Расейцы ў Аўдзееўцы і Зяленскі ў Работыне. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 711-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, пра што сведчаць паведамленні расейскага і ўкраінскага камандаванняў. У Генштабе ЗСУ дадаюць, што таксама ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці войскі РФ атакавалі каля Іванаўкі.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць пра наступальныя дзеянні Узброеных сілаў РФ побач з Крухмальным і Табаеўкай.

Між тым ніводная з крыніцаў не фіксуе зменаў лініі сутыкнення.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ восем разоў атакавалі каля сёлаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай, але поспеху не дасягнулі.

Разам з тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на ліманскім кірунку, пры гэтым канкрэтны ўчастак фронту не згадваецца.

У сваю чаргу ЗСУ контратакавалі каля Цернаў, Ямпалаўкі і Дзібровы (сяло каля Серабранскага лясніцтва), імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» звяртае ўвагу на ўмелыя абарончыя дзеянні ўкраінцаў у ваколіцах Белагораўкі: тут ЗСУ актыўна задзейнічаюць БпЛА і артылерыю, імгненна наносячы масіраваныя ўдары па новых пазіцыях праціўніка, што сведчыць пра эфектыўную арганізацыю сувязі і планамернасць дзеянняў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку найбольш актыўныя ўчасткі фронту знаходзяцца на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Сямён Пегаў піша пра сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Багданаўка і на вышынях з паўночнага захаду ад Клішчыеўкі.

Канал «Два майора» паведамляе, што войскі РФ занялі ферму побач з Клішчыеўкай, адкуль раней былі выбітыя ўкраінскія вайскоўцы. Цяпер ідуць контратакі ЗСУ.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» фіксуе сустрэчныя баі і каля Іванаўскага, дзе асобныя пазіцыі пераходзяць з рук у рукі. Пры гэтым крыніца адзначае, што расейцы маюць перавагу ў жывой сіле і БпЛА.

У гэты ж час іншая крыніца – «Бахмутський Балу» – піша аб прасоўваннях ЗСУ на кірунку, але без лакалізацыі канкрэтнага месца.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што на самым поўдні бахмуцкага кірунку ідуць баі на захадзе ад гораду Горлаўка каля газавай падстанцыі. Гэты ўчастак фронту стаў актыўным з канца 2023 года, і за гэты час ЗСУ некалькі разоў удавалася прасунуцца, але што раз расейцы вярталі пазіцыі. Паводле аналітыкаў, цяпер сілы абароны Украіны робяць асноўны ўхіл на знішчэнне жывой сілы праціўніка.

Атакі Збройных сілаў Украіны каля Горлаўкі фіксуе і Мінабароны РФ.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Захаванне ініцыятывы Узброеных сілаў РФ і найбольшая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў цягам апошніх содняў фіксуюцца на аўдзееўскім кірунку: паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны адбілі не менш за 30 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Аўдзееўка і Первамайскае.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што УС РФ прасунуліся на паўночным усходзе ад Аўдзееўкі каля коксахімічнага заводу. Адначасова з гэтым войскі РФ ціснуць на поўдні гораду каля былога гасцінічна-рэстараннага комплексу «Царська охота», імкнучыся выйсці да шматпавярховага жылога раёну.

У гэты ж час украінскі журналіст Андрэй Цапліенка, спаслаўшыся на свае крыніцы, піша, што на паўночным усходзе расейцы зайшлі ў самую Аўдзееўку і замацаваліся ў забудове. Пры гэтым далейшае прасоўванне на гэтым участку пагражаюць ЗСУ пераразаннем забеспячэння паўднёвай часткі гораду.

Разам з тым журналіст зазначае, што сітуацыя пакуль не з’яўляецца крытычнай, бо ЗСУ маюць магчымасці выбіць праціўніка за межы гораду.

Здольнасць украінскіх вайскоўцаў контратакаваць у горадзе прызнае і Telegram-канал «Два майора».

На суседнім мар’інскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы сем разоў атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці захоўваецца расейская актыўнасць на поўдні ад сяла Залатая Ніва: тут цягам содняў яны атакавалі тройчы, але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Між тым на суседнім участку фронту – каля сяла Прыютнае на ўсходзе Запарожскай вобласці – войскі РФ крыху расшырылі зону свайго кантролю.

Пры гэтым у цэнтральнай частцы рэгіёну баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у ваколіцах сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына.

Канал «Говорять Снайпер» адзначае вялікую інтэнсіўнасць штурмаў з боку УС РФ, але пакуль ЗСУ ўдаецца трымаць пазіцыі.

Важнасць і адначасова складанасць гэтага ўчастку фронту ўскосна пацвярджаецца фактам візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў сяло Работына, дзе 4 лютага ён узнагародзіў вайскоўцаў 65-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ. Звычайна падобныя паездкі непасрэдна да лініі фронту Зяленскі здзяйсняе на самых гарачых кірунках, у прыватнасці, раней прэзідэнт наведваў гарады Бахмут, Купянск і Аўдзееўка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Агляд
Сітуацыя ва Украіне: абодва бакі прасунуліся на розных участках фронту
2024.02.03 17:36

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў