Ці можна ў Беларусі фатаграфаваць вайсковую тэхніку?

Фармальна – нібы можна. Фактычна – лепей скарыстайцеся нашымі парадамі (у канцы артыкулу), каб пазбегнуць пакарання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Беларусаў заклікаюць фатаграфаваць перасоўванні вайсковай тэхнікі ў сувязі з расейскім нападам на Украіну і ўдзелам у нападзе Беларусі. Звесткі збірае канал «Беларускі Гаюн» у Telegram, іх можна прыслаць праз бота @HajunBYbot (просяць таксама даваць максімальна дакладную лакацыю, напрамак руху, дакладны час здымак, пры магчымасці колькасць чалавек і тэхнікі). Але ці не пакараюць за гэта?

Наўпроставай забароны ў Беларусі няма

Правілы фатаграфавання ў Беларусі вельмі заблытаныя і неадназначныя. Забарона фатаграфаваць на памежным пункце рэгулюецца пастановай Памежнага камітэту, забарона фатаграфаваць у бібліятэцы – правіламі, якія зацвердзіла Міністэрства культуры, у казіно – указам Лукашэнкі…

Асобна забаронена фатаграфаваць рэжымныя аб’екты (вядома, што да іх адносяцца нават метро і залы чакання аэрапортаў). Але пастанова з пералікам гэтых аб’ектаў «не для агульнага карыстання» – то значыць, забаронена даведацца, што забаронена.

Людзі фатаграфаваліся з танкам, які ўрэзаўся ў слуп падчас рэпетыцыі параду. Менск, Беларусь. 24 чэрвеня 2017 года. Фота: Sputnik.by

Пры тым няма (прынамсі, у несакрэтных дакументах) забароны на фатаграфаванне вайсковай тэхнікі ў публічных месцах – як няма і законнай забароны фатаграфаваць у крамах. А закон «Аб інфармацыі» кажа: «доступ да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў абмяжоўвацца не можа».

Ды гэты ж закон кажа, што абмежаваны распаўсюд дзяржаўных сакрэтаў і «службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду». А закон «Аб органах унутраных справаў» дазваляе супрацоўнікам органаў унутраных справаў «забараняць грамадзянам ажыццяўленне відэазапісу, фота- і кіназдымкі» без дай прычыны.

Але за гэта могуць пасадзіць

Нават да 2020 года ўзнікалі пытанні з законнасцю выкарыстання камераў: напрыклад, менская міліцыя не ведала, ці можна «лавіць пакемонаў» у відэагульні ў дапоўненай рэальнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Праваабаронцам вядомыя імёны звыш 900 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года. Фота: Белсат

Цяпер у краіне, дзе штрафуюць і арыштоўваюць за шкарпэткі няправільнага колеру, за фота вайсковай тэхнікі могуць караць не паводле законаў.

Могуць, напрыклад, спаслацца на закон «Аб абароне персанальных звестак» – ён напісаны дастаткова размыта, каб пад «персанальнымі звесткамі» маглі разумець фота вайсковай тэхнікі.

Могуць затрымаць за «несанкцыянаваную акцыю» – не раз бывала, што суды прызнавалі людзей вінаватымі ў «пікетаванні» на падставе адно толькі паказанняў ананімных «сведак-міліцыянтаў», якія супярэчылі доказам невінаватасці. Або за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу

Могуць нават прыпісаць арт. 356 КК РБ – «Здрада дзяржаве». За гэта могуць пасадзіць на тэрмін ад 7 да 15 гадоў (вайскоўцаў і службовым асобам – ад 10 да 20 гадоў). Так зрабілі з вайскоўцам Дзянісам Урадам, які сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных справаў міністру абароны незаконнай просьбай ужываць войскі супраць мірнага пратэсту. Або могуць прыпісаць арт. 358 КК РБ – «Шпіянаж». За гэта – ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

А могуць і не пакараць: напрыклад, Міністэрства абароны толькі супакойвае, што беларускія вайсковыя калоны рухаюцца як звычайна, але не забараняе гэтыя калоны фатаграфаваць.

Што ў Расеі і Украіне

У Расеі за «здраду дзяржаве» садзілі нават за SMS аб перасоўванні войскаў, калі Расея нападала на Грузію ў 2008 годзе. Тое, што перасоўванні адбываліся адкрыта і не сакрэтна, суды не цікавіла. Цяпер за «дзяржаўную здраду» і «дапамогу замежнай дзяржаве» падчас «спецаперацыі» (як называюць расейскія ўлады вайну з Украінай) пагражаюць пазбаўленнем волі на тэрмін да 20 гадоў.

Ва Украіне забаронена рабіць здымкі вайсковай тэхнікі і саміх вайскоўцаў, калі гэта раскрывае іх месцазнаходжанне, хаця проста фота ўкраінскага вайскоўца на вуліцы можа быць і законным пры пэўных абставінах у мірны час. У ваенны час тым больш просяць не фатаграфаваць і не здымаць на відэа перасоўванні вайсковай тэхнікі, нават не публікаваць фота наступстваў абстрэлаў адразу па абстрэлах, каб не дапамагаць карэктаваць агонь.

Як выглядае Харкаў пасля чарговага бамбавання

Але здымаць расейскую (або беларускую) вайсковую тэхніку ва Украіне ўкраінскія ўлады просяць. Звесткі просяць перадаваць у Telegram-бот @stop_russian_war_bot Міністэрства ўнутраных справаў Украіны. Просяць нават фатаграфаваць целы забітых нападнікаў, каб данесці інфармацыю аб стратах да расейцаў.

Што рабіць беларусам?

Калі хочацца сфатаграфаваць вайсковую тэхніку і выслаць яе ў @HajunBYbot, варта рабіць гэта асцярожна. Наўрад ці важная якасць фота ці відэа – абы было зразумела, што за тэхніка ці войскі і куды рухаюцца. Можна скарыстацца набліжэннем (зумам) камеры, але так, каб якасць карцінкі яшчэ дазваляла разабраць, што на фота.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Vitalik Radko / depositphotos.com

Пасля таго, як інфармацыя перасланая, варта выдаліць і фота, і перапіску з ботам (бот ад гэтага не страціць інфармацыю).

Калі тэлефон выдаляе фота з магчымасцю аднаўлення (у «Кошык»), варта канчаткова выдаліць здымкі (пачысціць «Кошык»).

Калі тэлефон робіць рэзервовыя копіі ў «воблаку» (напрыклад, «iCloud» ці «Google Photos»), варта выдаліць здымкі і адтуль.

Калі ж хочацца захаваць здымкі, варта скарыстацца гэтымі парадамі:

Як захаваць фота з пратэстаў, каб іх не знайшлі сілавікі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату