Зноў пабіты рэкорд унутранага дзяржаўнага доўгу Беларусі. Што гэта значыць?

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала звесткі аб унутраным і замежным дзяржаўным доўгу.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 красавіка 2021 года склаў Br 59,3 млрд і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на Br 1,5 млрд (на 2,7 %).

Замежны дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка 2021 года склаў $ 18,1 млрд, ён зменшыўся з пачатку года на $ 0,5 млрд. Але агулам за 7 гадоў замежны дзярждоўг вырас амаль у паўтара разу, піша banki24.by.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка 2021 года склаў Br 11,8 млрд, ён павялічыўся з пачатку года на Br 1,9 млрд (на 19,1 %). Гэта максімальнае значэнне за перыяд публікацыі звестак аб гэтым паказніку, адзначае banki24.by.

Папярэдні рэкорд унутранага дзярждоўгу пратрымаўся ўсяго месяц. Беларускі дзярждоўг моцна завязаны на валюту, таму паслабленне беларускага рубля да асноўных валютаў аўтаматычна вядзе да павелічэння дзярждоўгу.

Кіно будзе. Інфляцыя таксама… Першы квартал не пацешыў

Але за сакавік, калі падскочыў унутраны дзяржаўны доўг, беларускі рубель нязначна патаннеў да замежных валютаў: за долар сталі прасіць на дзве капейкі больш, затое за 100 расейскіх рублёў – на 3 капейкі менш, за еўра – амаль на 9 капеек менш.

Што гэта значыць, «Белсату» растлумачыў эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Я б не сказаў, што гэта вялікі доўг, калі б не было іншых праблемаў».

Унутраны доўг – гэта доўг ураду, перадусім Міністэрства фінансаў. Урад пазычае грошы ў насельніцтва краіны, калі мусіць неяк скампенсаваць дэфіцыт бюджэту, калі «не дабірае» падаткаў у чаканым аб’ёме або калі пенсійнаму фонду не хапае грошай на выплату пенсіяў. А дэфіцыту бюджэту ў Беларусі даўно не было, а цяпер ён расце з нечаканымі тэмпамі, таму расце і адпаведны складнік унутранага доўгу, адзначае Злотнікаў.

«Галоўнае – не стан сёння, а тое, што ўсе гэтыя дэфіцыты пачалі расці з канца мінулага года ці з пачатку гэтага, – дадае Злотнікаў. – Раней былі даходы ад нафты і іншага, цяпер гэтых даходаў няма, таму будуць хутка нарастаць даўгі».

Праблема — запасы дзяржавы. Золатавалютныя рэзервы Беларусі пакуль на прымальным узроўні, але заўважна скарачаюцца: у красавіку іх было на $ 6,94 млрд у эквіваленце, у сакавіку — на $ 7,11 млрд, у мінулым жніўні — больш як на $ 8,85 млрд. Злотнікаў кажа, цяпер магчыма, што давядзецца хутка «з’ядаць запасы», і на які час іх хопіць, цяжка прадказаць.

Унутраны дзяржаўны доўг не зробіць дзяржаву банкрутам — грошы можна вярнуць насельніцтву, проста «надрукаваўшы» іх, хоць гэта паскорыць інфляцыю.

Але ёсць яшчэ і замежны дзяржаўны доўг – перад іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Замежны дзярждоўг на 1 красавіка быў роўны $ 18,1 млрд, і за студзень-сакавік на выплаты па ім пайшло больш за паўмільярда долараў.

Як эканамічныя праблемы развязваюцца ўладамі і якія насамрэч прычыны крызісу ў эканоміцы краіны

ІІ / АА belsat.eu

Hавiны