З Латвіі могуць дэпартаваць больш як тысячу грамадзянаў Расеі


1167 грамадзянаў Расеі, якія пражываюць у Латвіі, але не здалі іспыт з латвійскай мовы і не падалі дакументы на атрыманне або падаўжэнне віду на жыхарства, могуць быць дэпартаваныя з краіны. Пра гэта паведамляе LETA са спасылкай на ўпраўленне ў справах грамадзянства і міграцыі Латвіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі пашпарт.
Фота: pexels.com

Сярод тых, каму пагражае дэпартацыя, 789 асобаў – гэта людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Колькасць мужчын і жанчын сярод іх прыкладна аднолькавая.

Латвійскія міграцыйныя ўлады разгледзяць тлумачэнні расейцаў, якія не падалі дакументы на ВНЖ, у лютым. Калі грамадзяне РФ без латвійскага ВНЖ не пакінуць Латвію цягам 30 дзён пасля загада аб дэпартацыі, іх выселяць прымусова.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўлады Латвіі ўзмацнілі жорсткасць правілаў знаходжання ў краіне для грамадзянаў РФ, у тым ліку для тых, у каго ёсць пастаянны від на жыхарства. Шмат хто з іх жыве у краіне дзесяцігоддзям, яшчэ з савецкіх часоў, але маюць грамадзянства Расеі.

У верасні 2023 года Сейм Латвіі прадоўжыў на два гады здачу іспыту з мовы для грамадзянаў Расеі, якія прэтэндуюць на ВНЖ і ўжо спрабавалі прайсці праверку.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў