«Вывезу ў Беларусь, будзеш з турмы пісаць свае лісты». Беларусаў у Польшчы гвалтоўна высяляюць з дому


Беларуска Таццяна Рыскова і ейная сям’я сутыкнуліся са спробамі гвалтоўнага высялення з пакояў, якія яны здымаюць у доме ў Ламянках, пад Варшаваю. Таццяна кажа, што гаспадыня дому хлусіць, стварае невыносныя для жыцця ўмовы пры наяўнасці дзейнай дамовы арэнды, а надоечы наняла фірму, што займаецца прымусовым высяленнем. Высяляльнікі пагрозамі спрабуюць прымусіць Таццяну выехаць. Кіраўнік гэтай фірмы абражаў жанчыну і пагражаў вывезці яе ў Беларусь, дзе яна з турмы будзе «пісаць свае лісты». Разбіраемся ў сітуацыі.

Таццяна Рыскова разам з мужам Раманам Драбышэўскім.
Фота: асабісты архіў Таццяны Рысковай

Пакоі на паддашшы за 2000 злотых

Беларуска Таццяна Рыскова разам з сям’ёй прыехала ў Польшчу ў лютым 2021 года. Як распавядае жанчына, з радзімы давялося ўцякаць з адной валізкай і 105 доларамі ў кішэні – на рыхтаванне не было часу, бо сям’і пагражалі рэпрэсіі.

У Варшаве беларусы спачатку жылі ў сябра і шукалі жытло, якое можна зняць без каўцыі (грашовага закладу), бо не было грошай на аплату адразу двух месяцаў арэнды.

«Нам падказалі, што ў Польшчы можна зняць жытло ў абмен на яго догляд і нейкія рамонтныя працы. Мы знайшлі такі варыянт – падтрымлівалі чысціню ў доме, глядзелі котку і так жылі паўтара года», – распавядае Таццяна.

Беларусы атрымалі дадатковую абарону ў Польшчы, разам пайшлі на інтэграцыйную праграму, муж Таццяны Раман Драбышэўскі знайшоў працу, з іншай краіны прыехаў сын – сям’я пачала шукаць нармальнае жытло за грошы.

«Сацыяльная працаўніца, якая «вяла» нас у рамках праграмы інтэграцыі, падказала дом у Ламянках пад Варшавай, дзе таксама ўжо жылі ўцекачы з Беларусі. Яна так знаёміла беларускія сем’і, з якімі працавала, каб нам лягчэй было разам перажываць вымушаную эміграцыю, – распавядае Таццяна. – Так мы і трапілі ў гэты дом».

Дамову з гаспадыняй – Агнешкай П. – падпісалі праз інтэрнэт, знялі пакоі на самым паддашшы дому за 2000 злотых на месяц. Каўцыю таксама заплацілі ў такім жа памеры. Яшчэ сям’я мусіла штомесяц плаціць 900 злотых за камунальныя паслугі.

«З кастрычніка 2022 года да траўня 2023 мы жылі спакойна. Плацілі грошы, але адначасова я глядзела дом, рабіла больш працы, чым ад мяне патрабавалася. Але я люблю, калі ўсё чыста і ў парадку, – кажа беларуска. – Калі гаспадыня прыехала і пабачыла, як я гляджу дом, яна сама прапанавала мне дапамагаць ёй з рамонтам – штосьці пафарбаваць, перасунуць мэблю. І гэта будзе залічвацца ў суму арэнды. За камунальныя паслугі мы працягвалі плаціць. Дамова абмену жытла на працу ў нас была вусная».

«З вамі – беларусамі, украінцамі – увесь час праблемы, у вас ніколі няма грошай»

1 верасня 2023 года сям’я перападпісала дамову арэнды тэрмінам на год. У новай дамове была прапісаная новая сума аплаты – 3000 злотых замест 2000. Але працягвала дзеяць таксама вусная дамова абмену і меркавалася, што Таццяна не будзе плаціць грошы, пакуль будзе рабіць працу ў доме.

Дом у Ламянках, дзе Таццяна з сям’ёй здымаюць пакоі.
Фота: асабісты архіў Таццяны Рысковай

Таццяна шукала шляхі, як зрабіць пражыванне ў доме больш камфортным, у прыватнасці, прапанавала гаспадыні правесці оптавалакно і падлучыць інтэрнэт, дзякуючы чаму потым можна будзе здаць кватэры айцішнікам.

«Гаспадыня пагадзілася, падтрымала маю прапанову, абяцала ўсё аплаціць, – кажа Таццяна. – І гэта ж насамрэч не мае выдаткі – усе гэтыя правады для інтэрнэту, гэта ўсё ў любым выпадку застанецца ёй. Яна зрабіла дамову, усё абяцала аплаціць. Інтэрнэт правялі, а праз некаторы час тэлефануе майстар і пытаецца: а калі вы заплаціце? Я спачатку не зразумела, за што. Патэлефанавала гаспадыня, і я ўбачыла яе з зусім іншага боку».

Са словаў Таццяны, гаспадыня кватэры заявіла, што за інтэрнэт абавязаныя плаціць яны – беларусы, бо яна ў доме не жыве і ёй гэтага не трэба.

«Яна ўсё перакуліла з ног на галаву. Я не чакала такога. Мы былі вымушаныя заплаціць гэтыя грошы. Таксама ў размове прагучала, што «з вамі – беларусамі, украінцамі – увесь час праблемы, у вас ніколі няма грошай, я хачу, каб у гэтым доме такія людзі больш не жылі, я знайду палякаў, з якімі ў мяне не будзе праблемаў». А за інтэрнэт яна не тое што не плаціла, а нават дамову доўга не падпісвала. І тую фірму, што падлучала, падвяла, яны мне тэлефанавалі, прасілі з ёй паразмаўляць. Яна толькі пасля нагадванняў усё падпісала», – распавядае жанчына.

Пасля гэтага інцыдэнту сям’я, аднак, працягнула жыць у доме і займацца рамонтам.

«Мы аднаўлялі дошкі плоту, прыводзілі ў парадак мэблю, дарожкі на падворку. З верасня да лістапада ў доме таксама працавалі будаўнікі – яны мянялі гаўбец, рабілі цёплую падлогу, – распавядае Таццяна. – Усё гэта патрабавала шмат электрычнасці і вады, і ўсе гэтыя рахункі былі выстаўленыя нам. А потым я заўважыла, што гаспадыня яшчэ ў 2022 годзе ў камуналку дадала штогадовае абслугоўванне газавага катла на 520 злотых. Нават юрыст мне сказаў, што гэтыя выдаткі на тэхнічны догляд дому – не нашыя, што яна мусіць плаціць, але давялося нам».

«Нас пакінулі без усяго – абрэзалі газ, ваду, электрычнасць, пазбавілі вывазу смецця»

Цягам некалькіх месяцаў, пакуль Таццяна з мужам займаліся рамонтам дому, гаспадыня пісала ім, што гэтыя месяцы залічаныя паводле аплаты. А ў лістападзе, паводле нашай суразмоўцы, сказала, што ніякай дамовы не было, і запатрабавала аплаціць арэнду грашыма.

Таццяна Рыскова разам з мужам Раманам Драбышэўскім.
Фота: асабісты архіў Таццяны Рысковай

«Але ў мяне ёсць ліставанне, ейныя словы пра месяцы, якія яна нам залічыла, у тым ліку лістапад, відэафайлы са зробленымі ў доме працамі, якія я ёй адпраўляла», – кажа Таццяна.

Беларуска ў адказ запатрабавала ад гаспадыні кватэры ўсе рахункі для камунальных аплатаў.

«Я проста адчула, што яна нас падманвала ўвесь гэты час, – кажа Таццяна. – Яна даслала рахункі толькі за лістапад – снежань, і ў іх я пабачыла, што нічога не аплачана – ні газ, ні святло, нічога. І яна пачала з нас патрабаваць гэтыя грошы. Але мы штомесяц перасылалі ёй грошы на камунальных аплаты, а аказалася, што яна нічога не плаціла. Я тады сказала, што калі яна лічыць, што я ёй штосьці вінная, няхай ідзе ў суд».

