Суд над Бабарыкам пачнецца 17 лютага. Ён будзе адкрыты


Сёння адбываецца папярэдняе паседжанне Вярхоўнага Суда ў «справе «Белгазпрамбанку». Сярод іншага, на ім прызначылі дату пачатку асноўнага разбору – 17 лютага, паведамляе «Sputnik». Працэс будзе адкрыты.

На паседжанні прысутнічаюць шасцёра абвінавачваных, якія заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацы. Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі сярод іх няма. Ён не вызнае сябе вінаватым.

Кірыл Бадзей летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Віктара Бабарыкі. Яго вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры»). У гэткіх жа дзеяннях вінавацяць былых намеснікаў старшыні кіраўніцтва банку Сяргея Дабралёта, Дзмітрыя Кузьміча, Сяргея Шабана і Аляксандра Ільясюка. Яшчэ адзін абвінавачваны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Бабабрыку вінавацяць у стварэнні з 1 студзеня 2004 года арганізаванай злачыннай групоўкі са сваіх намеснікаў з мэтаю сістэматычнага атрымання хабараў ад камерцыйных арганізацыяў. У справе фігуруе сума амаль $ 15 млн. Паводле інфармацыі следства, Бабарыка з 10 лістапада да 27 снежня 2018 года для легалізацыі хабараў набыў у Менску два капітальныя будынкі коштам больш за Br 1 млн.

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра абвінавацілі ў хабарніцтве і «адмыванні» грошай. Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці».

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў