«У Менску было дэжавю з Прыднястроўем». «Zdob și Zdub» пра палітыку, Міхалка і Еўрабачанне


Малдаўскі гурт «Zdob și Zdub» («Здоб шы Здуб») за 30 гадоў свайго існавання стаў культавым як у сваёй краіне, так і за мяжой. Ён трижды предстаўляў Малдову на «Еўрабачанні» і актыўна супрацоўнічаў з музыкамі з іншых краін, у тым ліку з Беларусі. Пра гэта і не толькі карэспандэнт «Белсату» Віталь Бабін пагаварыў з чальцамі групы ў Кішынэве.

– У вас будзе юбілей. Самі вы верыце, што вам 30 ужо?

Раман Ягупаў (РЯ): Ды мы неяк пра гэта не думаем. Як мы пазнаёміліся, сустрэліся і пачалі актыўна ствараць музыку, рэпетаваць і адчулі сябе музыкамі, гэта стала нашай прафесіяй. Мы знаходзімся ў нейкім патоку, жывем у сваёй прасторы, прасторы музыканта.

– Шмат якія гурты не дажываюць да такога ўзросту, распадаюцца. Вы адзін аднаму не надакучылі за 30 гадоў?

РЯ: Думаю, што дзесьці надакучылі. Для гэтага ёсць паўзы, ёсць адпачынкі, але гэта ўжо як прафесійны стан. Наогул кажуць, што рок-н-рол доўга не жыве. У прынцыпе, мы змяняемся і музыка наша мяняецца, мы ўжо іншыя, не тыя, якія былі 30 гадоў таму.

– Zdob și Zdub – культавы гурт. Прыходзім мы [у Малдове. – Рэд. belsat.eu], напрыклад, у рэстаран, –  «Zdob și Zdub» абавязкова грае ў зале, потым – Сафія Ратару. Сядаем мы ў таксі, зноў грае «Zdob și Zdub», потым Сафія Ратару. У вас бывае, што вы кудысьці прыходзьце, дзе гучыць ваша музыка?

РЯ: Так, вядома, нічога ў гэтым дзіўнага няма. Я б не назваў нас культавым, але мы свой след у культуры пакінулі. Маленькі. Але калі ты становішся прафесійным артыстам, на гэта не звяртаеш увагі. Там музыка твая грае. Хутчэй за ўсё, людзі хочуць табе зрабіць прыемнае і ўключаюць. А ты гэта слухаць ужо не можаш, таму што кожны дзень з гэтым датыкаешся.

– А што любіце слухаць?

РЯ: Я ўжо цяжкі рок перастаў слухаць. Класіку ў асноўным.

Міхай Гынку (МГ): Мы абменьваемся пастаянна музычнымі навінамі. У чаце нешта з’явілася цікавае – абавязкова абмяркоўваем, вывучаем.

Святаслаў Старуш (СС): Тым больш, што цяпер ёсць Spotify, гэта значыць уся музыка ў цябе тут. У гэтым наогул складана арыентавацца, таму што кантэнту вельмі шмат. У дзясяткі разоў больш, чым было раней.

РЯ: Я слухаю наогул класічную фундаментальную музыку. Гэта і рок-н-рол 1950-х, і джаз, і класіку року – Led Zeppelin, Pink Floyd. Усё аналізую, таму што з узростам адкрываеш новыя грані. Але ў асноўным слухаю зараз world music, то бок фальклор. Мяне вельмі яна ўражвае…

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі малдаўскага гурту Zdob și Zdub & Advahov Brothers Раман Ягупаў, Міхай Гынку, Святаслаў Старуш, Андрэй Чабатар, Віталіе Адвахаў і Васіле Адвахаў прыбылі на цырымонію адкрыцця конкурсу песні «Еўрабачанне-2022» у Турыне, Італія. 8 мая 2022 года.
Фота: Marco Bertorello / AFP / East News

МГ: Цікава слухаць тое, што можа цябе ўразіць. Паколькі напрамкаў досыць шмат, і цяперашнія, як Слава сказаў, кантэнт разнастайны, то заўсёды шукаеш тое, што цябе здзівіць. Паколькі часу недастаткова, каб паглыбіцца, то павярхоўна, што зачапіла, то і ў далейшым. Я, дапусцім, спецыяліст па індзі-музыцы, Рома – па world music, Слава – па гранджу. Мне цікава ўсё, што стварае інфармацыю для разважання. Тое, што ты можаш знайсці для сябе новае.

– Раніцай па тэлебачанні ў Кішынэве ставяць відэа з малдаўскімі народнымі песнямі. Вас гэтая музыка натхняе цяпер ці ўжо не?

РЯ: Нам, якія прайшлі хардкор і панк-музыку, падабаецца што-небудзь альтэрнатыўнае. Нават у фальклоры ёсць непрычасаная музыка, ёсць вельмі цікавая, якую па радыё і па тэлебачанні не пачуеш.

МГ: Дарэчы, пацешна, але мы пазнаёміліся, вось як Рома кажа, з непрычасанай музыкай, непасрэдна фальклорнай у Маскве ў 2000-х гадах. Мы сталі ўжо актыўна гастраляваць, і ў панк асяроддзі была такая група «Восьмая Марта»: тры дзяўчынкі, жаночы панк-гурт, з якімі мы пасябравалі.

СС: У іх прадзюсар быў Артур Пелявін з гурта «Квартал», і ён ім даваў касеты з абсалютна рознай музыкай, і world music, і фанк, і класічны рок.

МГ: І там мы ў першы раз пачулі Taraf De Haidouks.

РЯ: Гэта дзіўна, яны нам паказалі музыку, якую не ведалі ў Румыніі. Гэта румынскія лаутары, і мы зусім не ведалі іх. Але яны вельмі арыгінальная група, якая была папулярная ва ўсім свеце і ў Еўропе. World music сапраўдная.

– Тры разы вы ездзілі на Еўрабачанне, выступалі. Гэта цудоўны ўспамін. Я думаю, многія гледачы памятаюць вас яшчэ з 2005 года. Апошні раз у 2022 годзе, у 2011 годзе было. Тройчы. Едзеце ў чацвёрты раз?

РЯ: Я ўжо не хачу загадваць.

МГ: Вось шчыра сказаць, калі як у трэці раз было – я з задавальненнем. Гэта была ў Турыне, калі па-італьянску казаць, dolce vita. Італьянцы ведаюць толк і ў песні, ну і ўласна ў задавальненні, у культуры.

РЯ: Для нас Еўрабачанне не з’яўляецца мэтай. Мы першы раз удзельнічалі, бо мы былі вопытныя. І мы ў Кіеве прадстаўлялі Малдову наогул упершыню. Наогул Еўрабачанне гэта конкурс не для рок-н-рольных гуртоў, насамрэч. Проста мы па прыколе туды.

Агляд
Суды, эміграцыя, званні і «Міратворац». Што стала з беларускімі ўдзельнікамі «Еўрабачання»
2023.05.09 07:00

– Беларусь ужо некалькі гадоў не прымае ўдзелу ў Еўрабачанні. Можа, вы кагосьці памятаеце, хто быў разам з вамі ў тыя гады, калі вы там былі?

РЯ: Я памятаю, была жонка нейкага алігарха беларускага.

– Анжаліка Агурбаш?

РЯ: Агурбаш, дакладна. Вось яе я памятаю. Розныя музыканты і розныя артысты выступаюць на Еўрабачанні. Ад смешных да нейкіх не смешных.

– Адзін раз вы нават праспявалі песню на беларускай мове, «Стоп-мафія». Ці зможаце паўтарыць гэты вопыт?

РЯ: Так, мы адкрытыя як да любых эксперыментаў. Не важна, на якой ты спяваеш. Галоўнае, які ты мэсідж. Як ты наогул, хто ты. Я вось «Троіцу» слухаў, беларускі гурт. Таксама мне было цікава. Наогул цікавы фальклор. Нядаўна паглядзеў фільм дакументальны пра «Песняроў». Таксама вельмі цікавы.

– Кагосьці яшчэ з беларускіх гуртоў ведаеце? Ведаю, раней вы сябравалі з Сяргеем Міхалком. Як цяпер з гэтым?

РЯ: Мы нядаўна хадзілі на яго канцэрт у Кішынэве, у Зялёным тэатры. Ён прыязджаў. Мы, як заўсёды, узялі бутэльку малдаўскага віна, зайшлі, абняліся. Трохі было нязвыкла бачыць яго з песнямі з папярэдняга перыяду, з мінулага. Таму што ён сюды, у Кішынэў, прыязджаў з праграмай «Брутто». Сярога – ён такі, што называецца, рэвалюцыйна настроены заўсёды. З характарам. Мы вельмі шмат разам выступалі і размаўлялі заўсёды.

– Раней часта вы таксама выступалі ў Менску, на іншых канцэртах у беларускіх гарадах. Што запомнілася, якія ўражанні, нешта цікавае, можа быць, было?

РЯ: Менск нам запомніўся тым, што мы як быццам трошкі ў мінулае вярталіся. Ён такі ідэальны, чысты, спакойны, прыбраны. Усё там у парадку.

– Не было дэжавю з Кішынэвам?

РЯ: З Прыднястроўем было дэжавю ў мяне. А так мы гралі на фестывалях вялікіх, «Славянскім базары». І яшчэ мы выступалі з «Леприконсами». Перакрыжоўвацца. А ў 1990-х яшчэ прыязджалі сюды цяжкія групы з Беларусі. Таму што ў Кішынэве была развітая вельмі метал-сцэна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі малдаўскага гурту Zdobii Zdub & Advahov Brothers Раман Ягупаў, Міхай Гынку, Святаслаў Старус, Андрэй Чабатар, Віталіе Адвахаў і Васіле Адвахаў выступаюць падчас першага паўфіналу на конкурсе песні «Еўрабачанне-2022» у Турыне, Італія. 10 мая 2022 года.
Фота: Marco Bertorello / AFP / East News

– Амерыканскі часопіс Time прызнаў чалавекам года спявачку Тэйлар Свіфт. За ўсе доўгія гады Чалавекам года прызнавалі ў асноўным палітыкаў. Вы бачыце ў гэтым нейкі сімвал, знак?

РЯ: Так, усе стаміліся ад палітыкі. Найхутчэй. Я не эксперт, але ўсе стаміліся ад палітыкі. І наогул, палітыка не мяняецца. Яна заўсёды застаецца па-ранейшаму палітыкай. Гэта барацьба дзяржаваў. Хтосьці кагосьці заваёўвае, утвараюцца новыя краіны. Потым яны вяртаюць гэтыя тэрыторыі. Вялікія краіны палююць за рэсурсамі. Хочуць сабе заняць больш калоній. Усё паўтараецца.

– Вы заўсёды казалі, што Zdob şi Zdub – гэта малдаўскі гурт, гурт і ў тым ліку патрыятычны, таму ніколі не было жадання з’ехаць адсюль, нават у тую ж Румынію, хоць, магчыма, там вашыя магчымасці былі б большымі. Чаму ўсё ж такі? Чаму вы застаяцеся тут увесь гэты час? Думаю, што прапановаў пераехаць у вас было вельмі шмат.

РЯ: Мы застаемся тут, таму што, верагодна, там мы не будзем тымі, кім мы сябе адчуваем тут. І ў нас тут і бацькі, і дзеці, і мы неяк завязаныя, прывязаныя. А Малдова – гэта такі жыватворны край. Тут няма велізарных гарадоў. Тут мы блізкія да прыроды, да зямлі, і ўсё гэта звязана яшчэ з музыкай. Нам хапае дарог. Мы заўсёды ў дарогах. Цяпер чалавек, які мае імя і мае стабільны даход, можа жыць дзе заўгодна. Я ведаю музыкаў, якія жывуць у Амерыцы, на Тэнэрыфэ, у гарах – дзе заўгодна. І гэта выдатна, калі ёсць магчымасць жыць дзе хочаш.

МГ: Я думаю, што наша знаходжанне тут больш звязанае з нашымі магчымасцямі. Калі раней нам трэба было зʼехаць і заставацца нейкі час для прома-кампаніі, то цяпер, з магчымасцю інтэрнэту, як Рома сказаў, можна жыць дзе заўгодна, у розных канцах свету і збірацца ў адным пункце для таго, каб музіцыраваць.

Пытанне ў тым, што мы не так далёка знаходзімся ад Бухарэста, і ў той жа час у Малдове было зручна нам, таму што мы маглі спакойна паляцець і ў Расею, і ў Беларусь, і ў Кіеў. Я жыў сам у Кіеве нейкі перыяд, таму што ў мяне сямʼя з Кіева. Там нарадзіліся дзеці мае. Увогуле, гэта тое месца, куды мы заўсёды вяртаемся. І тут у нас ёсць магчымасці, студыя, і мы тут працуем.

Вядома ж, я як творчая асоба, і, напэўна, любая творчая асоба, заўсёды хоча знайсці сабе падобных. Мы, дапусцім, з’язджалі спецыяльна ў Берлін, запісвалі альбом «Basta Mafia!». З песняй «Trenulețul» мы працавалі ў Маскве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Музыкі гурта Zdobii Zdub & Advahov Brothers выступаюць на «Бірузовым дыване» падчас цырымоніі адкрыцця конкурсу песні «Еўрабачанне-2022» у Турыне, Італія. 8 мая 2022 года.
Фота: Yara Nardi / Reuters / Forum

РЯ: Складалі ў Румыніі, запісалі ў Маскве на плёнку, дапрацоўвалі ў Кішынэве, а рэалізавалі ў Італіі.

МГ: Вось такая геаграфія. Таму, пакуль у нас ёсць магчымасці, мы застаемся тут. Калі б у нас гэтых магчымасцяў не было, то, напэўна, як і любы артыст, які хоча стаць вядомым, ён бы паехаў усё ж такі ў сталіцу. Вось у нас многія артысты малдаўскія сталі вядомымі, таму што з’ехалі ў Бухарэст.

– Вы выступалі ў Румыніі яшчэ ў 1990-х. Наколькі моцна Румынія змянілася за 30 гадоў?

СС: Вельмі моцна змянілася. Мы туды прыехалі па-сапраўднаму граць канцэрты шчыльна, напэўна, годзе ў 1998-м.Там шоў-бізнес быў у зачаткавым стане, скажам так.

РЯ: Хоць гурты добрыя былі.

СС: Так, яны былі, але ў параўнанні з тым, што мы бачылі, прыязджаючы ў той жа Кіеў ці ў Маскву на вялікія фестывалі, там гэтага яшчэ не было. Але літаральна прайшло гадоў пяць, і ўсё гэта зʼявілася нават у больш маштабных формах і праявах. Там вельмі хутка ўсё паднялося. Літаральна нават дзесяці гадоў не прайшло. І цяпер гэта цалкам сабе развітая краіна са сваім магутным шоу-бізнесам і артыстамі, якія ўжо сусветныя імёны сабе зрабілі.

– Музыкі ў Малдове арыентуюцца на румынскі шоу-бізнес?

РЯ: Так, арыентуюцца. А ў нас музыкі альбо едуць у Маскву, альбо ў Бухарэст. Ну ёсць і дыджэі, якія едуць ці цяпер выдаюцца на лэйблах у Англіі.

– У канцы нашага інтэрв’ю: што б вы маглі пажадаць беларусам і тым вашым адданым прыхільнікам, якія жывуць цяпер у Беларусі і не маюць магчымасці вас паслухаць ужывую ў Менску, напрыклад?

РЯ: Ну, у першую чаргу, я б хацеў пажадаць усім і беларусам, і нам, і наогул усёй Еўропе і ўсяму свету, у першую чаргу, міру. Культура і асвета – гэта менавіта тыя базавыя рэчы, якія абараняюць дзяржавы ад негатыўных момантаў, калі ўзнікае нейкі канфлікт, які прыводзіць да вайны. Я б хацеў пажадаць усім міру, перш за ўсё, каб ён хутчэй наступіў, і каб мы пабачыліся. І мы абавязкова прыедзем і ў Менск, і ў Беларусь, і каб мы зноў выйшлі на гэтыя пляцоўкі і з «Ляпісамі», і з усімі, з кім мы ў 1990-я пачыналі. І каб ніхто не баяўся выказваць сваё меркаванне, і каб наша музыка была не зробленай чыста для сябе, а каб яна, няхай гэта пафасна гучыць, зрабіла гэты свет дабрэйшым.

Калі ёсць гэтая вера, то ты маеш стымул. Ты жывеш, ты ў гэта верыш, і ты ідзеш наперад, развіваешся.

СС: Жадаю ўсім дабра.

МГ: Я хачу, каб хутчэй усё, уся гэтая трагедыя скончылася, і мы абавязкова прыедзем з канцэртамі, з новымі песнямі.

РЯ: І заспяваем усе разам.

Гэта скарочаная версія інтэрв’ю. Цалкам глядзіце яго ў відэа па спасылцы.

belsat.eu / ІР

Стужка навінаў