Кіраўнік праекту «Кошт ураду»: Грошай няма, таму праблемы перакладаюцца на плечы прадпрымальнікаў


Абноўлены Падатковы кодэкс Беларусі афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З 1 студзеня бягучага года як фізічныя, гэтак і юрыдычныя асобы будуць плаціць падаткі інакш. Эксперты ж адзначаюць, што ў абноўленым кодэксе можна пабачыць трэнд на кансалідацыю бюджэту. Акрамя гэтага, відавочнае і стаўленне дзяржавы да грамадзянаў краіны.

Беларускія рублі. Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АВ / Белсат

Сярод галоўных новаўвядзенняў у абноўленым Падатковым кодэксе з’яўляецца новы падатак на прафесійны прыбытак, вырастуць стаўкі адзінага падатку, спрошчаная сістэма падаткаабкладання будзе дасяжная для бізнесоўцаў, якія не вылічваюць ПДВ, уводзіцца падатак і для ўласнікаў кватэраў.

«Відаць агульны трэнд на кансалідацыю бюджэту. Кансалідацыя – гэта калі адмяняюцца розныя льготы і калі павышаюцца розныя падаткі, дзеля таго, каб збалансаваць бюджэт і каб баланс быў не такім адмоўны. І гэта відаць з усіх бакоў. Той жа падатак у Фонд сацыяльнай абароны, для ІП і гэтак далей. У дзяржавы грошай няма, таму гэтыя праблемы перакладаюцца на плечы прадпрымальнікаў, фізічных асобаў, якія зарабляюць, на тых, хто мае нейкую маёмасць, і гэтак далей», – кажа Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Фота: Белсат

Але нават не гэты момант галоўны ў Падатковым кодэксе. Уладзімір Кавалкін звяртае ўвагу на тое, што да падзеяў 2020 года галоўны трэнд дзяржавы быў такі, што прадпрымальнікаў не ўспрымалі як асобных гульцоў. Для чыноўнікаў галоўным было тое, каб працавалі дзяржпрадпрыемствы, каб яны плацілі вялізныя падаткі. Канечне, важна было, каб і буйныя камерцыйныя прадпрыемствы таксама бралі ўдзел у фармаванні бюджэту, кажа эксперт. Але ІП, невялікі бізнес успрымаўся як нязначны гулец, абы яны зараблялі сабе нейкія сродкі і не звярталіся да дзяржавы ў пытаннях падтрымання, крэдытаў і гэтак далей. А цяпер гэта не так, вядзецца зусім іншая палітыка.

«Цяпер усе сталі, як казалі ў Горадні амапаўцы, кармавой базай. І прадпрымальнік, і бізнес, і прафесіяналы – гэта кармавая база, дойная карова, якую трэба даіць, а таксама як мага менш карміць. Таму дзеля гэтага ладзіцца падатковая рэформа, вядзецца кансалідацыя бюджэту, скарачаюцца сацыяльныя выдаткі і гэтак далей. То бок рэжым цяпер глядзіць на бізнес, рамеснікаў з зусім іншага пункту. А там 10 %, ці 15 % памер падатку – дэталі ў межах новай палітыкі, новага гледзішча на грамадзянаў. Атрымліваецца наагул, што больш грамадзянаў у краіне няма, але ёсць рэсурсная база. І гэта стала афіцыйнай палітыкай дзяржавы», – лічыць Уладзімір Кавалкін.

Hавiны
Раманчук: Новыя падаткі для самазанятых – гэта як харчразвёрстка ў часы бальшавікоў
2021.12.25 11:16

Эксперт прыводзіць прыклад, што калі б не было гэтага трэнду, а дзяржава змагалася б з нявыплатай падаткаў, то тады ўрад мог бы пакінуць 5 % падатку на суму, якая не перавышае два сярэднія заробкі, а тое, што больш за два сярэднія заробкі, можна было б абкладаць 13 %. І гэта было б падтрыманнем невялікага бізнесу. Бо калі ў чалавека ёсць невялікі прыбытак, то ёсць і палёгка, а калі нехта зарабляе болей, то і заплаціць адпаведна болей. Але мы бачым зусім іншую сітуацыю. Для дзяржавы, для Мінфіну важна выцягнуць максімальную колькасць падаткаў, кажа Уладзімір Кавалкін. І гэта стварае дадатковыя праблемы ў грамадстве.

«Справа ў тым, што ў нашай краіне людзі плацяць падатак, але не маюць голасу ў справе таго, як гэты падатак размяркоўваецца. У грамадзянаў забіраюць грошы, і яны ідуць не на патрэбы людзей, а туды, на што вырашыць Лукашэнка, напрыклад. Калі б сродкі ішлі на тыя мясцовасці, дзе жывуць людзі, то гэта не было б такой праблемай. Бо сродкі вярталіся б людзям. То бок, рамантаваліся б дарогі, рабіліся б дзіцячыя пляцоўкі, садкі, палепшылася б медыцына. Але людзі ў нас не могуць на гэта паўплываць», – кажа Уладзімір Кавалкін.

Hавiны
Новыя падаткі, цэны і пенсійны ўзрост. Чым пагражае беларусам студзень 2022 года
2022.01.03 13:10

Пры гэтым існуе аксіёма ў сучасным грамадстве: чым большы падатак, тым больш ствараецца схемаў дзеля таго, каб не плаціць грошай дзяржаве. І павелічэнне падаткаў прывядзе ў Беларусі таксама да гэтага, кажа суразмоўца «Белсату».

«Людзі будуць хаваць свае прыбыткі. Дзяржава яшчэ ў 1990-я гады ўвяла падатак памерам 5 % дзеля таго, каб у грамадстве змянілася культура сплаты падаткаў. З часам гэта прывяло да зменаў у свядомасці людзей. Але цяпер дзяржава пачынае адкручваць назад, адбываецца вяртанне ў 1990-я гады. Людзі будуць сыходзіць у цень, будуць хаваць свае прыбыткі. З’явяцца шэрыя і карупцыйныя схемы. З’явіцца і чорны рынак. Відавочна, што чалавек, які сваёй працай зарабляе прыкладна 500 долараў і будзе вымушаны з гэтага аддаць дзяржаве 200, то значную частку будзе хаваць, пачне плаціць са 100 долараў падаткі, будзе выкарыстоўваць шэрыя схемы», – кажа Уладзімір Кавалкін.

З аднаго боку, дзяржава адбірае грошы, а з іншага – не дае якасных паслугаў. Жыццё не паляпшаецца, то ўзнікае пытанне: а за што і навошта плаціць? Увогуле будуць такія сітуацыі, што ў людзей не будзе сэнсу працаваць з такім памерам падаткаў. Будуць стварацца схемы абыходу касавых апаратаў, рахункаў. І гэта будзе працаваць нават з разлікамі з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Людзі згадаюць, як яны працавалі ў 1990-я гады, перакананы Уладзімір Кавалкін.

Hавiны
Новыя падаткі, цэны і пенсійны ўзрост. Чым пагражае беларусам студзень 2022 года
2022.01.03 13:10

ВС belsat.eu

Стужка навінаў