Расейская армія фарсіравала Северскі Данец

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, расейская армія фарсіравала Северскі Данец на краматорскім кірунку. Нагадаем, Северскі Данец – найбуйнейшая рака на Данбасе.

У Генштабе канстатуюць, што расейскія вайскоўцы цяпер замацоўваюцца ў зонах населеных пунктаў Лісічанск і Белагораўка. Страту Лісічанску ўкраінскае камандаванне прызнала ўчора, 3 ліпеня.

На лісічанскім напрамку расейцы абстрэльваюць з артылерыі пазіцыі ўкраінскіх войскаў у зонах населеных пунктаў Залатароўка і Верхнякаменка. Залатароўка таксама захопленая.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў і кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Тым часам, на славянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі атакі ў напрамку Пасіка – Далына на поўдзень ад Ізюму.

Нагадаем, пасля цяжкіх баёў за Лісічанск украінскія вайскоўцы мусілі адступіць з занятых пазіцыяў і рубяжоў. Украінскае камандаванне патлумачыла, што далейшая абарона гораду магла прывесці да «фатальных наступстваў» – атачэння групоўкі ЗСУ.

3 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызнаў пагрозу поўнай акупацыі Луганскай вобласці.

Генштаб ЗСУ прызнаў страту Лісічанску

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны