У сувязі з пратэстамі ў Беларусі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў


Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што з лета 2020 года былі распачатыя 2407 крымінальных справаў «экстрэмісцкай скіраванасці». Пра гэта паведамляе БелТА.

Вядома, што апошнім часам сілавыя структуры Беларусі называюць «экстрэмізмам» фактычна ўсе формы мірнага пратэсту і апазіцыйнай дзейнасці.

«Са жніўня, з поствыбарчага перыяду, падраздзяленні СК ужо распачалі 2407 крымінальных справаў экстрэмісцкай скіраванасці», – заявіў Іван Наскевіч. Сюды ўключана ўсё: ад нанясення на сцены абразлівых надпісаў да ўжывання гвалту ў дачыненні працаўнікоў праваахоўных органаў.

З гэтых справаў каля 650 ужо перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. Каля 500 з іх разглядаліся судамі, вінаватыя прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Зусім нядаўна, 24 лютага, Наскевіч называў іншую лічбу: 2300 справаў «экстрэмісцкай накіраванасці».

Нагадаем, што, паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Акрамя крымінальнага пераследу, тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Hавiны
Праваабаронцы: рэпрэсіі 2020 года з’яўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі
2021.01.09 09:24

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў