Суддзя, які вынес прысуд Вітольду Ашурку, пайшоў на павышэнне


Суддзя, намеснік старшыні суда Лідскага раёну Максім Філатаў прызначаны суддзёй Гарадзенскага абласнога суда на 5 гадоў. Адпаведны ўказ аб прызначэнні і вызваленні суддзяў быў падпісаны Лукашэнкам у апошні дзень 2021 года, але апублікаваны толькі сёння.

Суддзя Максім Філатаў.
Фота: zubr.cc

Максім Філатаў вядомы тым, што асудзіў на 5 гадоў зняволення актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пасля памёр у шклоўскай калоніі. А таксама гісторыяй з «карычневым тэрактам»: у траўні мінулага года ў лідскай спартовай зале, дзе займаўся суддзя, яму ў заплечнік падклалі фекаліі. Як паведамляў тэлеграм-канал «BYPOL», Філатаў моцна пакрыўдзіўся, на месца выклікаў следча-аператыўную групу. Паводле гэтага факту была заведзеная крымінальная справа. Некалькі тыдняў супрацоўнікі АУС спрабавалі знайсці датычных, адбіралі ўзоры для параўнальнага даследавання.

Прысуд Вітольду Ашурку – самы гучны, але не адзіны. Згодна з сайтам zubr. cc, Філатаў «па палітыцы» засудзіў лідчанаў да штрафаў агульным памерам 12 420 рублёў і да 94 содняў адміністратыўнага арышту. 9 чэрвеня 2021 года Філатаў прысудзіў 3 гады калоніі былому фельчару хуткай дапамогі Алегу Краўцову – за тое, што ён нібыта абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў. У лістападзе 2020 года Філатаў асудзіў на 3 гады «хатняй хіміі» Яўгена Вінчу – за нібыта гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі. У гэтых справах працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

За свае «подзвігі» Максім Філатаў трапіў у чацвёрты пакет санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.

Максіму Філатаву 42 гады. Мае сярэднюю юрыдычную адукацыю: скончыў юрыдычны факультэт Лідскага педагагічнага каледжу. Пачынаў з пасады судовага выканаўцы. З 2019 года займаў пасаду намесніка старшыні суда ў Лідзе. Займаецца спортам, удзельнічае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па паўэрліфтынгу.

Hавiны
Як сілавікі беспакарана забіваюць беларусаў: кажуць пра суіцыды і хваробы, садзяць сведкаў
2022.01.03 19:09

belsat.eu

Стужка навінаў