Прарасейскія крыніцы пішуць пра заход сваіх войскаў у Церны. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 771-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі сапёр пакідае чырвоныя сцяжкі побач з часткай расейскай касетнай бомбы падчас размінавання поля ў Херсонскай вобласці, Украіна. 4 красавіка 2024 года.
Фота: Ivan Antypenko / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку цягам апошніх содняў сітуацыя заставалася адносна стабільнай: паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы правялі адну атаку каля сяла Андрэеўка ў Луганскай вобласці (на захадзе ад гораду Сватава), але поспеху не дасягнулі.

Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні фіксуюцца на суседнім ліманскім кірунку, дзе ЗСУ адбілі шэраг атак праціўніка каля населеных пунктаў Церны, Спірнае і Выемка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Між тым прарасейскія тэлеграм-каналы «Фронтовая птичка» і «Военкор Котенок» сцвярджаюць, што УС РФ у выніку цяжкіх баёў зайшлі ў Церны, і цяпер ідуць сутыкненні на паўднёвым усходзе сяла. На захадзе ад населенага пункту працякае рака Жарабец, і магчымы захоп Цернаў дазволіць расейцам разрэзаць плацдарм ЗСУ на левабярэжжы на дзве часткі.

Праўкраінскія крыніцы пакуль не каментуюць інфармацыю адносна сітуацыі ў Цернах.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ фіксуе безвыніковыя атакі праціўніка каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ за содні занялі некалькі апорных пунктаў на подступах да Часавага Яру.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – паведамляе, што ўкраінцы адводзяць частку сваіх сілаў за канал Северскі Данец – Данбас. Пры гэтым іншыя падраздзяленні застаюцца абараняць частку гораду, якая знаходзіцца на ўсходзе ад канала.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што сітуацыя на кірунку цягам содняў заставалася складанай, але кантраляванай: расейцы намагаліся правесці маштабны механізаваны штурм, задзейнічаўшы да 25 адзінак тэхнікі, але ў выніку страцілі палову і адступілі.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейцы ціснуць на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду ў ваколіцах сёлаў Бэрдычы, Уманскае, Яснабродаўка, Первамайскае і Невельскае, дзе, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны Украіны адбілі не менш за 15 атак за содні.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ усё ж прасунуліся ў Бэрдычах.

Тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што таксама расейцы мелі часовы поспех каля Первамайскага, але ў выніку былі адкінутыя назад контратакай ЗСУ.

Канал «Два майора» паведамляе, што таксама ўкраінцы контратакавалі на захадзе ад Танэнькага, задзейнічаўшы пяхоту і бранятэхніку.

На навапаўлаўскім кірунку наступальная актыўнасць расейцаў лакалізуецца ў ваколіцах сяла Новаміхайлаўка і на паўднёвым захадзе ад Вадзянога, але пакуль сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы атакавалі на так званым урэмеўскім выступе каля сяла Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.

У Запарожскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў паміж сёламі Вэрбовае і Работына. Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на гэтым участку на адлегласць да паўкіламетра.

На херсонскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам содняў войскі праціўніка сем разоў атакавалі пазіцыі сілаў абароны, але поспеху не мелі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў