Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іхным жыццям і здароўю і перадалі спіс адказных за гэта сілавікоў


На волю вязні змаглі перадаць зварот, дзе пайменна назвалі сілавікоў, адказных за пагрозы іхнаму жыццю і здароўю. Вядома, што зварот падпісалі Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер, паведамляе тэлеграм-канал «Позірк».

Падсудныя ў клетках на судзе ў «справе Аўтуховіча». Крыніца: viasna96 / Telegram

«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных у крымінальнай справе № 20125030489 («справа групы Аўтуховіча»). Відавочны поўны развал абвінавачання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», – гаворыцца ў звароце.

Вось спіс сілавікоў, якіх яны лічаць вінаватымі:

  • палкоўнік КДБ Варанецкі;
  • следчыя Церашонак, Галавач, Лаўранчук, Герасімовіч;
  • суддзя Філатаў;
  • пракуроры Рабаў, Герасіменка.
  • начальнік турмы Казакоў, намеснік начальніка Станеўскі, начальнік рэжымнага аддзелу Коршунаў.

Абвінавачаныя, якія падпісалі зварот, выказалі спадзяванне, што ў новай свабоднай Беларусі ўчынкі пералічаных сілавікоў «будуць ацэненыя паводле заслугаў народам і правасуддзем».

На пачатку жніўня Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў спецдакладчыкам ААН паведамленне пра катаванне абвінавачаных у «справе Аўтуховіча». Паводле звестак праваабаронцаў, абвінавачаных трымаюць у негуманных умовах, ужываюць псіхалагічныя і фізічныя катаванні, пазбаўляюць магчымасці весці ліставанне і не надаюць неабходнай медычнай дапамогі.

Каментар
Што рабіць, калі палітвязні пачнуць масава выходзіць на волю? Спыталі псіхолага
2022.08.04 10:23

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў