Пенсіянер зразумеў, што яго падманваюць махляры, але не разгубіўся


Пенсіянер, якога хацелі ашукаць тэлефонныя махляры, не разгубіўся і падыграў ім. А сам патэлефанаваў у міліцыю. Злачынцаў схапілі.

Менскі пенсіянер, які дапамог затрымаць махляроў.
Фота: скрыншот з відэа / МВД Беларуси / Telegram

Жыхару Менску на хатні тэлефон пазваніў невядомы, які назваўся праваахоўнікам. Ён паведаміў, што сястра мужчыны нібыта трапіла ў ДТЗ. Але каб не прыцягваць яе да адказнасці, следчы запатрабаваў ад менчука 40 тысячаў долараў.

«Раздаецца такі прыемны голас, называецца следчым, што ён вядзе справу, што па віне сястры атрымалася аварыя і чалавеку патрэбная дапамога зараз. І называе, што патрэбныя грошы на рэабілітацыю, каб не адкрываць справы», – кажа пенсіянер.

Мужчына зразумеў, што гэта падман, але зрабіў выгляд, што згодны перадаць 5 тысячаў долараў. Працягваючы размаўляць з аферыстамі, ён выклікаў міліцыю і прыгатаваў пакунак для перадачы, замест грошай паклаўшы ў яго газеты.

Каб забраць перадачу, на ўмоўленае месца прыехаў 57-гадовы кіроўца таксі, які быў кур’ерам. Яго затрымалі.

Кур’ер жа мусіў перадаць пакунак пасярэдніку, які пераводзіў грошы ў крыптавалюту і пералічаў за мяжу. Ён таксама быў затрыманы аператыўнікамі Кастрычніцкага РУУС Менску.

Пачатая крымінальная справа па факце махлярства.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў