Рубель стабільны, але давер тут ні пры чым. За што і наколькі моцна трымаецца беларуская валюта?


Улады Беларусі заяўляюць пра ўмацаванне беларускага рубля адносна замежных валютаў, яго стабільнасць і рост даверу з боку насельніцтва . Ці праўда гэта, і якія агулам перспектывы ў беларускай валюты, «Белсат» спытаў у старэйшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтру BEROC Льва Львоўскага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Аляксандр Лукашэнка падчас паслання 31 сакавіка казаў, што беларусы сталі менш бегаць у абменнікі і хутка наагул «адмовяцца ад гэтага долара». Затым і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава ў эфіры «Беларусь 1» заявіла пра ўмацаванне беларускага рубля і рост даверу насельніцтва да яго:

«Сёння шмат хто ўсвядоміў, што наш беларускі рубель – сапраўды гэта добрая валюта для нас, для беларусаў. І я думаю, што няма сёння неабходнасці бегчы ў абменнікі. Так, гэта адчулі нашыя людзі: хто кажа пра тое, што сёння не хапае ім долараў ці еўраў? Усе думаюць пра тое, як зарабіць свой беларускі рубель для таго, каб жыць нармальна ў сваёй краіне».

Фактараў стабільнасці не назіраецца

Тым часам 4 красавіка долар і еўра зноў падаражэлі. Згодна са звесткамі Нацбанку, 1 долар каштуе 2,8627 рубля (плюс 0,31 % у параўнанні з 3 красавіка), 1 еўра – 3,1066 рубля (рост на 0,01 %). Затое ўзмацніўся беларускі рубель адносна расейскай валюты – за 100 расейскіх рублёў трэба заплаціць 3,6896 беларускіх (зніжэнне на 0,35 %).

Эканаміст Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» прызнаў, што беларускі рубель сапраўды стабільны прынамсі некалькі апошніх месяцаў. Хоць і не відаць яго моцнага ўмацавання, дадаў ён.

«Ён застаецца ў даволі стабільным калідоры. Але б я не быў упэўнены, што гэтая стабільнасць ад таго, што ўзмацніўся давер да беларускага рубля», – заявіў старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC.

Эканаміст падкрэсліў, што фактараў, якія павінны забяспечваць давер да рубля, не назіраецца, а менавіта нізкай і стабільнай інфляцыі, якая б супадала з гадавымі пастаўленымі мэтамі Нацбанку.

«Нічога з гэтага не палепшылася. Сапраўды, у 2022 годзе спачатку была вельмі моцная інфляцыя. Потым яна знізілася, але яна ўсё яшчэ кратна перавышае мэтавыя паказнікі Нацбанку», – адзначыў Леў Львоўскі.

На што глядзець?

Адносна стабільнасці рубля эканаміст раіць глядзець не на курс адносна долара і еўра, а на яго курс да расейскага рубля.

«У нас уся былая шматвектарнасць згортваецца. Расея з першага гандлёвага партнёра Беларусі ператварылася ў асноўнага. Цяпер да 70 % замежнага гандлёвага абарачэння прыпадае на Расею. Таму і важна глядзець на абменны курс з расейскім рублём», – заявіў эксперт.

Расейскі ж рубель, сказаў ён, даволі моцны, бо санкцыі ў дачыненні РФ нашмат больш адбіліся на імпарце ў Расею, чым на экспарце з яе. Гэта сур’ёзна падтрымлівае курс рубля, таму той і не ўпаў так, як мог бы, робіць выснову эксперт.

Якія перспектывы?

Леў Львоўскі адзначыў, што звычайна перспектывы курсу валютаў залежаць ад рэальнага стану з абменам валюты на біржы і ад чаканняў інвестараў.

«У нашым выпадку чаканні ўжо амаль ніяк не ўплываюць на курс валюты. Рызыкі для ўсіх інвестараў надзвычайна высокія. Усе, хто мог вывезці грошы, усе іх вывелі. Калі вы хочаце абмяняць 100 рублёў на долары ці вывезці некалькі тысяч долараў, то ў вас праблемаў моцных не ўзнікне, але калі вы хочаце вывезці вялікія грошы – напрыклад, прыбытак прадпрыемстваў замежных інвестараў, то гэтага вам зрабіць не дазволяць», – сказаў эканаміст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anton Vaganov / Reuters / Forum

Паводле яго, цяпер курс беларускага рубля залежыць выключна ад бягучага балансу, і спрабаваць прадказваць курс – гэта значыць спрабаваць прадказаць бягучы баланс.

«Калі Вялікая сямёрка прыдумае дзейсныя санкцыі супраць расейскага экспарту і расейскай нафты, то тады можна чакаць сур’ёзнага зніжэння курсу рубля – і расейскага, і прывязанага да яго беларускага. Калі не прыдумае і дзейная сітуацыя з экспартам і імпартам захаваецца, то чакаць нейкіх сур’ёзных зменаў не выпадае», – адзначыў Леў Львоўскі.

Ён таксама адзначыў, што калі раптам нейкія санкцыі з экспарту Беларусі і Расеі будуць здымацца, то можам чакаць умацавання абодвух рублёвых валютаў. Калі санкцыі будуць здымаць з імпарту, то можна чакаць «карэкцыі рубля ў бок аслаблення».

«На руку рублю»

Тым часам краіны ОПЭК+ 3 красавіка прынялі рашэнне добраахвотна скараціць з траўня і да канца 2023 года здабычу нафты ў памеры 1,66 млн барэляў за содні. Такое рашэнне было прынятае ў дадатак да таго скарачэння, пра якое краіны ОПЭК+ дамовіліся ў кастрычніку 2022 года, – на 2 млн барэляў за содні.

Арганізацыя адзначыла, што гэта крок засцярогі, накіраваны на падтрыманне стабільнасці нафтавага рынку.

Як адзначыў Леў Львоўскі, чарговае скарачэнне здабычы нафты «хутчэй, ідзе на карысць Расеі».

«Нафты будзе трохі менш – гэта значнае, хоць і некрытычнае скарачэнне. Але гэта, вядома, будзе падтрымліваць больш высокія цэны на нафту. Што, безумоўна, на руку Расеі», – заявіў ён.

Паводле яго, не варта чакаць, што праз гэта валюты РФ і Беларусі моцна ўмацуюцца, але гэта «будзе ў плюс абодвум рублям».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў