Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку Расеі


Пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання сотні беларусаў пайшлі бараніць Украіну са зброяй у руках. Беларускія добраахвотнікі сфармавалі ў складзе ЗСУ батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер плануецца перафарматаваць у полк. Але ёсць і тыя беларускія грамадзяне, хто цяпер ваюе на баку Расеі. Belsat.eu распавядае, што цяпер вядома пра ўдзел беларусаў у расейскай агрэсіі.

Старая гвардыя баевікоў

У перыяд з 2014 да 2021 года ў баявых дзеяннях на Данбасе на баку «ЛДНР» бралі ўдзел сотні беларусаў. Даследчая арганізацыя «The Soufan Center» у 2019 годзе ацэньвала колькасць беларусаў, якія ваявалі на баку «ЛДНР», прыблізна на 500 чалавек. Паводле звестак з кнігі «Беларускі Данбас», агулам супраць Украіны з 2014 да 2020 года маглі ваяваць 700–750 беларусаў. У створаную супольна КДБ і МУС базу звестак баевікоў, апублікаваную ініцыятываю ByPol, былі залучаныя 140 прозвішчаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Частка тых, хто ваяваў на Данбасе яшчэ ў 2014–2015 гадах, потым аселі ў Данецку і Луганску, завялі там сем’і і сталі служыць у падраздзяленнях «ДНР» і «ЛНР» на сталай аснове. Імаверна, большасць павінна была браць удзел у баявых дзеяннях пасля 24 лютага 2022 года. Але агульную колькасць беларусаў у шэрагах фармаванняў «ЛДНР» нават прыблізна сёння ацаніць немагчыма. У адкрытых крыніцах ёсць звесткі толькі пра адзінкі.

Напрыклад, пасля пачатку вялікай вайны неаднаразова з’яўляўся ў відэароліках прапагандысцкіх рэсурсаў мянчук Андрэй Грышуцін (1979 года нараджэння). Раней у Беларусі ён служыў у спецназе в/ч 3214. На Данбасе Грышуцін з пазыўным Беларус ваюе як мінімум з 2015 года.

Засвяціўся ў сацыяльных сетках пасля 24 лютага і яшчэ адзін баявік з Беларусі – Анатоль Малчанаў (1970 года нараджэння). Малчанаў ваюе з самага пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту, браў удзел яшчэ ў анексіі Крыму ў 2014-м. Паводле апублікаванай «ByPol» інфармацыі, у Беларусі ён меў дзве судзімасці і быў у полі зроку спецслужбаў праз датычнасць да маргінальных расейскіх арганізацыяў «Белая гвардыя» і «Расейская вызваленчая армія».

Падазраваныя ў ваенных злачынствах

Да 2022 года не менш за 12 беларусаў засвяціліся ў складзе расейскай ПВК Вагнэра. Мінімум двое з іх – Аляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў – бралі ўдзел у поўнамаштабным уварванні.

24 траўня СБУ паведаміла, што яны падазраюцца ва ўдзеле ў ваенных злачынствах у сяле Матыжын, што ў Кіеўскай вобласці. Агулам гаворка пра 14 эпізодаў: забойствы цывільных асобаў, спальванне дамоў, катаванні і ўтрыманне людзей у сутарэннях у бесчалавечных умовах, крадзеж.

Аналітыка
Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?
2022.05.25 14:48

У ваенных злачынствах украінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць таксама жыхара Мазыра Сяргея Калацэя. Генеральная пракуратура Украіны назвала Калацэя «камандзірам аддзялення Упраўлення федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ульянаўскай вобласці». Следства сцвярджае, што 18 сакавіка ён забіў у Бучы 4 мірных жыхароў. Калацэя ідэнтыфікавалі дзякуючы запісу з онлайн-камэры ў аддзяленні СДЭК у Мазыры, адкуль расейскія марадзёры адпраўлялі нарабаванае ў Расею. На гэтым відэа мужчыну апазналі сведкі расстрэлаў у Бучы.

Калацэй адмаўляе сваю датычнасць да падзеяў у Бучы і вайны ва Украіне. Сцвярджае, што не служыў у Нацыянальнай гвардыі Расеі і ўжо два гады нібыта наагул не выязджаў з Беларусі. Абвінавачанні Калацэй назваў памылкай і паклёпам. Пры гэтым ён прызнаў, што сапраўды прысутнічае на відэа, запісаным з кур’ерскага пункту СДЭК у Мазыры.

Першы падазраваны ў забойствах у Бучы – камандзір Нацыянальнай гвардыі Расеі Сяргей Калацэй. Крыніца: VenediktovaIryna / Facebook

Апытаныя журналістамі знаёмыя Калацэя сцвярджаюць, што ён не служыў у войску і ўжо не першы год працуе Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Знайсці інфармацыю, якая б сведчыла пра датычнасць Калацэя да сілавых структураў, прэса таксама не здолела.

Але генеральная пракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава настойвае, што следства мае бясспрэчныя доказы датычнасці Калацэя да расстрэлаў у Бучы.

Аналітыка
Што не так з першым падазраваным у ваенных злачынствах у Бучы – беларусам Сяргеем Калацэем?
2022.05.03 19:29

Вербаванне, генерал і збіты лётчык

У сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што расейскія спецслужбы вярбуюць у армію ўварвання беларускіх вайскоўцаў.

Паводле ўкраінскай выведкі, за выкананне «спецзаданняў» беларусам прапаноўвалі фінансавае забеспячэнне памерам $ 1000–1500 за месяц. Да таго ж ільготнае навучанне ў расейскіх вайсковых ВНУ (напрыклад, Разанская паветрана-дэсантная камандная вучэльня). Тых, хто даваў згоду, выключалі са спісаў асабістага складу сваіх падраздзяленняў дзеля працягу службы па-за межамі Узброеных сілаў Беларусі.

У ГУР адзначалі, што такія выпадкі былі зафіксаваныя ў прыватнасці ў падраздзяленнях 103-й дэсантнай дывізіі Узброеных сілаў Беларусі і Гомельскай памежнай групы.

Ці шмат беларускіх вайскоўцаў былі завербаваныя расейцамі, у ГУР не ўдакладнялі. Але 22 траўня ўкраінская выведка паведаміла, што ў Беларусі пахавалі некалькіх вайскоўцаў, якія падпісалі кантракт з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі і бралі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Сцвярджалася, што пахавалі загінулага жаўнера ў Мар’інай Горцы, а ў Асіповічах пахавалі адстаўнога афіцэра і былога салдата-кантрактніка. Іхных імёнаў украінскае ведамства не называла.

26 траўня «ByPol» паведаміў, што ў баявых дзеяннях на баку Расеі бярэ ўдзел 55-гадовы беларускі генерал Аляксандр Караў. Ён служыў у розных вайсковых частках Беларусі, прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандуючага ВПС і СПА ў званні генерал-маёра. У снежні 2021 года Карава вызвалілі ад пасады і звольнілі ў запас праз выслугу гадоў.

Аляксандр Караў.
Фота: minsknews.by

Раней у медыі трапіла інфармацыя пра гібель 67-гадовага беларускага лётчыка Мікалая Маркава. Спачатку пра гэта паведаміў рэсурс MilitaryAviation.in.UA са спасылкаю на авіяцыйныя форумы, потым інфармацыю пацвердзіў «ByPol». Сцвярджаецца, што ён служыў у прыватнай вайсковай кампаніі, лётаў Су-25. Самалёт Маркава быў збіты над Папаснаю Луганскай вобласці 12 траўня. Пахавалі яго ў Лідзе.

Загінулыя

Радыё «Свабода» 1 чэрвеня апублікавала звесткі пра яшчэ чатырох звязаных з Беларуссю вайскоўцаў, якія ваявалі на баку Расеі і загінулі. Праўда, не ўсе яны мелі беларускія пашпарты.

25-гадовы Уладзіслаў Чарноў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, калі яму было 2 гады, сям’я пераехала ў Тамбоўскую вобласць Расеі. Служыў у расейскім войску паводле кантракту. Загінуў 28 сакавіка. Узнагароджаны пасмяротна расейскім ордэнам за мужнасць.

Ілля Курналёў (пазыўны Беларус) нарадзіўся ў 2000 годзе ў Ганцавічах Берасцейскай вобласці, але сям’я потым пераехала ў Данецк. Загінуў 30 сакавіка. Абставіны гібелі невядомыя.

Допіс пра гібель Іллі Курналёва. Скрыншот VK.com

Грамадзянін Беларусі Пётр Лузанаў (1988 года нараджэння) загінуў 24 сакавіка. Меў званне капітана, камандаваў ротай у фармаваннях «ДНР». Паводле сайту «Міратворац», Лузанаў быў родам з Мазыра, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Менску. Імаверна, ваяваў на Данбасе яшчэ ў 2014–2015 гадах, меў пазыўны Пятровіч.

У красавіку падчас атакі на пазіцыі палка «Азоў» у Марыупалі загінуў маёр Павел Яўглеўскі (пазыўны Кадэт). Паводле інфармацыі Расейскага саюзу афіцэраў запасу, Яўглеўскі нарадзіўся ў Лідзе ў 1971 годзе, скончыў Менскую сувораўскую вучэльню. Потым вучыўся ў Данецкай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. Ваяваў на Данбасе з 2014 года, узначальваў 4-ы батальён 105-га палка «ДНР».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў