У суд накіраваныя справы палітзняволеных Аляксандрава, Злобінай, Леўшынай і Наважылава


Пракуратура Менску накіравала ў Менскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні галоўнага рэдактара і дырэктара БелаПАНу Ірыны Леўшынай і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава, а таксама журналіста Андрэя Аляксандрава ды ягонай дзяўчыны Ірыны Злобінай.

Ім выставілі абвінавачанні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Андрэй Аляксандраў (зверху злева), Ірына Злобіна (зверху справа), Дзмітрый Наважылаў (унізе справа) і Ірына Леўшына (унізе злева). Калаж: Белсат

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна абвінавачваюцца ў рыхтаванні з 14 жніўня 2020 года да 12 студзеня 2021 года не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Акрамя гэтага, яны абвінавачваюцца ў наданні дапамогі арганізацыі «BY_help» і яе прадстаўнікам у дзейнасці, накіраванай на «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (ч. 1 арт. 356 КК). Насамрэч Андрэй і Ірына дапамагалі з аплатай штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым на акцыях пасля выбараў 2020 года.

Таксама Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэнні «экстрэмісцкага» фармавання і кіраўніцтве ім: нібыта яны стварылі фармаванне з ліку работнікаў «БелаПАНу» і іншых асоб, якое ў 2020–2021 гадах размяшчала на інтэрнэт-рэсурсах БелаПАНу «экстрэмісцкія» матэрыялы.

Акрамя гэтага Аляксандраву і Наважылаву выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты адпрыбытковага падатку з лютага 2015 года да красавіка 2021 года (ч. 2 арт. 243 КК), шкоду ад якога ацанілі на суму каля 450 тысяч рублёў.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна застаюцца за кратамі з 27 студзеня 2021 года. Леўшыну і Наважылава затрымалі праз паўгода, 18 жніўня 2021 года.

Артыкулы
«Каханне дапамагае нават там»: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна – год за кратамі
2022.01.12 15:19

АД belsat.eu

Стужка навінаў