Уначы беспілотнікі атакавалі Новую Маскву. Праз іх спыняў працу аэрапорт «Унукава»


Расейскія медыі раніцаю 4 ліпеня паведамляюць пра атаку беспілотнікаў на Новую Маскву – тэрыторыі, далучаныя да сталіцы РФ у 2012 годзе. Атаку зазналі сярод іншага вайсковая частка ды аэрапорт.

Аэрапорт «Унукава».
Фота: Maxfastov / Wikimedia

«Паводле папярэдніх звестак, тры беспілотнікі ў розны час скіроўваліся ў бок Масквы. Сродкамі РЭБ два з іх знішчаныя ў Новай Маскве, адзін – у Калужскай вобласці», – сказаў суразмоўца агенцтва ТАСС. 

Паводле выдання, беспілотнікі ўпалі ў Валуеве і на тэрыторыі аднаго з вайсковых аб’ектаў падмаскоўнай Кубінкі.

«Baza» ўдакладняе, што беспілотнік атакаваў адміністратыўны будынак у вайсковай частцы.

У звязку з атакамі беспілотнікаў на некаторы час былі перакіраваныя рэйсы з падмаскоўнага аэрапорту «Унукава». Абмежаванні на палёты былі ўведзеныя а 5:10.

«У мэтах бяспекі з аэрапорту «Унукава» часова перакіраваная частка рэйсаў. А 8:00 абмежаванні на палёты ў раёне аэрапорту «Унукава» здымаюцца», – паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што абʼекты на тэрыторыі Маскоўскай вобласці і Новай Масквы былі атакаваныя пяццю беспілотнікамі. Чатыры з іх знішчаныя на тэрыторыі Новай Масквы сродкамі паветранай абароны, яшчэ адзін быў збіты сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, ён упаў на тэрыторыі Адзінцоўскага раёну Маскоўскай вобласці.

Афіцыйна адзначаюць, што ахвяраў і пацярпелых няма.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў