Журналіста Дзяніса Івашына ў гарадзенскай турме змясцілі ў ШІЗА


Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына прывозілі ў Гарадзенскі абласны суд пасля пераводу ў гарадзенскую турму №1. Аб гэтым паведаміла ягоная жонка Вольга. Таксама пасля этапавання ў гарадзенскую турму Івашына зноў чакала ШІЗА.

Дзяніс Івашын.
Фота: dzianisivashyn / Telegram

Вольга Івашына не валодае інфармацыяй пра ўзбуджэнне новай крымінальнай справы і мяркуе, што паездка ў суд была звязана са старой справай.

«Неабыякавыя людзі перадалі, што бачылі яго ў мінулую пятніцу ў будынку колішняга абласнога суда на вул. Карбышава ў Горадні. А некаму падалося, што прозвішча нашага ваяра было на стэндзе з раскладам паседжанняў. Але з чым быў звязаны новы этап у Горадню і гэтае таямнічае паседжанне, сказаць пакуль складана», – паведаміла яна.

Відавочцы кажуць, што палітвязень выглядае схуднелым. Адразу пасля хваробы ў магілёўскай калоніі Дзяніса змясцілі ў ШІЗА на 10 дзён, праз гэта не дазвалялі ліставанне. Пасля этапавання ў гарадзенскую турму яго зноў чакала ШІЗА.

«Усё гэта схіляе нас да высновы, што ворагі Беларусі вырашылі помсціць Дзянісу за ягоную дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны ўсімі магчымымі для іх сродкамі. Хочацца папярэдзіць іх, што саўдзел у катавальнях Дзяніса рана ці позна фіксуецца і выкрываецца. Таму ад сённяшняга дня любая адсутнасць лістоў і тэлефанаванняў ад Дзяніса, а таксама спроба перашкодзіць яму з сустрэчы з адвакатам будзе лічыцца доказам ціску на Дзяніса», – піша Вольга.

Hавiны
Вольга Івашына: Адзіны шанец для Беларусі і нашай сям’і – перамога Украіны
2022.03.12 19:12

У верасні мінулага года журналіста Дзяніса Івашына прыгаварылі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 150 базавых адзінак. Кожнаму з дзевяці «пацярпелых» Івашын павінен выплаціць па 2000 рублёў. Суд над журналістам пачаўся 15 жніўня і праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суду Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Журналісту было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). КДБ абвінаваціла Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых байцоў украінскага «Беркуту», якія пасля ўцёкаў з Украіны ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сардэчны прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня аказваўся ціск: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў