Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв'ю» пад прымусам і катаваннямі


Сюжэт, які дзяржаўная прапаганда назвала «інтэрв’ю», з Раманам Пратасевічам у эфіры ОНТ выклікаў хвалю водгукаў і каментароў з боку беларускага грамадства. На відэа добра бачна на запясцях Рамана Пратасевіча сляды катаванняў. Праваабаронцы і журналісты лічаць такі матэрыял недапушчальным, паколькі падчас размовы Пратасевіч знаходзіўся ва ўмовах зняволення.

З пункту гледжання журналісцкай этыкі «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам, якой выйшла ў эфіры ОНТ, лічыцца недапушчальным. Сам Раман знаходзяцца пад вартай. За кратамі і ягоная дзяўчына Софʼя Сапега. Усё гэта дае падставы казаць, што на хлопца адбываецца моцны ціск. А раны на руках сведчаць і пра катаванні ў турме.

Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым.
Фота: nn.by

Бацька Рамана Дзмітрый Пратасевіч у эфіры тэлеканала «Настоящее время» выказвае меркаванне, што ягонага сына катавалі і запалохвалі.

«У Рамана пастаянна ідзе ўнутраная барацьба паміж тым, што ён павінен сказаць, і паміж тым, што ён ніколі б у жыцці не сказаў. Я перакананы, што гэта наступствы ягонага знаходжання ў засценках СІЗА КДБ, здзекаў, катаванняў. Спачатку яго спрабавалі душыць, збівалі, цяпер бачныя сляды ад кайданкаў. Колькі яго ў іх трымалі – страшна нават выказаць здагадку. Яго запалохалі. І ён цяпер, невядома дзе знаходзячыся, можа быць, нават нейкімі псіхатропамі яго нашпігавалі – я не ведаю, наша ўлада не спыніцца ні перад чым», – кажа Дзмітрый Пратасевіч.

Бацька затрыманага журналіста кажа, што глядзець гэтую размову яму было вельмі складана. У яго склалася ўражанне, што ў карэспандэнта дзяржтэлеканала больш правоў, чым у адваката, якога пасля захопу ў аэрапорце ў Менску доўгі час не пускалі да Рамана.

«У нас зараз ёсць два Рамана Пратасевіча: Раман Пратасевіч на волі і Раман Пратасевіч у КДБ. І гэта два розныя чалавекі. Тое, што мы чулі, бачылі, – гэта зусім іншы Раман Пратасевіч, ён кажа тое, што яму загадалі казаць. Зразумела, што і словы, і фармулёўкі, і тое, як ён падае інфармацыю, і гэтыя ўсхваленні Лукашэнкі – гэта ўсё вынік катаванняў, гэта вынік таго, у які псіхалагічны і фізічны стан яго зрынулі».

Наталля і Зміцер Пратасевічы, бацькі 26-гадовага Рамана Пратасевіча, былога рэдактара Telegram-каналу Нехта, які асвятляў пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі і быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Тое, што Раман Пратасевіч закладнік рэжыму, лічыць і Святлана Ціханоўская. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва падкрэслівае, што журналіст цяпер у нечалавечых умовах і галоўная мэта грамадзянскай супольнасці дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных вязняў.

Былы Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня пасля «інтэрвʼю» з Раманам Пратасевічам напісаў, што ў гэтай сітуацыі варта памятаць словы Сцяпана Латыпава перад спробай самагубства ў зале суда.

«Даверу заслугоўваюць прызнанні, зробленыя ва ўмовах, калі ніхто не зможа паставіць пад сумнеў адсутнасць ціску і стварэння невыносных умоваў утрымання. У архівах ляжаць відэазапісы паказальных прызнанняў фігурантаў гучных працэсаў 30-х гадоў».

Hавiны
Вячорка пра ўгон самалёта: Мэтай магла быць Ціханоўская
2021.05.31 11:40

Няма гарантыі, што гэта словы Пратасевіча

Экс-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч лічыць, што заявы Пратасевіча могуць яму не належаць.

«Пратасевіча можна назваць ваеннапалонным, я вельмі шкадую праз тое, што з ім адбываецца. З ім робяць, што хочуць, а ён спрабуе выратаваць сабе жыццё і здароўе, і гэта зразумела. У такой сітуацыі немагчыма разважаць яго гэта слова ці не. Можна наўпрост сказаць, што ў гэтай сітуацыі няма ніякай гарантыі, што гэта яго заявы, а не тых, хто яго катуе», – цытуе словы акадэміка Telegram-канал «Бусел».

Беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў выказвае перакананне, што сказанае Пратасевічам – спроба выратаваць сваё жыццё.

«Пратасевіч знаходзіцца, як заўгодна можна расцаніць, або ў палоне, або ў закладніках. Хутчэй, нават у закладніках. Становішча закладніка якое? З ім у любы момант могуць зрабіць што заўгодна. Па ім бачна, што чалавек са слядамі збіцця, што яму дасталася, таму ўсе яго паказанні трэба расцэньваць як вымушанае прызнанне, чалавек ратуе сваё здароўе і сваё жыццё.

Відавочна, загадзя яму было сказана, на якія пытанні ён павінен адказаць, каб яму не было яшчэ горш, чым ёсць. Таму ніколі ніякім заканадаўствам ні ў якой нармальнай краіне такія паказанні не прымаліся за сапраўднае, і мы іх не можам за такія прымаць», – сказаў Някляеў.

Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, які таксама правёў некалькі месяцаў у засценках СІЗА КДБ лічыць, што ніхто не ведае, што цяпер робяць з Раманам Пратасевічам. Хлопец вельмі малады, а тыя, хто з ім працуе – не навічкі ў сваёй справе. Ён заклікаў памятаць, што ўсе беларусы сёння закладнікі страху і тэрору.

«Хлопцы, не трэба судзіць па словах, лепш па справах. Трэба глядзець не на тое, што кажа Раман, а на тое, што робяць з Раманам».

Hавiны
Бацькі Рамана Пратасевіча не вераць, што ён «бадзёры і вясёлы», і просяць дапусціць лекараў
2021.05.30 10:39

Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу», дзе ў апошні час працаваў рэдактарам Раман Пратасевіч таксама адзначае, што Раман, як і яго дзяўчына Софʼя Сапега зʼяўляюцца закладнікамі.

«Інтэрвʼю, дадзеныя ва ўмовах катаванняў, зʼяўляюцца неэтычнымі, таму ў прэсе не прынята іх публікаваць. Менавіта праз гэта еўрапейскія СМІ не сталі размяшчаць прызнанняў Пратасевіча і Сапегі.

Мы не можам нават уявіць сабе праз які жах прайшлі Раман і ўсе астатнія затрыманыя паводле палітычных матываў, на іх месцы можа апынуцца кожны беларус, калі мы працягнем проста моўчкі хадзіць на працу і жыць звыклым жыццём».

Помста ўладаў

Telegram-канал «Беларускі парадак» задае пытанне, ці нешта змянілася пасля таго, як у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу паказалі гэтае «інтэрвʼю»?

«Лукашэнка стаў легітымным? Не. Палепшылася эканоміка? Не. Адменяць рыхтаванне і ўвядзенне санкцыяў? Не. Народ прыняў вырадка, які захапіў уладу? Не. У чым тады карысць?

Увесь фільм выглядае як бяссільная спроба помсты, калі не можаш змяніць сітуацыю, і проста здзекуешся над апанентам, які патрапіўся пад гарачую руку. Калі не можаш даказаць, што чорнае гэта белае, а белае гэта чорнае. Калі спрабуеш зрушыць акцэнт на закладніка, але ўсё роўна ўсе ведаюць, што галоўны тэрарыст, фашыст і забойца – гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і яго шайка. І ўвесь свет ведае. І народ ведае. І нарыхтоўкі пра «стальныя яйкі» не зменяць адносіны».

Аб’ектыў
Арышт Пратасевіча абышоўся як мінімум у дзясяткі мільёнаў долараў стратаў
2021.05.29 23:07

Шмат журналістаў, аглядальнікаў і праваабаронцаў наагул не жадаюць каментаваць »інтэрвʼю«. Гэтак, публіцыст Пётр Кузняцоў адзначыў, што «тое, што ўчора паказалі на прапагандысцкім ТБ і што зараз усе абмяркоўваюць – не глядзеў. Глядзець не буду. Абмяркоўваць – таксама».

Міжнародная рэакцыя

Кіраўнік МЗС Брытаніі Дамінік Рааб заклікаў прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія маюць дачыненне да запісу «інтэрв’ю» Рамана Пратасевіча на беларускім тэлебачанні. Афіцыйны прадстаўнік урада Нямеччыны Штэфан Зайберт распавёў, што падчас «інтэрвʼю» Раман Пратасевіч даў «непраўдападобныя прызнанні», паколькі мог падвяргацца ціску.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі заклікаў прыцягнуць да адказнасці тых, хто здымаў інтэрв’ю Пратасевіча
2021.06.04 15:59

23 траўня самалёт «Ryanair» зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю пра мініраванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя спецслужбамі. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля затрымання апазіцыйнага блогера.

Фота
Бацькі Рамана Пратасевіча на Глабальным пікеце салідарнасці звярнуліся да Лукашэнкі
2021.05.29 16:45

СК belsat.eu

Стужка навінаў