Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 чэрвеня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 4 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS. Фота: U.S. Marine Corps

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 31050 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія сілы адбілі дзевяць атак расейцаў. Пры гэтым асноўныя баявыя дзеянні вораг праводзіў у Севераданецкім і Бухмуцкім кірунках. Таксама падкрэсліваецца, што тэмп прасоўвання расейскіх войскаў падчас баявых дзеянняў нізкі, паколькі маральны і фізічны стан войска знаходзіцца на нізкім узроўні.

Расейскія дэсантныя войскі. Фота: Wikimedia Commons

Разам з тым Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) выказаў меркаванне, што расейцы могуць усталяваць кантроль над Луганскай вобласцю на працягу наступных двух тыдняў.

На іншых участках фронту расейцы не праводзілі актыўных наступальных аперацыяў, замест гэтага яны ўмацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю асабовага складу. Разам з тым абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі авіяцыяй і артылерыяй працягваліся па ўсёй лініі сутыкнення.

Акопы. 20 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У сваю чаргу губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз заявіў, што Збройныя сілы Украіны нібыта абстралялі вёску Случоўск і падпалілі дзве хаты. Паведамляецца, што Сярод жыхароў ёсць адзін пацярпелы – мужчына атрымаў лёгкае аскепкавае раненне. Нагадаем, што гэта ўжо трэці раз, калі расейцы абвінавачваць украінцаў у абстрэлах тэрыторыі РФ.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны заявілі, што пасля сыходу расейскіх вайскоўцаў у Кіеўскай вобласці эксгумавалі ўжо больш за 1300 целаў расстраляных і закатаваных мірных жыхароў. Пасля правядзення расследавання на месцы пахавання целы накіравалі ў морг, дзе праводзілася судова-медыцынская экспертыза. Але на гэты момант асобы больш як 200 загінулых не выяўленыя.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Крызісны каардынатар ААН ва Украіне і памочнік генеральнага сакратара ААН Амін Аўад паведаміў, што з пачатку ўварвання расейскіх войскаў амаль 14 мільёнаў украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Тры мільёны дзяцей вымушана прыпынілі навучанне ў школах, 15,7 мільёна чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, іхная колькасць увесь час расце. Паводле звестак Аміна Аўада, сотні тысяч людзей не маюць доступу да вады і электрычнасці, мільёны не ведаюць, адкуль ім узяць ежу на заўтра. Таксама Аўад папярэдзіў, што праз разбураную інфраструктуру з надыходам зімы жыцці мільёнаў мірных жыхароў могуць аказацца ў небяспецы.

Галоўнае Упраўлення Выведкі Міністэрства Абароны Украіны ўзнагародзіла байцоў Палка Каліноўскага «За бойові заслуги» і «Україна – понад усе!». Паведамляецца, што прычынай узнагароды стала неверагодная мужнасць, якую праявілі каліноўцы падчас выканання баявых заданняў.

Віцька Кавалак belsat.eu

 

 

Падпісвайся на telegram Белсату