Кіраўніцтва «Беларуськалію» не шкадуе грошай на футбольны клуб, працаўнікі – супраць

Летась салігорскі «Шахцёр» перамог у чэмпіянаце краіны, цяпер клуб б’е свае трансферныя рэкорды, набываючы футбалістаў за шалёныя для Беларусі грошы.

«Белсат» паспрабаваў разабрацца, чаму так.

Паводле інфармацыі з розных крыніцаў, гэтаю зімою «Шахцёр» траціў на набыццё новых гульцоў 1,1–1,5 мільёна еўраў. Гэтак, за гамбійца Дэмба Дарбу заплацілі ад 600 тысячаў да 1 мільёна еўраў (гэта рэкордны трансфер у гісторыі салігорскага клубу), іншы афрыканскі гулец Эзэ Вінсэнт каштаваў 300 тысяч еўраў, у 150 тысяч долараў абышоўся ўзбек Шахзод Убайдулаеў, а албанца Валёна Ахмэдзі набылі за 100 тысяч долараў. Іншыя гульцы, як, напрыклад, былыя лідары барысаўскага БАТЭ Ягор Філіпенка ды Ігар Стасевіч, прыйшлі ў «Шахцёр» бясплатна, але з разлікам на вельмі высокія заробкі. Мяркуюць, што ў Салігорску на іхныя заробкі патрацяць каля 500 тысяч еўраў за сезон.

Цяпер «Шахцёр» працуе на зборы ў Эміратах. Хаця іншым камандам, напрыклад, БАТЭ, выезд за мяжу забараніла Міністэрства спорту. Але нечакана вечарам 3 лютага барысаўскі клуб усё ж вылецеў у Турцыю. Цікава, ці звязана гэта з тым, што кіраўнік БАТЭ Андрэй Капскі стаў дэлегатам Усебеларускага Народнага Сходу?

Кіраўніцтва «Беларуськалію» не называе сумаў, якія яно плануе патраціць на свой футбольны клуб у адзін з самых складаных для Беларусі гадоў, але можна выказаць здагадку, што бюджэт клубу складзе не меней за 5 мільёнаў еўраў. Не будзем забывацца, што, акрамя футбольнага клубу, «Беларуськалій» фінансуе яшчэ хакейны і валейбольны «Шахцёр».

Дэмба Дарбу, самы дарагі футбаліст у гісторыі салігорскага клубу. Фота: ifosport.mk2

У сярэдзіне студзеня стачкам «Беларуськалію» адрэагаваў на такія траты, разаслаўшы ў медыі зварот:

– Сваімі крывёю і потам працаўнікі «Беларуськалію» аплочваюць такія «куплі». Задайце сабе пытанні. Няўжо на прадпрыемстве ўсё настолькі добра,што можна дазволіць сабе падобныя марнаванні? Ці развязаныя пытанні з вентыляцыяй у шахтах, з запчасткамі? Няўжо нельга выдаткаваць гэтыя грошы з толкам для работнікаў? Вядома, можна! І мы ўпэўненыя, што кожныз тых, хто чытае, знойдзе дзясяткі варыянтаў, як зрабіць гэта з розумам. Але навошта? Бо працаўнікі ўсё аплацяць і так!

Кіраўніцтва прадпрыемства не звярнула на гэты зварот ніякай увагі.

– Да таго, што кіраўніцтва «Беларуськалію» выдаткоўвае такія грошы, работнікі на прадпрыемстве ставяцца адмоўна, але яны ніяк не могуць уплываць на такія рашэнні, калектыў ніхто не пытае, мы не ведаем, адкуль гэтыя грошы выдаткоўваюцца, хто пастанаўляе. Пра гэта ніхто не кажа. Пры гэтым ёсць шмат пытанняў, якія трэба развязваць: абнаўленне тэхнікі, закуп сучасных інструментаў у шахты, ахова працы. Але на гэтыя мэты грошы не ідуць, – сказаў у размове з «Белсатам» былы працаўнік «Беларуськалію» Сяргей.

Адзін з найлепшых абаронцаў Беларусі перайшоў з БАТЭ ў «Шахцёр». ФК «Шахцёр»

Што кіраўніцтва «Беларуськалію» жыве ў іншай рэальнасці, лічаць не толькі работнікі.

– Калі становішча ў краіне складанае, гэта яшчэ не значыць, што яно цяжкае для «Беларуськалію». Так, на футбол сыходзяць мільёны долараў, але ў маштабах фінансавых плыняў прадпрыемства гэта не вельмі прыкметна. Іншае пытанне, што «Шахцёр» дамінуе на футбольным рынку з вельмі ўжо вялікім адрывам. Марнуе грошы, якіх у канкурэнтаў няма і блізка. У такім падыходзе няма бізнесу, няма спаборніцтва ў менеджарскіх навыках, затое ённакладае пэўныя абавязкі: чэмпіёнства павінна здарыцца па змоўчанні, з запасам, інакш гэта будзе грандыёзны правал, – адзначае галоўны рэдактар «Трибуны» Алег Гаруновіч.

«Шахцёр» – чэмпіён Беларусі 2020 года. Фота: ФК «Шахцёр»

Алег лічыць, што тым, як «Беларуськалій» расходуе футбольная сродкі, даўно мусілі зацікавіцца праваахоўныя органы, але тыя, на думку журналіста,знаходзяць больш важныя справы. Некаторыя трансферы прыносілі «Шахцёру» толькі страты. А мы пакуль згадаем набыццё сербскага абаронцы Зарыі Ламбулыча. У ліпені 2019 года за футбаліста заплацілі 450 тысяч долараў. За паўтара года серб згуляў 3 матчы за асноўны склад і 7 – за дубль.

Згодны з Гаруновічам і спартовы журналіст Сяргей Южык:

– У сістэме, калі людзі марнуюць не свае кроўна заробленыя грошы, а «вылучаныя» ўказам ці загадам зверху, магчымае абсалютна ўсё. Логіка простая: чым больш засвоіш дзяржаўных грошай, тым больш табе перападзе. А як засвоіў менш, наступным разам менш і дадуць. Складанасць сітуацыі ў краіне ў такім выпадку чыноўнікаў мала цікавіць.

АС, belsat.eu

 

 

Hавiны