранкам былі нанесеныя два ўдары, у выніку чаго былі пашкоджаныя дахі і вокны шматпавярховых дамоў.

Цяпер праціўнік праводзіць паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў.

Разам з тым у акваторыі Чорнага мора ў гатовасці да ўжывання высокадакладнай зброі знаходзяцца два варожыя носьбіты крылатых ракетаў марскога базавання тыпу «Калібр».

Тым часам сусветная недзяржаўная арганізацыя «Amnesty International», якая спецыялізуецца на абароне правоў чалавека зрабіла даклад, прысвечаны вайне ва Украіне, у якім зафіксавала парушэнні міжнароднага гуманітарнага права з абодвух бакоў.

Так, аўтары дакладу сцвярджаюць, што ЗСУ нярэдка размяшчалі свае базы на цывільных аб’ектах, тым самым ставячы іх пад пагрозу расейскіх удараў. Праз гэта многія цывільныя аб’екты былі разбураныя і загінулі мірныя жыхары.

Hавiны
«Расейцы таксама гэта робяць». «Amnesty International» абвінаваціла ўкраінскіх вайскоўцаў. Што кажуць эксперты
2022.08.04 16:53

Факты выкарыстання цывільных аб’ектаў для вайсковых мэтаў украінскім бокам зафіксаваныя ў 19 населеных пунктах Харкаўскай, Данецкай і Мікалаеўскай вобласцяў. Пераважна гэта былі сёлы і гарады непасрэдна каля лініі фронту.

Разам з тым, паводле «Amnesty International», Расея наносіла ўдары па цывільнай інфраструктуры Харкава, дзе не было базаў ЗСУ. Удары мэтанакіравана наносіліся па жылых кварталах, што з’яўляецца – ваенным злачынства. Таксама адзначаецца, што расейцы часта выкарыстоўваюць зброю неабіральнага дзеяння.

BK belsat.eu

Стужка навінаў