Сілавікі затрымалі ўкраінскую ўцякачку за «варожасць» да Расеі


Днём 4 ліпеня супрацоўнікі ГУБАЗ апублікавалі ў сваім тэлеграм-канале відэа з украінскай уцякачкай, якая нібыта «распаўсюджвала фэйкі і распальвала варожасць» паміж Расеяй і Украінай.

Затрыманая ўкраінка на «пакаянным відэа». Скрыншот: guBAZA / Telegram

З затрыманай украінкай сілавікі запісалі «пакаяннае відэа», на якім яна кажа, што прыехала ў Беларусь 22 лютага 2022 года і мае від на жыхарства. «Затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, бо распальвала ў сваім Instagram варожасць паміж Расеяй і Украінай. У сваім Instagram-акаўнце размяшчала фота і відэа негатыўнага зместу на адрас РФ», – кажа ўкраінка на камеру.

У подпісы да відэа супрацоўнікі ГУБАЗіКу абяцаюць, што яна «панясе пакаранне і будзе дэпартаваная».

Таксама на відэа паказаныя скрыншоты з ейнага Instagram. Жанчына апублікавала спасылку на расследаванне «New York Times» пра масавыя забойствы расейцамі жыхароў Бучы, а таксама тэкст пра траплянне расейскіх ракетаў у жылыя дамы ва ўкраінскіх гарадах.

Паводле якога артыкулу затрымалі ўкраінку і ў якім яна цяпер статусе – невядома.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў