Лукашэнкаўскія чыноўнікі хацелі гвалтоўна вывезці лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую з Алімпійскіх гульняў у Токіа, аднак бягуння не скарылася і звярнулася па абарону да японскіх уладаў.
Мы даўно забыліся на падобныя сітуацыі, аднак яны не былі рэдкія ў нашай частцы свету некалькі дзесяцігоддзяў таму – у час існавання таталітарнай савецкай сістэмы і яе панавання на прасторы ад Ціхага акіяну да Берліну. Самы гучны выпадак, хіба, усе памятаюць – як Рудольф Нурыеў (і хоць ён не быў спартоўцам) адмовіўся вяртацца ў СССР з гастроляў у Парыжы. Але гэтак зрабіў не толькі ён. Згадаем найбольш гучныя выпадкі, калі спартоўцы з сацыялістычнага лагеру адмаўляліся вяртацца пад уладу камуністаў – бо фактычна толькі ўдзел у замежных спаборніцтвах быў для іх магчымасцю трапіць за мяжу.
«Над кантынентам ад Шчэціна на Балтыцы да Трыесту на Адрыятыцы апусцілася жалезная заслона… Варшава, Берлін, Прага, Вена, Будапешт, Бялград, Бухарэст і Сафія – усе гэтыя знакамітыя гарады і насельніцтва вакол іх застаюцца ў савецкай сферы і ў той ці іншай форме існуюць не толькі пад савецкім уплывам, але ў шэрагу выпадкаў ва ўсё большай ступені кантролю з боку Масквы», – заявіў прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыл у 1946 годзе, папярэджваючы свет пра ўсталяванне камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе.
У 1948 годзе ў Лондане, на сусветных гульнях, адбыўся першы выпадак, калі прадстаўнік усходнееўрапейскай каманды застаўся на Захадзе. Гэта была Марыя Правазнікова – адна з вышэйшых прадстаўнікоў спорту ў Чэхаславаччыне, трэнерка нацыянальнай жаночай каманды па гімнастыцы, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.
Ужо пасля таго, як каманда заваявала залатыя медалі, Правазнікова адмовілася вяртацца ў Чэхаславаччыну, якая за некалькі месяцаў да Алімпіяды перажыла камуністычны пераварот і аказалася пад поўным палітычным і вайсковым кантролем камуністаў. Жанчына дажыла да 100 гадоў і ўбачыла аксамітную рэвалюцыю ў сваёй краіне ў 1989 годзе.
Алімпійскія гульні ў аўстралійскім Мельбурне ў 1956 годзе праходзілі падчас нацыянальнага антыкамуністычнага паўстання ў Вугоршчыне, супраць якога ў краіну былі ўведзеныя савецкія войскі. Сустрэчы вугорцаў з савецкімі спартоўцамі прыводзілі да вострага супрацьстаяння, а матч па водным пола нават меў вынікам раненні гульцоў – хоць вугорцы ў ім і перамаглі каманду СССР. Потым каманда Вугоршчыны па пола стала алімпійскім чэмпіёнам.
У сувязі са здушэннем паўстання дзясяткі вугорскіх спартоўцаў, то бок недзе палова ўсёй нацыянальнай алімпійскай зборнай, адмовіліся вяртацца пад уладу камуністаў. Сярод іх быў Эрвін Задар – зорка вугорскай зборнай па водным пола.
У час халоднай вайны шахматы ў СССР былі аднымі з найбольш папулярных відаў спорту – на тэлебачанні выходзілі адмысловыя праграмы, шахматысты былі вядомыя ўсёй краіне. Гульню ў мастацкіх творах нават фігуральна параўноўвалі з самой халоднай вайной, у якой перамагае найлепшы гросмайстар.
Адным з самых знакамітых савецкіх спартоўцаў, які вырашыў не вяртацца ў СССР, стаў шахматыст Віктар Карчной, чатырохразовы чэмпіён СССР па шахматах, пяціразовы чэмпіён Еўропы, шасціразовы пераможца шахматнай Алімпіяды.
Ягоны канфлікт са спартовымі чыноўнікамі быў падобным на канфлікт Крысціны Ціманоўскай – у 1974 годзе ён даў югаслаўскім медыям інтэрвʼю, у якім даў зразумець, што на яго ціснулі «зверху», каб ён саступіў у матчы з Анатолем Карпавым у тым жа годзе. Гросмайстра адразу публічна асудзілі, знізілі заробак, на два гады забаранілі пакідаць СССР. Аднак у 1976 годзе, падчас матчу ў Амстэрдаме, Карчной адмовіўся вяртацца ў камуністычную дзяржаву і папрасіў палітычнага прытулку ў Нідэрландах.
«У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны, палахлівец не гуляе ў хакей», – казала жыхарам СССР звышпапулярная песня. І сапраўды, гульня была і часткова застаецца культавай на прасторы былой краіны Саветаў. Хакеісты, якія біліся ў зборнай СССР, былі героямі ўсёй дзяржавы, пра іх здымалі і дагэтуль здымаюць фільмы, яны мелі прывілеяваны статус.
Аднак і яны, бачачы іншае жыццё за мяжою падчас міжнародных турніраў, былі схільныя да ўцёкаў з «сацыялістычнага раю». Гэтак, Аляксандр Магільны, алімпійскі чэмпіён 1988 года і чэмпіён свету 1989 года, у тым жа 1989 годзе вырашыў застацца ў ЗША, папрасіўшы палітычнага прытулку. Пазней Магільны распавядаў:
«Я быў алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам свету, трохразовым чэмпіёнам СССР. Пры гэтым не меў нават метра жытла. Каму патрэбнае такое жыццё? І гэтыя граматы з медалямі?»
Камуністычная ўсходняя частка Нямеччыны называлася Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай. Жыхарам гэтай рэспублікі было афіцыйна забаронена наведваць Заходнюю Нямеччыну – каб людзі туды не збягалі, быў нават пабудаваны сумнавядомы Берлінскі мур, а таксама ўзведзеныя смяротна небяспечныя перашкоды, ад калючага дроту да мінаў.
Спартоўцы пры гэтым лічыліся гонарам і сродкам прапаганды сацыялістычнага ладу, яны былі элітай грамадства, але пры гэтым заставаліся пад поўным кантролем, аточаныя інфарматарамі і назіраннем спецслужбоўцаў.
«Мы былі жаўнерамі на палітычным фронце, якія змагаліся за сацыялістычную бязглуздзіцу», – распавядаў лыжнік Ганс-Георг Ашэнбах, залаты медаліст Алімпіяды 1976 года.
Пры гэтым за 41 год існавання ГДР ажно 615 усходнегерманскіх спартоўцаў збеглі за мяжу. Гэтак, Аксэль Мітбаўэр, удзельнік алімпійскай зборнай на гульнях у 1968 годзе, у 1969 годзе пераплыў 22 кіламетры праз Балтыйскае мора, каб трапіць у свабодную частку краіны. Збег ад камуністаў і той самы лыжнік, алімпійскі чэмпіён Ашэнбах – у 1988 годзе.
Выпадкаў, калі спартоўцы з Захаду збягалі ў ГДР (ці СССР), не вядома.
РЛ belsat.eu