Неўзабаве ў дом прыйшоў майстар сэрвіснага абслугоўвання газавага катла, распавядае беларуска:

«А на раніцу мы прачнуліся з тэмпературай у пакоях +12 ° у снежні. Аказалася, у катле было заблакаванае падвышэнне тэмпературы».

27 снежня гаспадыня прыехала з нейкімі мужчынамі і дом адлучылі ад вады, распавядае Таццяна. На пачатку студзеня яны прыехалі зноў і абрэзалі газ і электрычнасць. Усе гэтыя дзеянні беларусы здымалі на відэа.

«Нас пакінулі без усяго. Мы былі ў шоку, – распавядае беларуска. – Нас уратаваў сусед з дому – паляк 92 гадоў. Ён даў нам электрычнасць, ваду і быў на нашым баку. Іншыя суседзі ў нашым раёне былі за нас і не разумелі, што робіць гаспадыня дому. Адзін нават прасіў за яе прабачэння і казаў, каб мы не думалі, што ўсе палякі такія. Нам распавялі, што Агнешка сама ніколі ў сваім доме не жыла, заўсёды здавала – і ўвесь час уцекачам. Да беларусаў у доме жыла жанчына з Чачэніі. Юрыст нават выказаў думку, што такім чынам яна ўнікала адказнасці, выкарыстоўвала тое, што ўцекачы, хутчэй за ўсё, не будуць супраціўляцца».

Таксама Таццяна распавядае, што калі іншыя беларусы, якія жылі ў доме, з’язджалі, гаспадыня не вярнула ім 3600 злотых каўцыі без нейкіх падставаў на гэта.

«Паразіты, вошы, вас такімі зрабілі камунізм, сталінізм і рэжым Лукашэнкі»

Беларусы два тыдні жылі пры тэмпературы +6–7 ° у пакоях.

«Яна стварыла нам невыносныя для жыцця ўмовы. Я разумею, што яна хацела нас выселіць, але я не думала, што яна, якая працуе аж прадстаўніцаю Польшчы ў бюро Еўрапарламенту ў Люксембургу, будзе выкарыстоўваць такія брутальныя метады, – кажа Таццяна. – 8 студзеня яна зноў прыехала і была вельмі здзіўленая, што мы яшчэ не з’ехалі. Яна нас называла людзьмі з-за ўсходняй мяжы, казала, што нас такімі кепскімі зрабілі камунізм, сталінізм і рэжым Лукашэнкі, што мы – паразіты, вошы, што нас такіх тысячы ў Польшчы. Але мы стаялі на сваім. Мы не ўчапіліся ў гэты дом, тут жахлівыя ўмовы, але мы хочам дамагчыся, каб закон працаваў».

Таццяна з мужам некалькі разоў звярталіся ў паліцыю, у прыватнасці, калі ім абразалі газ, ваду.

«Паліцыя прыязджала, а гаспадыня ім хлусіла, што гэта не яна, а газавыя і электрычная службы нам усё абразаюць за неаплату», – кажа беларуска.

Пасля некалькіх заяваў Таццяна знайшла прысяжнага перакладчыка і з ягонаю дапамогаю ў паліцыі быў складзены пратакол. Гаспадыня ж кватэры працягвала пагражаць, сцвярджае беларуска:

«Яна мне ўвесь час казала, што я неяк на свой лад трактую польскае права. І пагражала, што калі мы не з’едзем, з намі будуць размаўляць іншыя людзі іншай мовай. І ў пэўны дзень гэтыя іншыя людзі да нас прыехалі – яна наняла высяляльнікаў, а фактычна – калектараў, якія працуюць па-за законам – запужваннямі, пагрозамі, ціскам, зменай замкоў, псаваннем маёмасці».

Кіраўнік фірмы, якая так і называецца – «Exmiter» [рэд.: з польскай – высяляльнік], Яцэк Хэйноўскі прыехаў да дому, дзе жыве Таццяна, зрэзаў замкі, адкрыў браму і паставіў сваю машыну так, што зачыніць браму стала немагчыма. А сам пачаў патрабаваць у Таццяны, каб яна з сям’ёй выселіліся з дому, і пагражаць, што іх у любым выпадку адтуль «выкінуць».

«Ён прыязджаў, абражаў нас, пісаў СМС з пагрозамі, што нас гвалтоўна высяляць, тэлефанаваў з пагрозамі. Падчас аднаго з тэлефонных званкоў сказаў, што вывезе мяне ў Беларусь, адкуль я ўцякла, перадасць Лукашэнку, і я буду «пісаць свае лісты» з турмы, – распавядае Таццяна. – У мяне запісаныя ўсе гэтыя размовы, а ягоныя візіты знятыя на камеры, якія мы паўсюль паставілі».

Яцэк Хэйноўскі, кіраўнік фірмы «Exmiter», побач са сваёй машынай на падворку дому, дзе жыве сям’я беларусаў.
Фота: скрыншот з відэа, дадзенага Таццянай Рысковай.

Мы паглядзелі відэазапісы, якія нам даслала Таццяна. Сярод іншых абразаў і пагрозаў Яцэк Хэйноўскі сапраўды кажа:

«Вывезу цябе ў Беларусь, адкуль ты ўцякла. Там твой прэзідэнт як прыме цябе, дык і не выпусціць, і будзеш з турмы пісаць свае лісты».

«Стань на калені і цалуй мне руку за тое, што жывеш у мяне»

Жанчына пачала шукаць інфармацыю пра фірму «Exmiter». Пазнаёмілася з польскімі арганізацыямі, якія абараняюць правы жыльцоў і арандатараў, дзе ёй сказалі, што такія высяляльнікі – злачынцы.

«У гэтых арганізацыях нам і падказалі ўсё запісваць на камеры, і распавялі, як працуюць гэтыя людзі. Напрыклад, чалавек пайшоў на працу, прыходзіць – дзверы запененыя ці замкі змененыя. І ніхто больш нібыта нічога не можа зрабіць, і ніхто не зафіксаваў, як гэта ўсё адбывалася, – кажа Таццяна. – Юрыстам патрэбныя здымкі, тым больш што ў дачыненні кіраўніка фірмы «Exmiter» Яцэка Хэйноўскага, які нам пагражае, у пракуратуры іншага гораду расследуецца крымінальная справа. І нашыя матэрыялы могуць толькі дапамагчы ў тым, каб прыцягнуць гэтага чалавека да адказнасці».

Пагрозы і знаёмства з метадамі працы эксмітараў напужалі Таццяну.

«Маёй адзінай надзеяй было, што калі гэтых людзей дагэтуль не пасадзілі, то значыць, яны пакуль нікога не збілі і не забілі», – кажа жанчына.

2 красавіка Агнешка П. ізноў прыязджала да Таццяны ды зноў абражала яе – называла ейную сям’ю паразітамі, казала, што яны мусяць цалаваць ёй рукі за тое, што жывуць у ейным доме.

«Цалуй мяне ў руку, што жывеш у мяне два гады. Падзякуй мне за гэта, што жывеш тут у мяне. Стань на калені. Я ўзяла цябе пад свой дах. Цалуй руку. І ў ср*у таксама. Ты жывеш у мяне, спіш у маім ложку, я дала табе ключ ад дому, а ты паводзішся як апошняя злачынца», – казала Агнешка П. на відэа, якое нам даслала Таццяна.

Беларусы выклікалі паліцыю.

«Паліцыя гэтым разам стала на наш бок, – распавядае беларуска. – Яны не дазволілі гаспадыні зайсці ў пакоі, якія мы здымаем, і яна мусіла з’ехаць. Паліцыянты распавялі, што самі накіравалі нашую справу ў пракуратуру. Хачу падкрэсліць, што гэта здарылася першы раз – што паліцыя падтрымала нас. Мінулыя разы яны ставіліся вельмі абыякава. А я выклікала іх шмат разоў, з самага пачатку, калі гаспадыня толькі пачала абразаць нам камунікацыі. Але ніякіх дзеянняў ад паліцыі тады не было».

Пасля апошняга візіту гаспадыні дому Таццяна з мужам заўважылі, што з прыдамовай тэрыторыі знік вадазборнік дажджавой вады – сям’я мусіла набыць яго і збіраць дажджавую ваду для тэхнічных мэтаў пасля таго, як ім абрэзалі водазабеспячэнне. Пазней гэты вадазборнік Таццяна з мужам заўважылі праз акно ў пакоі на першым паверсе, дзе ўласніца дому захоўвае свае рэчы.

Таццяна Рыскова разам з мужам Раманам Драбышэўскім.
Фота: асабісты архіў Таццяны Рысковай

«Гэта так нізка. Мала што ваду абрэзала, дык яшчэ і не дае збіраць дажджавую. І гэта ўжо трэці раз. Толькі першы раз гэта быў ейны смеццевы кантэйнер. Яна выліла з яго ваду і выставіла на вуліцу, патлумачыўшы, што разарвала дамову на вываз смецця і гміна забірае кантэйнер. Дарэчы, у нас і смецце не вывозяць, так», – кажа Таццяна.

«Мы зробім усё, каб спыніць гэтых бандытаў»

Таццяна кажа, што ўжо не раз былі думкі з’ехаць з дому, асабліва, калі з’явіліся эксмітары з пагрозамі, але жанчына лічыць, што яны з сям’ёй нічога не парушылі, і таму гатовая абараняцца.

«Па-першае, мы ў шоку ад ступені несправядлівасці таго, што з намі адбываецца, – кажа беларуска. – Па-другое, ад таго, што такія фірмы, як «Exmiter», увогуле працуюць у Польшчы. Калі я з імі сутыкнулася, у мяне было ўражанне, што мы трапілі ў Беларусь 90-х гадоў. Я не разумею, чаму польская дзяржава дазваляе іхнае існаванне. Паслухаўшы яшчэ прадстаўнікоў польскіх арганізацыяў, мы пастанавілі, што зробім усё, каб спыніць гэтых бандытаў. Я падыму гэтае пытанне на самы верх, у Сейм. Я змагу. Я дайду туды, куды мяне не будуць пускаць, бо гэтая праблема – не толькі нашая, і не толькі ўцекачоў, а і саміх палякаў, асабліва не вельмі багатых. Тут з гэтымі людзьмі могуць рабіць усё, што захочуць».

Таццяна цяпер рыхтуе звароты омбудсману, у Міністэрства юстыцыі, Дональду Туску, у Сейм, таксама хоча зрабіць акцыі ў Варшаве, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

«На нас нашая гаспадыня і гэтыя эксмітары зубы паломяць. Я буду вельмі радая, калі гэты Хэйноўскі сядзе ў турму і шмат людзей вызваляцца ад іхнага ціску. А потым я буду звяртацца ва ўрад, каб яны перагледзелі сістэму прыёму зваротаў ад замежнікаў. Калі я змагу дапамагчы нейкай колькасці людзей, я гэта зраблю», – кажа беларуска.

Хто такія эксмітары?

Пра дзейнасць фірмы «Exmiter», яе заснавальніка і кіраўніка Яцэка Хэйноўскага, а таксама іншыя падобныя ўстановы сапраўды шмат пішуць польскія медыі. Матэрыялы пераважна ў негатыўным ключы, хоць ёсць такія, што абараняюць такія метады высялення арандатараў.

На сайце фірмы гаворыцца, што яны займаюцца «перамовамі наконт высялення» і робяць гэта выключна тактоўна і ветліва. Тым часам гісторыі, якія распавядаюцца ў польскіх СМІ, вельмі падобныя да таго, што перажываюць Таццяна і ейная сям’я: прадстаўнікі такіх фірмаў пішуць СМС з пагрозамі, тэлефануюць штодня і пытаюцца, калі жыльцы пакінуць памяшканне, сочаць пад вокнамі, ціснуць на нейкія факты біяграфіі людзей, абражаюць. Бываюць выпадкі, калі чалавека няма ўдома, і ў гэты час эксмітары мяняюць замкі і апраўдваюць свае дзеянні тым, што ў памяшканні нікога не было, жыльцы ім не адказвалі, таму, маўляў, гаспадар памяшкання пастанавіў, што яны з’ехалі, і загадаў змяніць замкі.

Цэны на паслугі эксмітараў высокія – высяленне аднаго чалавека можа каштаваць некалькі дзясяткаў тысяч злотых, распавядаюць польскія медыі.

Дом у Ламянках, дзе Таццяна з сям’ёй здымаюць пакоі. На плоце – рэкламная налепка фірмы «Exmiter».
Фота: асабісты архіў Таццяны Рысковай

Тыя, хто падтрымліваюць эксмітараў, прыводзяць прыклады, калі жыльцы карыстаюцца нібыта прабеламі польскага права, жывуць на чужой жылплошчы і нічога не плацяць. Юрысты, у сваю чаргу, кажуць: для высялення чалавека, які не мае права займаць памяшканне, ёсць суд і судовы прыстаў, а ўсе іншыя дзеянні – пагрозы, псіхалагічны ціск, тым больш гвалтоўнае выкіданне на вуліцу – па-за законам.

Юрыст: дзеянні фірмаў-высяляльнікаў пазапраўныя і нелегальныя

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю і ацаніць дзеянні гаспадыні дому, у якім жыве Таццяна, і эксмітараў юрыста Барталамея Піляшка, знаёмага з гісторыяй – Таццяна не раз кансультавалася ў яго. Спадар Барталамей прадстаўляе арганізацыю «Канцылярыя сацыяльнай справядлівасці», што займаецца абаронай правоў жыльцоў.

«Паводле дакументаў, якія паказала Таццяна, яна мае права жыць у гэтым доме. У яе дзейная ўмова арэнды, усё аплачана. Дзеянні гэтых фірмаў-высяляльнікаў пазапраўныя і нелегальныя. Гэтая фірма – «Exmiter» – насамрэч працуе на польскім рынку, але яе дзеянні сумнеўныя», – кажа спадар Барталамей.

Паводле юрыста, гаспадыня дому не спыніла дзеяння дамовы, як таго патрабуе закон. А нават калі б яна гэта зрабіла, спыненне дамовы не раўназначнае выкіданню на вуліцу, падкрэслівае эксперт і тлумачыць, што ў польскім праве ёсць права пазадамоўнага заняцця памяшкання і гэтае права – права валодання – ахоўваецца як права ўласнасці.

«Калі хтосьці займае памяшканне без права на гэта, уласнік можа пайсці ў суд з патрабаваннем высялення. Суд мусіць вывучыць жыллёвую сітуацыю адказніка і вызначыць, ці мае ён права на арэнду сацыяльнага жытла, – кажа юрыст. – Падставай для такога права могуць быць дзеці, але і іншыя прычыны таксама. Пасля вынясення пастановы суда ўласнік можа пайсці да судовага прыстава, толькі ён можа выселіць, і ніхто іншы. Шлях вельмі просты: суд – прыстаў – высяленне. Спыненне дамовы не азначае, што я магу прыйсці, змяніць замкі і выкінуць некага з памяшкання. У пані Таццяны не спыненая ўмова арэнды. Нават калі б быў суд, ён ніколі не выселіў бы адказніка, які мае дзейнае права жыць у памяшканні».

Гаспадыня дому кідае слухаўку

Спадар Барталамей зазначае, што такія дзеянні, якія цяпер дэманструе гаспадыня дому, дзе жыве беларуска Таццяна, здараюцца, калі ўласнікі хочуць як мага хутчэй пазбавіцца ад арандатараў і здаць жытло даражэй.

Калі тэрмін дамовы арэнды скончыцца і яна будзе спыненая, арандатар мусіць выехаць.

«Але тое, што ён мусіць выехаць, не значыць, што гаспадар можа прыйсці і выкінуць яго. Згодна з польскім правам, чалавека нельга выкінуць на вуліцу, – падкрэслівае юрыст. – Калі пані Агнешка лічыць, што Таццяна штосьці ёй вінная, яна мусіць звярнуцца ў цывільны суд. А адлучэнне газу, электрычнасці (тое, што яна робіць) – гэта бандыцкія метады. У Крымінальным кодэксе ёсць адмысловы артыкул, які забараняе такія дзеянні – артыкул 191, параграф 1а. Маю спадзяванне, што з дапамогай сабранага доказнага матэрыялу атрымаецца прадстаўнікоў гэтых фірмаў і выканаўцаў гэтых нелегальных дзеянняў паставіць перад судом».

Мы звярнуліся па каментар таксама да гаспадыні дому, у якім жыве Таццяна, спадарыні Агнешкі П. Мы напісалі ёй электронны ліст і папрасілі распавесці, як сітуацыя выглядае з ейнага гледзішча. Калі яна не адказала на ліст, мы патэлефанавалі, але пачулі ў слухаўцы: «Нейкая журналістка» – і далей званок быў абарваны.

«Польшча – прававая краіна, але не трэба яе ідэалізаваць»

Абмеркавалі мы сітуацыю і з беларускім юрыстам, сябрам НАУ Міхаілам Кірылюком. Спадар Міхаіл распавёў, што рабіць беларусам, каб польскія праваахоўныя органы паставіліся да іх сур’ёзна і дзейнічалі як найхутчэй.

«Польшча – прававая краіна, так, але не трэба яе ідэалізаваць, – кажа юрыст. – У параўнанні з Беларуссю ў Польшчы, дзе бяспечна звяртацца ў паліцыю, мы чакаем, што паліцэйскі мусіць разабрацца ў нашай праблеме, пакараць вінаватых, апраўдаць невінаватых. І калі гэтага не адбываецца, людзі расчароўваюцца і не ведаюць, што рабіць. Дык вось, на тым баку – звычайныя чыноўнікі, яны працуюць аднолькава па ўсім свеце. У Польшчы таксама іх трэба падштурхоўваць да працы, і часта гэта робіць эфектыўна мясцовы юрыст. Таму першая парада – ісці да праўніка, чым раней, тым лепей».

Паводле спадара Міхаіла, звяртанне да польскага юрыста, які мае ліцэнзію, можа дапамагчы ашчадзіць грошы, бо прасцей і танней усё залагодзіць на пачатковых стадыях, чым у судовым працэсе.

«Так, бываюць сітуацыі, калі здаецца, што паліцыя не хоча чуць. Да іх прыходзіць замежнік, штосьці тлумачыць на незнаёмай мове, не разумее да канца, што адбываецца. Прасцей за ўсё яго паслаць некуды, можа, ён адчэпіцца. Таму трэба браць з сабой польскага юрыста – і тады прыём будзе зусім іншым. Так, гэта будзе каштаваць грошай, але праблема ўладкуецца хутчэй», – раіць спадар Міхаіл.

Наконт сітуацыі Таццяны Рысковай Міхаіл Кірылюк зазначае, што польскае права на ейным баку, у справе ёсць перспектыва для ўплыву і судовага працэсу, таму юрыст раіць не кідаць спробаў адстаяць свае інтарэсы, тым больш што кошты юрыдычных паслуг у справах, датычных нерухомасці, не самыя высокія.

«Мой агульны мэсідж – не трэба чакаць, што прававая дзяржава сама скасуе твае праблемы. Трэба не баяцца напружваць польскую прававую дзяржаву з дапамогай польскіх праўнікаў і пісаць пра гэта, каб іншыя беларусы гэтым таксама карысталіся, – кажа спадар Міхаіл. – А мы як беларускія актывісты можам дапамагчы, калі, напрыклад, бачым, што ёсць прабел у заканадаўстве, ці дыскрымінацыя, калі чалавеку кажуць, што не будуць дапамагаць, бо ён – беларус. Тут мы можам залучаць нашых палітыкаў, актывістаў, пайсці на прыём у міністэрства і патрабаваць выконваць нашыя правы. З прыкладамі дыскрымінацыі звяртайцеся да нас».

Мы будзем сачыць за гісторыяй Таццяны і ейнай сям’і і распавядаць вам пра развіццё сітуацыі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў