«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Менская пратэстанцкая царква «Новае жыццё», якая асуджала гвалт у Беларусі, сустракае Вялікдзень на вуліцы. Больш за месяц таму ў яе адабралі будынак. Але вернікі царквы ад сваіх поглядаў адмаўляцца не збіраюцца.

Супрацьстаянне ўладаў і пратэстанцкіх вернікаў з мікрараёну Сухарава пачалося яшчэ ў 2005 годзе, калі суд пастанавіў забраць будынак – былы кароўнік, які вернікі атрымалі раней і за свой кошт давялі да ладу. Тады ўдалося адстаяць пабудову, але ад сваіх планаў улады не адмаўляліся.

Увосень 2020 года вернікі запісалі зварот з асуджэннем гвалту і фальсіфікацыяў у Беларусі. А ўжо праз некалькі месяцаў, 17 лютага 2021 года, міліцыя і камунальныя службы проста выселілі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане вымушаныя праводзіць набажэнствы на вуліцы – на паркоўцы каля сваёй святыні. Не стала выключэннем і велікодная нядзеля.

Карэспандэнты «Белсату» наведалі святочнае набажэнства «Новага жыцця», а таксама паразмаўлялі пра падзеі вакол царквы і агулам пра бачанне сітуацыі ў сённяшняй Беларусі з пастарам супольнасці Вячаславам Ганчарэнкам.

Вячаслаў Ганчарэнка. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Пастар Вячаслаў, распавядзіце, калі ласка, як жыве царква, у якой ужо больш за месяц няма свайго будынку? Дзе вы збіраецеся, ладзіце служэнні?

– Для нас, канечне, было нечаканасцю згубіць будынак. Мы не думалі, што ўлада на гэта пойдзе. Таму давялося шмат чаго мяняць. Нам далі толькі адзін дзень, каб забраць усю маёмасць. Таму шмат было мітусні і хаосу, бо трэба было тэрмінова ўсё гэта вывозіць. І дагэтуль яшчэ не прывялі ў парадак усё, што вывезлі.

Богаслужэнні мы ладзім на вуліцы, на аўтамабільнай стаянцы каля царквы. Апроч нядзельных богаслужэнняў, людзі невялікімі групамі збіраюцца ў дамах, моляцца, разбіраюць тэксты Бібліі. Вядома, пацярпелі шмат якія служэнні, якіх у нас быў шчыльны расклад: і духоўнай, і сацыяльнай, і дабрачыннай працы. Давялося падладжвацца пад новую рэчаіснасць.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат
Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат
Пратэстацкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Вы згадвалі сацыяльную актыўнасць царквы. Ці не маглі б распавесці пра яе больш падрабязна?

– У нашай царкве мы гадамі развівалі думку, што чалавек створаны для таго, каб жыць для Бога, жыць для бліжняга. І давалі магчымасць людзям далучацца да розных служэнняў, якія б дапамагалі іншым у іх патрэбах. Тым, хто мае сям’ю, хто страціў мужа ці жонку, ці ніколі не быў у шлюбе, хто пакутуе ад нейкіх душэўных ранаў. Тых, у каго не хапае дастатку, мы падтрымлівалі фінансава, прадуктамі. Чатыры разы на год збіралі вопратку, і любы мог прыйсці і ўзяць сабе тое, што пажадае. Рэшту мы развозілі па вёсках. Працавалі з тымі, хто мае алкагольную залежнасць, і іхнымі сваякамі – сузалежнымі. Ёсць кірунак дапамогі сіротам, дамам састарэлых. Любая праблема грамадства дакраналася нашага сэрца. Гэтак праяўляецца любоў, а любоў – гэта не ўзяць, а аддаць. І ў гэтым найвялікшая асалода для чалавека.

Улады Менску ведалі пра нашую дзейнасць, і была ідэя нават даць нейкае памяшканне, каб нашыя людзі маглі нешта цэнтралізавана рабіць. Але неяк гэтага не адбылося.

Калі пачалася пандэмія, мы стварылі валанцёрскае служэнне. Дапамагалі з прадуктамі ды лекамі. Падзеі жніўня мінулага года таксама моцна закранулі і нас, бо пацярпелі і нашыя прыхаджане. Мы актыўна дапамагалі ўсім, аказвалі псіхалагічную, малітоўную ды ўсялякую іншую дапамогу.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Як так атрымалася, што вернікі і дзяржава не могуць падзяліць стары кароўнік? Чаму раней ён быў не патрэбны ўладам, а пасля яны вырашылі яго забраць?

– З 1999 года мы чатыры гады, пакуль не ўвайшлі ў кароўнік, блукалі па розных месцах. Калі ў 2002 годзе набылі гэты будынак, ён быў закінуты. Як нам сказалі, каровы адтуль «сышлі» 17 гадоў таму. Там нават была гарадская звалка. Спачатку мы хацелі пусціць усё пад бульдозер і ставіць новы будынак для царкоўных патрэбаў і сацыяльнага прызначэння. Нават была прынцыповая згода архітэктара гораду на гэта. Ніякай школы, пра якую цяпер кажуць улады, там не планавалася. Гэтая зямля нават належала раёну і не была ў межах Менску.

Але, калі тэрыторыя ўвайшла ў горад, усе нашыя стасункі з уладамі зайшлі ў тупік. Адна служба дае дазвол, а іншая – адклікае. Што б мы ні зрабілі, нашыя дакументы адклікалі. Якая прычына? Кажуць, там будзе школа. Робім запыт – ніякай школы не плануецца. То бок, яны шукалі нейкую важкую прычыну, каб нам не дазволіць.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Таму, калі нам не далі пабудаваць новы будынак, мы вырашылі выкарыстоўваць кароўнік – усё ж гэта нашая ўласнасць. Мы яго адрамантавалі і пачалі збірацца. У адказ жа ўлады зрабілі больш жорсткімі свае захады і праз суд зусім пазбавілі нас зямлі з наступным выкупам будынку. Гэтак пачалося нашае змаганне.

З чым вы звязваеце такую ўвагу ўладаў для вас і, магчыма, да іншых пратэстанцкіх цэркваў?

– З савецкага мінулага ў галовах людзей было вельмі шмат стэрэатыпаў што да пратэстанцкіх цэркваў. І ў 2000-я гады была вельмі шырокая прапаганда супраць евангельскіх цэркваў. Па тэлевізары, у газетах былі «сектанты, сектанты». І большасць людзей у нашай краіне не разбіралася ў рэлігійных пытаннях, хоць у свеце пратэстанты сярод хрысціянаў ідуць на другім месцы пасля каталікоў, а ў нашай краіне ёсць вялікая спадчына пратэстанцкага руху. Можна сказаць, што панавала сектанцкае мысленне, калі ты не прымаеш таго, чаго не разумееш, замест таго, каб гэта вывучыць.

Праз такі павярхоўны падыход уладаў евангельскі рух не ўлічваўся і, магчыма, дагэтуль не ўлічваецца. Хоць евангельскія вернікі робяць каласальную працу для краіны. Рэабілітацыйныя цэнтры для залежных і наркаманаў ёсць толькі ў пратэстанцкай практыцы. Іх няма ані ў каталікоў, ані ў праваслаўных. У іх ёсць, вядома, свае моцныя бакі, але ўявіце, якую цяжкую працу бяруць на сябе евангельскія вернікі. Колькі лёсаў няшчасных аднаўляецца штогод! Даецца надзея людзям, яны ўваходзяць у нармальнае жыццё, ствараюць сем’і, працуюць, плацяць падаткі, робяць дабро.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Магчыма, мы сталі яскравай гісторыяй, бо вырашылі змагацца за свае правы. Шмат цэркваў, якіх гоняць, абіраюць маўчанне. Магчыма, нашая царква была большая за іншых і мела больш рэсурсаў, у тым ліку, людскіх, юрыдычных, каб змагацца. Таму пра нас было больш чуваць. Узаемадзейнічалі з грамадскімі арганізацыямі, атрымалі вельмі моцнае міжнароднае падтрыманне. Але, на вялікі жаль, евангельская царква дагэтуль не прызнаная як моцны і цудоўны рэсурс у нашай краіне.

– У царквы ўжо не першы раз адбіраюць будынак. Чым гэтая сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх?

– Раней былі толькі спробы, а цяпер ужо рэальна ў нас забралі будынак. Цяпер увогуле час вельмі моцна змяніўся ў краіне. Калі сёння столькі людзей пацярпелі, столькі палітвязняў, столькі лжыва асуджаных, столькі цярпяць за нішто, то на тле пакутаў беларускага народу тое, што здарылася з намі, не такая і яскравая падзея. Хоць для мяне як пастара і для вернікаў гэта надзвычайнае здарэнне.

Калі ўжо бяруцца за царкву, то маральны заняпад дасягае крытычнай кропкі. Царква ёсць адным са значных інстытутаў, які можа даваць маральную ацэнку грамадству, ураду і падзеям. Калі яе ўжо зневажаць і пазбаўляць магчымасці працы, то куды далей можна яшчэ апусціцца?

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Мы заўсёды разумелі, што ў нас няма фізічных сілаў, каб супрацьстаяць. Мы шукалі законныя магчымасці. У нас былі юрыдычная моц і натхненне. Але, прайшоўшы такі шлях, мы зразумелі, што нічога не працуе. Толькі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ў нас было 40 паседжанняў. І што мы пабачылі? Пытанне не вырашаецца справядліва. У нас у царкве ёсць чалавек, які быў намеснікам старшыні Канстытуцыйнага суда Беларусі. Але і з ягоным досведам і дапамогай іншых людзей мы не здолелі нічога зрабіць. Калі ты бачыш, што няма справядлівасці, то гэты рэсурс і не хочаш выкарыстоўваць, не хочаш марнаваць часу.

Нас зневажалі столькі гадоў, і ўрэшце мы засталіся без будынку. І цяпер мне не хочацца не мець аніякіх справаў ані з уладамі, ані з людзьмі, ад якіх ты не можаш чакаць нейкіх пазітыўных рашэнняў. Пра што з імі размаўляць, калі ў нашай краіне ў структурах улады няма ніводнага чалавека, які меў бы смеласць вырашыць нашае пытанне?

– Ці прапануюць улады іншае месца для служэння?

– Яны, канечне, абяцалі даць нам зямлю. Маўляў, вы будзеце будавацца, а ў гэты час збірацца ў вашым будынку. Калі вы пабудуецеся, то туды пяройдзеце, а гэты будынак пакінеце ЖРЭА. Здаецца, неблагі варыянт. Мы чакалі, што так і будзе развівацца. У перамовах з 2015 года па 2020-ы нам толькі так і абяцалі. А пасля ўзялі і забралі будынак, нічога не прапанаваўшы.

Яны не далі нам зямлю, каб мы маглі пачаць будавацца, а сказалі выплаціць запазычанасць у падатках за царкоўную зямлю – каля $ 180 тыс. Яны перавялі зямлю на ЖРЭА, у выніку чаго з’явілася падаткаабкладанне. Для царквы такога няма. То бок, зямлю аддалі ЖРЭА, а падатак павінна царква плаціць. Вярніце назад гэтую зямлю, і не трэба будзе ніякага падатку плаціць.

Пры гэтым яны казалі, што нават не дадуць зямлю, а напішуць цыдулку з хадайніцтвам прэзідэнту пра вылучэнне нам участку зямлі, калі мы выплацім гэты падатак. Нашая царква павінна знайсці гэтыя грошы, і тады яны могуць даць гэтую цыдулку. А могуць і не даць. Ці прэзідэнт можа не зрабіць. Якія гарантыі? Ува што нам уцягвацца, калі ўсё, што было раней, аказалася хлуснёй?

– Ці не адштурхнула гэтая сітуацыя вернікаў ад царквы? Ці салідарныя з вамі іншыя цэрквы?

– Гэта вельмі балючая сітуацыя. Я размаўляў з біскупамі евангельскіх цэркваў, і ўсе вернікі вельмі занепакоеныя тым, што здарылася з намі. Яны ўвесь час нас падтрымлівалі, каб мы ўсё ж маглі мець свой царкоўны будынак. Але цяпер вельмі няпростая сітуацыя, вельмі шмат болю. І тое, што адбылося з намі, гэта толькі частка тых здарэнняў, якія ёсць абсалютнай анамаліяй для здаровага грамадства.

Сёння, калі шмат якія інстытуты задушаныя, надзеі руйнуюцца, мы як краіна падыходзім да таго моманту, калі мы мусім кінуць спадзеў на свае сілы, бо ў нас няма сілаў гэта выправіць. У нас застаецца толькі адно, але ў гэта трэба паверыць, – што Бог нам дапаможа. Каб усе цэрквы, усе вернікі, і не толькі, пачалі маліцца Богу. Я ўпэўнены, што гэта прывядзе нас да таго, што мы пабачым Божае ўмяшанне ў нашую сітуацыю.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Мы сёння змагаемся не з чалавекамі. Гэта дэманічная праява. Тая жорсткасць, якую мы пабачылі, – гэта дэманізм. І толькі праз малітву гэта можна зламаць. Духоўнае змаганне залежыць ад таго, наколькі шмат людзей на баку святла. І праз малітву, праз адкіданне нашых грахоў, якія таксама цемра, Бог выкажа сваю ласку і дасць новую атмасферу.

Я бачу, што беларусы цудоўныя. Яны цягнуцца да святла. Ім так надакучыла жыць у хлусні, у прыніжэнні. Хочацца жыць гэтак, як Госпад стварыў, – на свой вобраз і падабенства.

У 2006 годзе пры адной з першых спробаў забраць будынак царквы вернікі ладзілі галадаванне. Ці плануецца штосьці гэтым разам?

– Ёсць розныя варыянты ды ідэі таго, што мы можам рабіць. Але мы б хацелі б ведаць дакладна, што ў гэтым ёсць воля Госпада. Калі яна ёсць, значыць, Ён нас да гэтага падштурхоўвае і вядзе, значыць, Ён будзе на нашым баку. То бок, гэта будзе не проста нашая бітва. За гэтым будзе стаяць Бог.

У 2006 годзе такая ідэя прыйшла. Але напярэдадні мы вельмі моцна маліліся і пыталіся, што нам рабіць. Нам далі дзесяць дзён, каб пакінуць памяшканне. Я не хацеў ні есці, ні спаць. Я стаў на калені, і маліў: «Госпад, што нам рабіць?» І ў тую ноч Бог даў мне бачанне, у якім я ўбачыў, што Ён будзе змагацца на нашым баку. Я зразумеў, што ў нас ёсць Божая моц, каб супрацьстаяць беззаконню. Тады мы абвесцілі галадоўку, якая прынесла вялікі розгалас. Я не ведаю, каб дзесьці яшчэ было такое моцнае падтрыманне. Відаць, што гэта было Божае падтрыманне.

Мы працягваем маліцца, каб Госпад нас вёў, бо хочам дакладна ведаць, да чаго падштурхоўвае і вядзе нас Бог. Таму пакуль у нас няма нейкай іншай стратэгіі, апроч таго, што молімся і чакаем, што Бог у гэтай цемры запаліць святло і дасць нам разуменне, як весці сябе.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

У мінулым годзе вернікі царквы запісалі відэазварот з асуджэннем гвалту і беззаконня ў Беларусі, чаму вы вырашылі гэта зрабіць?

– На тое было некалькі прычынаў. Мы частка нашага народу. Адчуваем той самы боль. Частка нашых вернікаў пацярпела. І мы верым, што роля царквы ў тым, каб даваць маральную ацэнку таму, што адбываецца ў краіне, народзе, ва ўрадзе – дзе заўгодна. Мы верым, што Госпад заснаваў царкву на зямлі як сумленне нацыі. Яна падначальваецца Хрысту, а ідэі Бога першасныя адносна законаў і ідэяў ураду.

Тое, што напісана «ўсялякая ўлада ад Бога», значыць, што Бог дзеліць уладу: на царкоўную, урадавую, уладу ў сям’і. Гэта ідзе ад Бога. Ісус, засноўваючы царкву, сказаў, што брамы пякельныя яе не перамогуць. Гэта значыць, што ў царквы ёсць улада супрацьстаяць брамам пекла – то бок, усялякаму ліху, якое пекла спрабуе пасеяць у грамадстве.

Павінна быць такая моц у царкве і яе служыцелях, каб, няважна які чалавек перад табой, – просты ці з ураду, бедны ці багаты, абвесціць жаданне Бога. Паказаць, што правільна, а што не правільна. Што белае, а што чорнае. Таму, зыходзячы з гэтых вераванняў, мы зрабілі такія заявы. Бо гэта нашая роля: даваць ацэнку злу, гвалту. І мы будзем гэта рабіць, не зважаючы на тое, які будзе ўрад.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Ці не думаеце вы, што менавіта гэтым відэа справакавалі ўлады на рэзкія дзеянні?

– З боку ўладаў мы не чулі, што менавіта гэта стала прычынаю. Мы чулі, што гэта выключна гаспадарчае пытанне. Але гаспадарчае пытанне вырашалася б, бо гэта проста эканамічная спрэчка. А калі яно не вырашаецца, то тады гэта палітычнае пытанне. Таму, хутчэй за ўсё, што тое, што мы падымалі галаву ў абарону пакрыўджаных людзей, супраць гвалту, стала пэўнай прычынаю.

Я не ведаю, канечне, меркавання кожнага чалавека нашай царквы, але я пра гэта ніколі не пашкадую. Урэшце, будзе дзень, калі мы ўсе – і я, і ўлады, і кожны чалавек – будзем стаяць перад Богам. Ён бачыць наскрозь, што было зроблена і сказана. І мяне больш за ўсё хвалюе, каб дагадзіць Богу. Што я стаяў за праўду, што не пахіснуўся. Я ніколі чысціню сваіх стасункаў з Богам не размяняю на нейкія часовыя рэчы, пра якія пазней буду шкадаваць. Ісус сказаў: «Бласлаўлёныя гнаныя за праўду». Дык мы ўвогуле бласлаўлёныя.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Якой вы ў цэлым бачыце беларускую дзяржаву? Што ў ёй павінна быць, а чаго быць не павінна?

– Я бачу нашую краіну шчаслівай. Шчаслівай ад нараджэння і да самой смерці. Мы створаныя Богам для шчасця, радасці, любові. Бог прывёў чалавека ў гэты свет для асалоды, пасяліў яго ў найлепшым месцы – у Эдэмскім садзе. Канечне, адбылося грэхападзенне, але праз Ісуса Хрыста Госпад вяртае нам вяртае гэтую атмасферу ў нашым сэрцы, нягледзячы на ўсю грахоўнасць.

Таму я бачу нашых беларусаў шчаслівымі людзьмі. Я бачу, што ў нашым грамадстве пануюць узаемапаразуменне і любоў. Я бачу справядлівы закон, ад якога ніхто не пакутуе і ніхто не плача. Мы здольныя стварыць такое грамадства з дапамогаю Госпада. Я бачу павагу на ўсіх узроўнях, і чым вышэй чалавек стаіць, тым ён больш пакорлівы, тым ён больш слуга для іншых.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021. Фота: АВ / Белсат

Я бачу евангельскую канцэпцыю як нацыянальную ідэю, бо яна проста цудоўная. І Беларусь будзе квітнець. Беларускі народ цудоўны, ён працавіты, людзі разумныя і прыгожыя. І я хачу бачыць, каб нашая краіна ператварылася ў свята. У горадзе ніхто нікога не баіцца. Мы ўсе шчаслівыя людзі, адна нацыя, адна сям’я.

Гэта маё бачанне. Пра гэта я малюся і мару. Госпад шмат гадоў таму мне гэтую карціну паказаў. Я бачыў такое свята, што проста не апісаць словамі. Я бачыў нашыя вуліцы, поўныя шчаслівых і свабодных людзей. Летась мы трошкі гэта перажылі. Але ёсць нават большае, чым беларусы сабе ўяўляюць. Бог любіць нашую краіну, ён жадае яе дабраславіць і ўсіх выратаваць, дараваць усе грахі. Каб мы былі шчаслівыя не толькі на роднай зямлі, але і ўсе пасля пайшлі на неба.

МГ belsat.eu

Hавiны