Reuters: Аблігацыі Лукашэнкі пад пагрозай з-за рэпрэсіяў супраць грамадзян


Хэштэг #BelarusBloodBonds у Twitter нагадвае банкам і інвестыцыйным фондам пра іхныя абавязкі і заклікае пазбаўляцца ад аблігацыяў доўгу, які выпускае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, піша reuters.com.

Захоп Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Сафіі Сапегі выклікаў новую занепакоенасць у інвестыцыйных фондах адносна этычнасці інвестыцый у дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь, распавялі Рэйтарс супрацоўнікі шэрагу кампаній.

Адзін і інвестыцыйных менэджэраў на ўмовах ананімнасці распавёў Рэйтарс, што ягоны фонд пад ціскам кліентаў, якія звярнулі ўвагу на актыўнасць у сацыяльных сетках, ужо прадае аблігацыі беларускага дзяржаўнага доўгу.

«Нельга казаць пра экалогію, сацыяльную сферу і дзяржаўнае кіраванне і інвеставаць у сапраўды дрэннае кіраванне – больш і больш кампаній баяцца рэпутацыйных рызыкаў», – распавёў менэджэр.

Hавiны
Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв’ю» пад прымусам і катаваннямі
2021.06.04 18:23

Зараз доўг Рэспублікі Беларусь ў аблігацыях складае каля $5,5 мільярда. Сярод тых, хто купляў гэтыя паперы, такія фонды і банкі як BlackRock, PIMCO, NN IP, UBS, Aberdeen Standard і JPMorgan.

Усяго знешні дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь складае $18,5 мільярда.

Частка інвестараў ужо вырашыла пазбаўляцца лукашэнкаўскіх аблігацыяў. Гэтак, Йенс Мунч Хольст, кіруючы дырэктар дацкага фонду AkademikerPension, актывы якога складаюць $22 мільярда, ужо дадаў гэтыя паперы да спісу тых, якія купляцца не будуць.

З іншага боку, адныя з самых буйных інвестыцыйных фондаў працягваюць інвестыцыі ў рэжымы з сумнеўнай гісторыяй у сферы правоў чалавека. Гэтак, забойства ў 2018 годзе саудаўскага журналіста Джамаля Кашогі мала паўплывала на прывабнасць саудаўскіх аблігацыяў. Заходнія фонды ўтрымліваюць кітайскія аблігацыі на мільярды долараў, хоць ЗША і Еўразвяз крытыкуюць парушэнні Пекіна ў гэтай сферы.

«Аблігацыі рэжымаў, якія прыгнятаюць ці катуюць уласных грамадзянаў, называюць «крывавымі аблігацыямі», – сказаў мэнэджэр Aberdeen Standard Investments Віктар Шабо, чыя кампанія мае лукашэнкаўскія даўгавыя аблігацыі.

Аднак, магчыма, новыя санкцыі больш паўплываюць на сітуацыю з магчымасцю Лукашэнкі браць у доўг на адкрытым рынку. Гэтак, у чацвер міністр замежных спраў Нямеччыны заявіў, што Еўразвяз можа забараніць Лукашэнку выпускаць аблігацыі на еўрапейскіх фінансавых рынках, піша Рэйтарс.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў