Хвораму на рак палітвязню Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю «і адразу адправілі ў камеру»


Адразу з аперацыйнага стала былога старшыню зліквідаванай уладамі Партыі БНФ адправілі ў камеру, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook зяць палітвязня Дзмітрый Антончык.

Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Фота: TUT.BY

Вядома, што Рыгору Кастусёву вывелі катэтар з мачавога пузыра.

У каментары «Белсату» Сяргей Антончык адзначыў, што ад палітвязня месяц не прыходзілі лісты, а пасля за тыдзень прыйшлі адразу чатыры – «ён іх пісаў, іх не адпраўлялі далей». У іх ён пісаў спачатку, што рыхтуецца да аперацыі, «што стан вельмі дрэнны, што запаленыя лімфавузлы і аналізы вельмі дрэнныя». І ў апошнім лісце паведамлялася, што 25 сакавіка адбылася аперацыя.

«І адразу з аперацыйнага стала яго адправілі ў камеру», – сказаў Антончык.

Паводле яго, пасля аперацыі палітвязню дазволілі тыдзень удзень ляжаць на ложку.

Антончык паведаміў, што магчымасць аперацыі абмяркоўвалася яшчэ раней, амаль адразу, як Кастусёў трапіў у калонію, але дактары раілі адкладаць аперацыю, пакуль магчыма, бо яе наступствы вельмі нязручныя ў побытавым плане.

«Напэўна, ужо надышоў такі крытычны момант, калі без гэтай аперацыі ўжо немагчыма было», – мяркуе зяць старшыні Партыі БНФ.

На яго думку, «калі ў такіх умовах і з такім дыягназам чалавек знаходзіцца за кратамі – гэта злачынства з боку ўлады».

У студзені 2024 году Кастусёва перавялі з калоніі на турэмны рэжым, ён быў этапаваны ў гарадзенскую турму. Як раней паведамляў Антончык, апошнія месяцы ў калоніі «Воўчыя норы» былі вельмі цяжкімі, а доўгі этап у Горадню дадаткова падкасіў здароўе палітвязня.

Вядома, што ў Рыгора Кастусёва анкалагічнае захворванне. У зняволенні ён не мае магчымасці атрымліваць неабходную медычную дапамогу.

Нагадаем, у верасні 2022 году Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі нібыта «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам». Палітык віну не прызнаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў