«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?


Феміністка, нізавая актывістка Наста Базар пасля смерці згвалтаванай у Варшаве беларускі Лізаветы запусціла ў сацсетках хэштэг #хопіцьгвалціць і заклікала пісаць пад ім свае гісторыі і заявы аб непрыняцці гвалту. Асабліва актывістка звяртаецца да мужчын. У каментары «Белсату» Наста разважае, што мы можам зрабіць ужо цяпер, каб спыніць гвалт.

Наста Базар, беларуская феміністка і экспертка ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі, у Галасееўскiм парку ў Кiеве, Украіна. 22 верасня 2021 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

«Дастаткова проста напісаць – я супраць гвалту»

Мы жывем у свеце ў якім жывем, і нам у ім трэба вучыцца абараняцца, мець на ўвазе ўсе небяспечнасці, якія могуць нас напаткаць, але такім чынам – толькі праз вывучэнне і дасканаленне метадаў самаабароны – праблему гвалту не вырашыць, перакананая Наста Базар.

«Праблема ў тым, што існуе гвалт. У тым, што жанчына цягам апошніх стагоддзяў успрымалася як аб’ект, а не суб’ект. Жанчына выходзіць замуж, належыць мужчыне, жанчына слабая, жанчыну трэба абараняць, жанчына – упрыгожванне калектыву. Усе гэтыя фразы, якія мы чуем штодня, насамрэч аб’ектывуюць жанчыну і па факце робяць з яе прадмет. Гэта тое, чым валодае мужчына, што мужчына павінен абараняць. У мяне пытанне толькі – ад каго? Ад іншых мужчынаў. Атрымліваецца, што жанчына – гэта трафей, за які ваююць ці які гвалцяць», – кажа актывістка.

Пасля запуску хэштэгу #хопіцьгвалціць актывістка паўдня чытала гісторыі пад ім і плакала.

«Я не чакала, што столькі жанчын напішуць, і што столькі маіх знаёмых, каляжанак, сябровак мелі гэты досвед. Але я амаль не бачыла з гэтым хэштэгам пастоў ад мужчын, – зазначае Наста. – Я бачыла вялікія каментары, дзе мужчыны пісалі, што проста словамі сітуацыі не вырашыш, і гэта ўсё лухта, вы робіце непатрэбнае і г.д. Лепей бы справай заняліся. І яны шмат пісалі гэта, па 40 словаў. А хопіць гвалціць – гэта два словы. Дастаткова проста напісаць – я супраць гвалту. Ці – у гвалце вінаваты гвалтаўнік. Хопіць гвалціць. Гэта ўжо пазіцыя. Да мужчын прыслухаюцца іншыя мужчыны. Калі шмат мужчын пабачаць, што трэдсэтары, палітыкі, блогеры-мужчыны кажуць пра тое, што яны асуджаюць гвалт, я ўпэўнена – гэта будзе мець уплыў на іншых мужчын».

Hавiны
Новыя падрабязнасці пра забойства беларускі ў Варшаве
2024.03.04 13:39

«Перастаньце вучыць нас»

Актывістка прывяла статыстычная дадзеныя, паводле якіх 98% гвалту ў Беларусі – агулам, не толькі сексуалізаванага – адбываецца з боку мужчын у бок жанчын. У 2% выпадкаў, калі ахвяры – мужчыны, гэта, часцей за ўсё, дзеці, людзі ў сталым веку ці з інваліднасцю, і ў 90% яны церпяць не ад жанчын, а ад іншых мужчын. Таксама статыстыка паказвае, што абсалютна не важна, як апранутая жанчына, п’яная яна ці цвярозая, адна ці з кампаніяй, ідзе ўначы ці ўдзень, на ўскрайку ці ў цэнтры гораду – усё гэта не мае вырашальнага значэння для гвалтаўніка, сцвярджае Наста Базар.

«Увогуле не павінна стаяць пытанне, ува што апранутая жанчына. Павінна быць пазіцыя – нельга гвалціць – і кропка, – кажа актывістка. – Гвалт – гэта заўсёды выбар гвалтаўніка, а не ахвяры. Я чула меркаванні, што жанчыны правакуюць. Мы ўсе – розныя людзі, і жанчыны, і мужчыны. І мы бываем невыноснымі, не маем рацыі, выносім мозг, як кажуць пра жанчын. Устань і сыдзі ў такой сітуацыі. Ты не маеш права біць, не маеш права падымаць руку. Заўсёды выбар на тым баку, у каго больш улады, і гэта часцей за ўсё – мужчыны. Таму выбар заўсёды за мужчынам – гвалціць ці не».

Пасля трагедыі з Лізаветай у сеціве з’явілася некалькі прапановаў ад мужчынаў – трэнераў па самаабароне – зладзіць адмысловыя трэнінгі для жанчын. У каментарах пад гэтымі пастамі можна сустрэць не толькі зацікаўленасць і ўдзячнасць, але і крытыку – маўляў, зноў мужчыны будуць вучыць жанчын, зноў яны лепш ведаюць, што жанчынам насамрэч патрэбна. Наста Базар з гэтай нагоды звяртаецца да мужчын:

«У мяне няма ніякага жадання вучыць мужчын. У мяне ёсць просьба – перастаньце вучыць нас».

«Няхай згода будзе словам 2024 года»

Паводле феміністкі, калі мужчына прапаноўвае трэнінг з жадання дапамагчы – гэта цудоўна, але лепш спрацуе не чарговае навучанне самаабароне ад мужчын, а выразнае і гучнае асуджэнне гвалту.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik

«Мужчыны, працуйце з мужчынамі. Скажыце: я супраць гвалту. Гвалт недапушчальны. Давайце перастанем гвалціць жанчын. Мужчыны чуюць мужчын, – кажа Наста. – Чаму мужчыны заўсёды вучаць жанчын, што мы яшчэ павінны зрабіць? Паверце, мы вельмі шмат робім. Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, каб у выпадку нападу мець магчымасць нечым адбіцца, мы стараемся не заходзіць у ліфт, калі там ёсць мужчыны. І гэта нашае штодзённае жыццё, нашыя штодзённыя рэфлексы, што казаць нам, што мы яшчэ павінны зрабіць – проста несправядліва. Таму, так, усе ініцыятывы добрыя, у тым ліку, трэнінгі мужчын для жанчын, але мне здаецца, што так мы зноў зробім жанчын нябачнымі».

Паводле актывісткі, мужчынам, перш чым казаць – «мы вас навучым», варта запытацца пра патрэбы жанчын і пра тое, якая дапамога ад іх патрэбная.

«Але не, ён кажа – я ведаю, як вам дапамагчы, і я вас навучу. Гэта пазіцыя ўлады і прывілеяў, якімі чалавек не дзеліцца, а ставіць жанчын на месца ніжэй. Для мяне гэта праблема ў гэтым. Лепш бы напісаў – я не жанчына, я не ведаю, скажыце, як вам дапамагчы? І няхай згода – згода жанчын – будзе словам 2024 года, а не «я вас навучу», – зазначае феміністка.

Hавiны
Грошы, сабраныя на лячэнне загінулай у Варшаве дзяўчыны, не пойдуць на аплату паслуг шпіталю
2024.03.04 14:54

Даўно існуюць трэнінгі па самаабароне і асертыўнасці для жанчын Wen-Do, распавядае Наста Базар.

«Ёсць жанчыны, якія ўжо шмат гадоў вядуць гэтыя трэнінгі, на розных мовах. Гэта заняткі, створаныя жанчынамі для жанчын, – кажа актывістка. – Я лічу, што трэба сабраць грошы, каб арганізаваць бясплатныя трэнінгі па ўсёй Польшчы, а яшчэ лепш – па іншых краінах таксама, чым я і планую займацца гэтай вясной».

«Колькі спікерак будзе на наступных беларускіх канферэнцыях?»

Паводле Насты Базар, на сітуацыю з гвалтам могуць паспрыяць мужчыны, а таксама палітыкі, і ад іх патрабуецца, па сутнасці, адно і тое ж дзеянне – асуджэнне гвалту ўслых, і не толькі сексуалізаванага, а на ўсіх узроўнях.

«Нават калі мы заадно, але калі ў структурах, якія цяпер існуюць, мужчыны зарабляюць на такіх жа пазіцыях, як жанчыны, у два разы больш, гэта таксама несправядлівасць і дыскрымінацыя, – зазначае актывістка. – Тэма дыскрымінацыі вельмі шырокая, яна пачынаецца з маленькіх жартаў пра гвалт, якія мы дазваляем сабе, пра тое, што жанчыны – тупыя, слабыя ці яшчэ нешта. Потым ідзе – я зарабляю больш, жанчына ад мяне залежыць, а потым – дык чаму я не магу яе ўдарыць?».

Каб змяніць сітуацыю, ужо цяпер трэба рабіць тое, што ў нашых сілах, заклікае феміністка. Як найменш – прааналізаваць, колькі жанчын працуе ў розных структурах – медыях, НДА, палітычных структурах, і колькі пры гэтым зарабляюць жанчыны ў параўнанні з мужчынамі.

«Ці віншуюць жанчын з 8 сакавіка як упрыгожаннем калектыву альбо кажуць – мне вельмі важная твая экспертнасць? Колькі спікерак будзе на наступных беларускіх канферэнцыях? Гэтыя пытанні мы павінны сабе задаць і знайсці на іх адказы, – кажа Наста. – Калі мы кажам пра далёкую будучыню, то гэта мусіць быць прыняты закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, гвалту агулам, дыскрымінацыі».

«Калі грамадства застанецца такім, як цяпер, жанчыны будуць верыць, што самі вінаватыя»

Канцэпцыя закону аб перадухіленні хатняга гвалту распрацоўвалася ў Беларусі на працягу 10 гадоў, але ў 2018 годзе яе цалкам адхілілі, з сумам згадвае актывістка, і кажа, што ў новай Беларусі такі закон абавязкова мусіць быць. Але працаваць на гэта трэба пачынаць ужо цяпер, нават за мяжой.

«Трэба працаваць з двух бакоў. Па-першае, з людзьмі, бо нават калі будзе такі закон, але ў нас будзе такое грамадства, як цяпер, усё роўна большасць жанчын будуць упэўненыя, што яны вінаватыя самі, і яны не звернуцца па дапамогу, – перакананая актывістка. – Таксама трэба працаваць на заканадаўчым узроўні, каб гвалт быў недапушчальны з пункту гледжання закону. Тады нешта можа змяніцца».

Але Наста прапаноўвае не чакаць да пераменаў і прыняцця закону, а распачаць ужо цяпер – напісаць пост у любой сацсетцы з хэштэгам #хопіцьгвалціць:

«Можна без вялікіх прамоваў. Можна проста напісаць – я супраць гвалту і хэштэг. І гэта ўжо будзе вялікі крок, калі мы ўбачым, што нас вельмі шмат».

У выпадку, калі гвалт не атрымалася папярэдзіць, Наста раіць ахвярам звяртацца ў арганізацыі і да людзей, якія змогуць дапамагчы. Агульнае правіла – абавязкова прасіць дапамогі. Унутры Беларусі цяпер знайсці падтрымку складаней, чым раней, бо былі зліквідаваныя ўсе НДА, якія займаліся правамі і абаронай жанчын. Аднак засталіся дзяржаўныя крызісныя пакоі і падобныя ўстановы, якія, паводле эксперткі, хоць і працуюць не так добра, як павінны, але ўсё ж існуюць, і туды можна звяртацца.

Дзе шукаць дапамогу?

Таксама Наста Базар нагадала пра інфармацыйна-кансультатыўную службу Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі «Адно акно» і заклікала звяртацца туды пры любой патрэбе – кансультанткі сэрвісу заўсёды дадуць інфармацыю, куды звяртацца па дапамогу як у Беларусі, так і за мяжой.

Сярод іншых ініцыятываў, якія дапамагаюць беларускам:

  • Oliviahelp – прадстаўнікі гэтага сэрвісу могуць падказаць арганізацыі дапамогі ў краіне, дзе знаходзіцца беларуска, якая звярнулася.
  • «Яна ёй» – тут можна атрымаць псіхалагічную падтрымку.

«Калі ласка, не заставайцеся сам на сам з праблемай і абавязкова звяртайцеся па дапамогу ў любую арганізацыю з пералічаных ці да любой з феміністак – мы дакладна адна адной дапаможам», – заклікае Наста Базар.

Hавiны
«Яе звалі Ліза». У Варшаве пройдзе марш памяці аб згвалтаванай і забітай беларусцы
2024.03.03 21:55

25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы Дор’ян С., згвалціў яе і душыў, праз што ў Лізаветы здарылася гіпаксія, якая пацягнула за сабою незваротныя наступствы для мазгоў. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі.

Нападніка затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства. Раней маладога мужчыну судзілі за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Паводле Onet.pl, ён пройдзе праз псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць вызначыць ягоную свядомасць у момант нападу. Калі вынікі ўскрыцця цела пацвердзяць, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, якія выстаўляюцца Дор’яну С., ён паўстане перад судом за ейнае забойства.

Пахаваюць Лізавету ў Варшаве.

Смерць Лізаветы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сексуальных злачынствах. Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў заканадаўстве абавязковыя.

Марш памяці аб 25-гадовай Лізавеце плануюць зладзіць 6 сакавіка. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства, вуліца Журавя (Żurawia) 47 у Варшаве.

Акцыя мае распачацца а 18:00. Удзельнікі пройдуць маршам ад месца злачынства да Палацу культуры. Арганізатары заклікаюць прыходзіць на акцыю ў чорным адзенні. Марш плануюць правесці ў цішыні.

Разбор
«Эміграцыя і рэпрэсіі могуць стаць дадатковымі трыгерамі». Як за мяжою даць рады хатняму гвалту?
2024.01.19 07:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў